Вось свежы прыклад з «Нашай Нівы». Пад пастом з выказваннямі кіраўніка «Байпола» Азарава за некалькі секундаў дадалося 97 дызлайкаў агіды. Час ішоў, колькасць іншых лайкаў і дызлайкаў мянялася, а гэтых — не. 

Анамальныя лайкі мы за апошнія дні канстатавалі пад пастамі пра каліноўцаў, Байпол, Ціханоўскую, Сахашчыка, Лукашэнку, а таксама постаць Кастуся Каліноўскага.

Вось анамальныя дызлайкі пад пастом пра знаходку невядомых раней тэкстаў Каліноўскага. Сярод звычайнай аўдыторыі «Нашай Нівы» ніхто б па ўласнай волі не ставіў дызлайка на гістарычную знаходку.

А тут анамальныя лайкі залпам з'явіліся пад інфармацыяй пра арышт чалавека. Звычайна толькі рэдкія мізантропы лайкаюць навіну, што некага арыштавалі.

Дызлайкі залпам падцягнуліся пад пастом пра карціну з беларускімі сцягамі, намаляваную робатам.

Нехарактэрныя лайкі з'явіліся ўмомант пад гэтай інфармацыяй пра Байпол.

Пад пазіцыяй кіраўнікоў Фінляндыі і Эстоніі дызлайкі таксама выраслі за лічаныя секунды.

А вось у гэтай апытанцы прыкладна праз пяць хвілін пасля яе публікацыі за хвіліну прырасло каля 400 галасоў за пункт «Кепскае рашэнне». У выніку ён на кароткі час дацягнуў да 30% галасоў, але ў выніку сабраў толькі 8% прыхільнасцяў. Без накруткі за яго выказалася б толькі 3% рэспандэнтаў.

У ТГ @Nashaniva мы назіралі такія накруткі пакуль толькі ў працоўныя дні.

Аналагічныя накруткі лайкаў назіраюцца ў многіх вялікіх незалежных медыя і папулярных каналах актывістаў, прыкладам, у «МотолькоПомоги», «Зеркале» і «Трыбуне».

Можна дапусціць варыянт, што ў гэтых «спецаперацыях» можа быць задзейнічаны «інфаспецназ», але рэальнасць, напэўна, прасцейшая. У Расіі працуюць спецыяльныя канторы, якія накручваюць лайкі за грошы. Выглядае, што лукашэнкаўцы ці іх расійскія апекуны пачалі купляць такія лайкі для беларускіх рэсурсаў. Танна, а стварае ўражанне грамадскай думкі.

Улічвайце гэта, калі аналізуеце ўспрыманне тых ці іншых матэрыялаў у інтэрнэце. 

Клас
63
Панылы сорам
58
Ха-ха
36
Ого
4
Сумна
3
Абуральна
32