Фота: Unsplash / Cody Black.

Фота: Unsplash / Cody Black.

Вядома, што кожны з асноўных элементаў, якія змяшчае марская вада, аказвае на наш арганізм гаючае ўздзеянне. Магній умацоўвае імунітэт, кальцый — касцяную тканку, калій нармалізуе крывяны ціск, ёд рэгулюе абмен рэчываў, а бром супакойвае нервовую сістэму.

Прагулка па беразе мора, адпачынак на пляжы і шум хваль супакойваюць і запускаюць эфект аднаўлення. Гэтая любоў да вады глыбока ўкаранілася ў чалавеку і бярэ пачатак з тых часоў, калі людзі пачалі перасоўвацца па свеце. Яны блукалі па ўзбярэжжах рэках, трымаючыся блізка да вады.

— Кантакт з вадой заўсёды даваў нам пачуццё бяспекі, гэта было звязана з крыніцай доступу да рэсурсаў, якія задавальнялі нашы асноўныя патрэбы, такія як ежа або прытулак, — кажа Onet.pl Матэвуш Банашкевіч, псіхолаг з універсітэта гуманітарных і сацыяльных навук у Варшаве (SWPS).

Лекі не толькі ад меланхоліі

Уздзеянне на здароўе знаходжання на марскім узбярэжжы стала зразумелае ў 19 стагоддзі. Лекары прапісвалі марское паветра ў якасці лекаў ад розных праблем — ад лёгачных ускладненняў да псіхічных захворванняў, уключаючы меланхолію. Таксама ў моду ўвайшлі паходы на вадаёмы, дзе прыроднымі водамі лячылі розныя хваробы. Найноўшыя даследаванні даказваюць, што знаходжанне на беразе мора ці возера прыносіць расслабленне і дазваляе аднавіць душэўную раўнавагу. Нават на інтуітыўным узроўні мы шукаем месца для адпачынку бліз вады.

Калі мы слухаем шум фантана, гэта можа нам дапамагчы адгарадзіцца ад паўсядзённага шуму, у тым ліку ад чалавечых галасоў, якія лічацца асноўнай крыніцай стрэсу на працы. Размова ля сажалкі або пляжа, дзе хвалі плёскаюцца аб бераг, становіцца больш прыватнай і інтымнай. Навукоўцы заўважылі, што людзі, якія правялі час каля вады, потым лепш спяць. У пошуках запісаў гукаў, што дапамогуць вам засынаць, заўсёды ёсць гукі дажджу, акіяна або цячэння ручая. Навукоўцы з Northwestern University даказалі, што людзі, якія засыналі, слухаючы шум вады, мелі не толькі больш глыбокі сон, але і лепш запомнілі падзеі мінулага дня.

Падарожная тэрапія

Доктар Уоллес Дж. Нікалс, марскі біёлаг і аўтар кнігі «Blue Mind», называе пачуццё спакою, якое мы адчуваем ля вады, «блакітным розумам» — шанцам адгарадзіцца ад хуткасці сучаснага жыцця і пабыць хоць на імгненне на самоце. Адно з даследаванняў, якое паказвае карысны ўплыў адпачынку ля мора на наша псіхічнае здароўе, было апублікаванае тры гады таму ў часопісе Scientific Reports. Даследаванне ахапіла больш за 16 тыс. людзей і даказала, што людзі, якія наведалі ўзбярэжжа цягам апошняга месяца, былі больш шчаслівымі і паведамлялі пра менш праблем з псіхічным здароўем, чым асобы, якія не былі на ўзбярэжжы.

Добрае самаадчуванне ўплывае на здароўе сэрца. У 2019 годзе навукоўцы пад кіраўніцтвам доктара Брайса Грусака з універсітэта Syracuse у ЗША запрасілі ў лабараторыю 63 асобы. Рабілі аналізы — мералі ціск, цукар у крыві, халестэрын і трыгліцерыды. Павышаны ўзровень гэтых рэчываў і артэрыяльны ціск сведчылі аб метабалічным сіндроме, які спрыяе інфарктам і інсультам. Затым даследчыкі папрасілі добраахвотнікаў запоўніць анкету аб паездках у адпачынак. Аказалася, што з кожным чарговым адпачынкам рызыка развіцця метабалічнага сіндрому зніжалася амаль на чвэрць.

За акном порт альбо пляж

Адзін толькі позірк на мора аказвае лячэбны эфект. Гэта даказалі навукоўцы з University of Exeter, якія прааналізавалі стан здароўя 1000 пажылых людзей, жыхароў розных рэгіёнаў Ганконга. Даследаванне паказала, што людзі, якія бачаць са свайго акна гавань, узбярэжжа або пляж, адчуваюць сябе лепш і менш схільныя да дэпрэсіі, чым людзі, якія гэтага не бачаць.

— Іншыя даследаванні паказваюць, што нават прагляд фатаграфій мора, ракі ці возера паляпшае некаторыя параметры здароўя, напрыклад, зніжае ўзровень стрэсу. Гэта сведчыць пра тое, што наша нервовая сістэма добра рэагуе на ўсё, што звязана з прыродным асяроддзем, — падсумоўвае Матэвуш Банашкевіч.

Клас
45
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
6
Сумна
3
Абуральна
4