Зяленскі ў відэазвароце позна ўвечары ў сераду заявіў, што Расія страціла дзевяць баявых самалётаў у Крыме.
Спадарожнікавыя здымкі, апублікаваныя Planet Labs PBC і Maxar Technologies паказваюць авіябазу ў Навафёдараўцы да і пасля выбухаў у аўторак. На пазнейшых здымках відаць некалькі пашкоджаных або разбураных самалётаў.
Сайт Oryx, які правярае знішчаную тэхніку з дапамогай фатаграфій і відэа, прыйшоў да высновы, што былі знішчаныя чатыры знішчальнікі Су-30СМ, а таксама пяць ударных самалётаў Су-24М і самалёт-разведчык Су-24МР.
Магчыма, і іншыя самалёты былі пашкоджаныя асколкамі, што таксама робіць іх непрыдатнымі для выкарыстання.
Міністэрства абароны Расіі заявіла, што выбухі былі выкліканыя выбухам боепрыпасаў, і што ніякага абстрэлу базы не было. Паводле расійскага міністэрства, самалёты, дыслакаваныя там, не пацярпелі.
Украінскія афіцыйныя асобы паведамілі амерыканцам, што прадстаўленая ЗША зброя і абсталяванне не выкарыстоўваліся ў Крыме.
Выбухі паднялі маральны дух Украіны, бо раней Крым лічыўся недасягальным для ўкраінскай зброі. Украінскія афіцыйныя асобы працягваюць кпіць з Расіі ў сувязі з інцыдэнтам.
«Інстытут вывучэння вайны» заявіў у сваёй справаздачы, што расійскія афіцыйныя асобы, падобна, былі збітыя з панталыку тым, як украінцы нанеслі ўдар так глыбока за лініяй фронту.
Украіна заяўляе, што Расія абстрэльвае яе тэрыторыю з найбуйнешай у Еўропе атамнай АЭС. Зяленскі ў сваёй прамове заклікаў хаўруснікаў узмацніць санкцыі супраць Расіі ў адказ на ядзерны шантаж.
Масква, у сваю чаргу, абвінаваціла Украіну ў нанясенні ўдару па ядзерным аб'екце, назваўшы гэтыя дзеянні формай «ядзернага тэрарызму».
Хоць эксперты МАГАТЭ ацанілі, што непасрэднай пагрозы ядзернай бяспецы няма, сітуацыя «можа змяніцца ў любы момант».
Тым часам Міністэрства абароны Беларусі абвергла паведамленні аб гучных выбухах і яркіх успышках на аэрадроме ў Зябраўцы Гомельскай вобласці. Па словах прадстаўнікоў Міністэрства абароны Беларусі, у сераду ўвечары ў рухавіку абсталявання ўзнік пажар, і персанал патушыў яго. Аднак тое, што расказваюць жыхары навакольных населеных пунктаў, не супадае з версіяй беларускага Мінабароны.
Чытайце таксама: «Прачнуліся ад выбухаў і сполахаў, думалі — вайна». Што кажуць жыхары Гомеля пра здарэнне ў Зябраўцы
На фоне ваенных дзеянняў судна, якое павінна даставіць груз збожжа ў Эфіопію, адправілася ва Украіну ў чацвер у рамках пагаднення з Расіяй і Турцыяй аб аднаўленні экспарту ўкраінскага збожжа.
Чакаецца, што судна загрузіць 23 000 тон збожжа.
Дванаццаць судоў, якія перавозяць больш за 375 000 тон збожжа, пакінулі Украіну з 1 жніўня, паведамляе ААН.





