Фота: БелТА.

Фота: БелТА.

Ліпень і жнівень — звыклыя месяцы, калі лукашэнкаўская прапаганда пераключаецца на тэму ўборкі збожжа ў краіне. Дзяржаўныя каналы нястрымна даюць справаздачы чарговай «бітвы за ўраджай». Прапаганда надае непрапарцыйна вялікую ўвагу гэтай галіне эканомікі, поспехі якой сумніўныя. Суседнія краіны з падобнымі кліматычнымі ўмовамі спакойна збіраюць большыя ўраджаі.

У Беларусі Лукашэнка асабіста інспектуе гаспадаркі і раздае ўсім парады. Прапагандысты следам за ім паўтараюць, што ўлады зрабілі правільна, калі ўзялі курс на падтрымку сельскай гаспадаркі. Маўляў, у свеце зараз голад, а ў нас усё будзе добра, бо мы самі сябе забяспечым. Адначасова з гэтым лукашэнкаўцы крытыкуюць тых, хто звяртае ўвагу на паказушнасць «бітваў за ўраджай», абвінавачваючы іх у тым, што яны хочуць прынесці ў Беларусь голад і развал.

Пры гэтым прапаганда цалкам ігнаруе той факт, што ніякага голаду ці праблем з харчамі няма ні ў суседніх краінах, ні ў Еўропе агулам, а беларуская сельская гаспадарка прайграе на фоне суседзяў. 

Яшчэ адна мантра Лукашэнкі: калі людзі не могуць забяспечыць сябе прадуктамі харчавання, няма чаго гаварыць аб суверэнітэце і незалежнасці. 

Вось што ён кажа:

«Пасля распаду Савецкага Саюза людзі галадалі, есці не было чаго. (Насамрэч, гэта хлусня. Наадварот, з распадам СССР у большасці рэспублік знік дэфіцыт харчовых тавараў, хаця эканамічная сітуацыя заставалася цяжкай. — НН)

Калі людзі не накормлены, не могуць сябе забяспечыць прадуктамі харчавання, няма чаго гаварыць аб суверэнітэце, незалежнасці і наогул аб існаванні.

Таму мы тады ўчапіліся ў некаторыя галіны. Мы захоўвалі традыцыйныя нашы напрамкі вытворчасці, супрацоўніцтва, школы, але мы нямала зрабілі для таго, каб накарміць і апрануць людзей. Адсюль развіццё сельскай гаспадаркі», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з губернатарам Пермскага края Расіі Дзмітрыем Махоніным.

Тлумачым, чаму такая ізаляцыянісцкая логіка не працуе ў сучасным свеце. 

Імпарт харчавання не абавязкова азначае, што краіне пагражае голад ці небяспека. Насамрэч, многія з найбуйнейшых у свеце краін-імпарцёраў харчавання таксама з'яўляюцца аднымі з самых багатых у свеце. Сярод іх ЗША, Кітай, Нямеччына, Японія і Вялікабрытанія.

Важна адзначыць, што краіны-імпарцёры спакойна маглі б сябе забяспечыць харчаваннем, калі б яны паставілі такую мэту. Але ў гэтым проста няма эканамічнага сэнсу. Харчаванне імпартуецца для стварэння большай разнастайнасці для спажыўца, а не для прадухілення голаду сярод насельніцтва. Большая разнастайнасць харчавання гарантуе лепшую якасць жыцця, а таксама з’яўляецца прыкметай дабрабыту. 

Напрыклад, ЗША — адзін з найбольшых у свеце вытворцаў сыроў. Але амерыканцы вырабляюць пераважна чэдар, прадаюць яго ў іншыя краіны і ў сваю чаргу закупаюць у Еўропе сыры іншых гатункаў, каб у спажыўца быў шырокі выбар.

Сама ідэя, што нейкая краіна павінна імкнуцца да аўтаркіі ў сельскай гаспадарцы, абсурдная. Беларусь, пры ўсім жаданні, ніколі не забяспечыць сябе авакада ці лімонамі, альбо свежай трапічнай садавіной ў зімні перыяд. 

Існуе і такая рэч, як спецыялізацыя вытворчасці. Краіны факусуюцца на вытворчасці таго, што ў іх атрымліваецца танней або якасней, чым у канкурэнтаў. Напрыклад, чыста тэарэтычна, пры вялікім жаданні ўмоўная Польшча магла б паспрабаваць цалкам забяспечваць сябе ўласнымі абрыкосамі. Але якой была б цана і якасць гэтых абрыкосаў? Вядома, прасцей і эфектыўней вырасціць больш яблык, прадаць іх, а на ўтаргаваныя грошы купіць абрыкосы ў Італіі ці Узбекістане. 

Нават такія вялікія агравытворцы, як Бразілія (якая прадае харчоў у разы больш, чым купляе), не імкнецца вырошчваюць у сябе ўсё. Напрыклад, Бразілія з’яўляецца вялікім імпарцёрам пшаніцы, хаця чыста тэарэтычна магла б і сама яе вырошчваць. Бразільцы добра разумеюць, што ў рамках міжнароднага падзелу працы больш эфектыўна завозіць пшаніцу з суседняй Аргенціны, а самім засяродзіцца на вырошчванні і экспарце значна больш прыбытковых для Бразіліі культур — кукурузы і соі. І Бразілія ад гэтага не стане менш незалежнай. 

Спецыялізацыя краін залежыць не толькі ад клімату, але і ад характару таварнага рынку, кампетэнцый бізнэсу, кошту рабочай сілы і лагістыкі, нацыянальных асаблівасцяў у попыце на прадукты харчавання.

Існуе і такая рэч, як сезоннасць. І класічны прыклад тут бульба. У Беларусі часта можна сустрэць імпартную маладую бульбу. Але не таму, што ў Беларусі не могуць вырошчваць бульбу, а таму, што ў розных рэгіёнах бульба можа расці ў розныя сезоны. І заўсёды лепш, каб у чалавека быў доступ да свежых прадуктаў. 

Ёсць прадукты, якія Беларусь будзе заўсёды вымушаная імпартаваць і ад імпарту якіх адмаўляцца нерацыянальна. Вядома, што мы заўсёды будзем завозіць бананы і какосы, і нічога трагічнага ў гэтым няма. Неразумна марнаваць сілы і рэсурсы на вытворчасць у нашай краіне таго, што ўжо даўно і паспяхова вырабляецца ў іншых краінах. Прасцей гэта купіць на грошы, атрыманыя ад экспарту нашых тавараў. 

Калі аграрыі інтэграваныя ў сусветны гандаль, калі краіна імпартуе нейкія прадукты, гэта ніяк не абмяжоўвае суверэнітэт, а, наадварот, узмацняе яго. У такой краіны больш шырокі выбар магчымасцяў, бо рынак прадуктаў канкурэнтны, ты можаш купляць у розных вытворцаў. Краіна менш залежыць ад капрызаў манапалістаў і ўнутраных праблем (у выглядзе неўраджайнасці ці палітычнай нестабільнасці). Такая дзяржава можа больш гнутка рэагаваць на глабальныя крызісы і выклікі.

Фота: БелТА.

Фота: БелТА.

А вось калі ты арыентуешся выключна на ўнутраны рынак альбо на рынак краіны з імперыялістычнымі амбіцыямі, якая выкарыстоўвае гандаль як геапалітычную зброю, складваеш усе яйкі ў адзін кошык, ды яшчэ на 100% залежыш ад гэтай краіны ў энергарэсурсах — то тут ты рэальна не можаш прэтэндаваць на самастойнасць.

Клас
85
Панылы сорам
5
Ха-ха
4
Ого
1
Сумна
6
Абуральна
6