«Беларусь уваходзіць у пералік сусветных лідараў па экспарце ІТ-паслуг на душу насельніцтва, а мабільныя дадаткі, створаныя рэзідэнтамі ПВТ, выкарыстоўваюць больш за мільярд людзей больш як у 190 краінах свету. Сярод іх — Viber, MSQRD, MAPS.ME, Flo і многія іншыя», — вось што патрабавалася ведаць і пашыраць беларускім ідэолагам у ліпені. Гэта цытата з матэрыялаў для «Адзінага дня інфармавання». 

Але большасць пералічаных брэндаў з'ехалі з Беларусі. Так, яшчэ ў жніўні 2020-га Viber абвясціў, што спыняе інвестыцыі ў Беларусь і закрывае офіс. 

«Тое рашэнне, якое мы прынялі, было дзеля бяспекі нашых супрацоўнікаў. Таму што двое нашых супрацоўнікаў былі арыштаваныя. Арыштаваны таксама быў бацька аднаго з супрацоўнікаў. Усе трое апынуліся пад арыштамі без відавочных прычын. […] Адзін знаходзіўся побач з месцам, дзе арыштоўвалі іншых, другі быў назіральнікам на выбарчым участку. Ён задаў некалькі пытанняў, і праз 20 хвілін яго арыштавалі. У гэтым страху немагчыма прыняць правільнае рашэнне. […] Viber закранула гэтая жорсткасць, мы ахвяра гэтага гвалту», — казаў у інтэрв'ю Forbes гендырэктар Rakuten Viber Джамел Агаўа. 

Стваральнік MAPS.ME Юрый Мельнічак таксама ўжо даўно не з'яўляецца ў Беларусі, прадаўшы дом пад Лагойскам і эвакуяваўшы супрацоўнікаў. 

У 2020-м ён абсалютна празрыста выказаўся пра рэжым. 

«Бандыты ў масках і АМАП на вуліцах нашых гарадоў збіваюць бяззбройных людзей: нашых сяброў і калег, мірных пратэстоўцаў, падлеткаў і пенсіянераў. […] Нармальная рэакцыя на гвалт — бі або бяжы.

Беларусы абралі сваім прэзідэнтам Святлану Ціханоўскую. Памагатыя дыктатуры скралі нашы галасы і спрабуюць забраць нашы грамадзянскія правы. Міліцыя замест таго, каб абараняць людзей, іх жорстка збівае. КДБ і СК замест абароны інтарэсаў свайго народа і пошуку злачынцаў ладзяць палітычныя рэпрэсіі» — напісаў Юрый Мельнічак у сваім фэйсбуку.

Кампанія-стваральнік Flo пакрысе перавезла свой офіс і супрацоўнікаў у Вільню і дзейнічае ў Еўрасаюзе. 

Невядома, ці трапіў праз гэта хоць адзін з ідэолагаў у няёмкую сітуацыю. 

Клас
14
Панылы сорам
14
Ха-ха
53
Ого
2
Сумна
4
Абуральна
4