Пяты дзень суда па «справе змоўшчыкаў» пачаўся з допыту сведак. Першымі пачалі даваць паказанні ў судзе сведкі, якіх выклікаў бок абвінавачвання. Паказанні даў муж абвінавачанай Вольгі Галубовіч, ён грамадзянін Малдовы, але жыве і працуе ў Беларусі.

Адказваючы на пытанні пракурора, муж абвінавачанай пацвердзіў інфармацыю пра тое, што яго жонка атрымлівала і перадавала грошы ад Юрыя Зянковіча, частка якіх, як устанавіла следства, ішлі на аплату штрафаў пратэстоўцаў.

Паводле яго словаў, за паслугі Вользе Галубовіч плацілі кожны месяц па 200 даляраў.

Муж Галубовіч таксама распавёў суду, што чуў інфармацыю пра тое, што Зянковіч планаваў ствараць у Беларусі «партыю візіянераў».

На судзе ён адзначыў, што папярэджваў жонку, каб яна «баялася ўключэння ў палітычную дзейнасць». Муж Галубовіч удакладніў, што грошы ад Зянковіча яны хавалі ў выглядзе «закладак», у тым ліку адна з іх была на могілках, там яны схавалі пяць тысяч даляраў.

Абвінавачаны Краўчук у судзе заявіў, што пазнаў сведку — ён з ім сустракаўся пару разоў у верасні 2020 года, атрымаў грошы ў памеры двух тысяч даляраў, пасля чаго адвёз іх на вакзал і паклаў у ячэйку камеры захоўвання.

Таксама сёння ў суд для дачы паказанняў выкліканая сведка з боку абароны Аляксандра Фядуты, філосаф Вольга Абрамава. Яна распавяла суду, што знаёмая з Фядутам з 1993 года, тады яны пазнаёміліся ў кулуарах тэлестудыі, калі прымалі ўдзел у перадачы. Паводле яе словаў, Фядута ўжо тады выказваўся за мірныя рэформы.

«Ён чалавек тонкай душэўнай арганізацыі і старамоднага этыкету. Ён заўсёды пры сустрэчах з жанчынамі цалаваў ім ручкі», — сказала Абрамава.

Яна адзначыла, што Фядута не быў радыкалам і не імкнуўся да ўлады, гэта не было яго мэтай:

«Фядута — чалавек прынцыпаў, ён заўсёды быў прыхільнікам мірных перамен і ніколі не імкнуўся да ўлады. Улада ніколі не была самамэтай. Ён ніколі не быў радыкалам».

Адказваючы на пытанне пракурора, Абрамава заявіла, што, на яе думку, Фядута ніколі не помсціў за тое, што яму давялося больш за 20 гадоў таму сысці з пасады з адміністрацыі прэзідэнта. Яна таксама выказала сваё стаўленне да таго, што ён быў затрыманы:

«У мяне быў шок, як ён мог здзейсніць такое глупства з такой структурай асобы».

На яе думку, яго ў гэтае злачынства ўцягнуў Дзмітрый Шчыгельскі.

Адказваючы на пытанне пракурора пра тое, для чаго яму патрэбны быў Фядута, Абрамава сказала: «Мазгі».

Клас
3
Панылы сорам
39
Ха-ха
8
Ого
3
Сумна
12
Абуральна
2