Фота: pixabay.com

Фота: pixabay.com

Дэніэл Кіз «Кветкі для Элджэрнана» (Flowers for Algernon)

Пачнем з сур’ёзнай, кранальнай і пранізлівай гісторыі ў жанры навуковай фантастыкі. У пасляваенным ЗША жыве Чарлі Гордан, прыбіральшчык, якому крыху за 30. Чарлі мае разумовую адсталасць, але вельмі хоча развіваць свой інтэлект і таму пагаджаецца на рызыкоўны эксперымент, які павінен зрабіць яго разумнейшым. Аперацыя, як здаецца, праходзіць паспяхова, але яе наступствы мяняюць у жыцці Чарлі ўсё, бо не ўсе згодныя прыняць хлопца новым.

«Кветкі для Элджэрнана» лічаць кнігай, якая вучыць чалавечнасці. Вачыма маладога амерыканца мы бачым грамадства, якое не церпіць крайнасці, і людзей, якія хоць крыху адрозніваюцца ад іншых. Але ж вопыт Чарлі паказвае, што і сярод іх можна знайсці блізкую душу, і добрае сэрца ў гэтым важнейшае, чым наяўнасць навуковых ступеняў.

Трумен Капотэ «Сняданак ля Тыфані» (Beakfast at Tiffany's)

Вы маглі ведаць гэтую гісторыю па знакамітым фільме 1961 года з галівудскай легендай Одры Хёпберн. Насамрэч сама кніга, па якой быў зняты фільм, дужа ад яго адрозніваецца, але ж з’яўляецца не менш цікавай.

Гэта гісторыя таго, як у пачатку 1940-х у Нью-Ёрку сябравалі двое людзей: 18-гадовая Холі Галайтлі і старэйшы за яе пісьменнік, імя якога невядомае. Спачатку Холі падаецца яму фанаткай вечарын ды легкадумнай дзяўчынай, але пазней ён пачынае бачыць, што за яе эксцэнтрычнасцю хаваецца душа чалавека, які шмат чаго перажыў, — і гэтае знаёмства пакідае вялікі след у яго жыцці.

Энтані Бёрджэс «Завадны апельсін» (A Clockwork Orange)

Вельмі незвычайная кніга, па якой быў зняты фільм геніяльнага Стэнлі Кубрыка. Лонданскія працоўныя («кокні») старэйшага пакалення кажуць пра незвычайныя ці дзіўныя рэчы, што яны «крывыя, як завадны апельсін», і менавіта ў такую істоту ператварыўся галоўны герой гэтай кнігі.

Размова пра падлетка Алекса, які ў свае юнацкія гады ўжо стаў разам з сябрамі гразой спакою мірных лонданцаў. Калі хлопец нарэшце трапляе ў турму, яму прапануюць волю ўзамен на эксперымент: ён выйдзе з турмы з «прамытымі мазгамі», то-бок няздольны на любы гвалт і на тое, каб займацца сэксам і слухаць 9-ю сімфонію Бетховена (не пытайцеся чаму). Далейшы яго лёс — магчымасць падумаць для нас усіх пра тое, ці магчыма рабіць выбар за іншага чалавека і чаго вартае дабро, калі яно робіцца толькі праз немагчымасць рабіць зло.

Антуан дэ Сэнт-Экзюперы «Маленькі прынц» (Le Petit Prince)

Добры варыянт для тых, хто жадае адкласці сур’ёзныя кнігі і пачытаць (ці перачытаць) нешта простае і мінімалістычнае, але ад гэтага не менш глыбокае. Вядома, вы памятаеце гэтую гісторыю: хлопчык, што кліча сябе Маленькім прынцам, сустракаецца на Зямлі з безыменным пілотам і расказвае яму пра свае падарожжы. Усе вобразы кнігі — глыбокія метафары, за якімі лёгка знайсці нешта сваё: прыгожая, але капрызная ружа, кароль, якому здаецца, што ён кіруе зоркамі, прагны да славы чалавек, які хоча, каб ім натхняліся, і іншыя.

Фота: flickr.com

Фота: flickr.com

Пярліна гэтай кнігі — яе цытаты. Магчыма, самая папулярная гучыць так: «Зоркае толькі сэрца. Самага галоўнага вачыма не ўбачыш».

Альбер Камю «Чужы» (L'Étranger)

Гэты твор — пра чалавека, які заставаўся чужым у кожным эпізодзе свайго жыцця. Француз Мерсо, які працуе чыноўнікам у Алжыры, страчвае сваю маці, і на наступны дзень пасля гэтага знаходзіць сабе каханку. Праз нейкі час у сутычцы з арабамі Мерсо без прычыны забівае аднаго з іх і трапляе ў турму.

Распачынаецца доўгае следства, і навакольныя шукаюць адказ на тое, што ж прымусіла Мерсо здзейсніць забойства, але адказу няма. Абыякавы злачынца ці чалавек, якога проста не разумее свет? «Чужы» не дае лёгкіх адказаў, а прапануе шукаць іх у творы і ў сабе самастойна.

Эрнэст Хемінгуэй «Стары і мора» (The Old Man and the Sea)

Стары кубінец Санцьяга зарабляе на жыццё лоўляй рыбы, толькі вось бяда — ужо 84 дні ён не можа нічога злавіць. Нарэшце на 85 дзень мужчыне на вуду трапляецца гіганцкая рыбіна памерам 5,5 метра, але Санцьяга не здольны сам давезці такую здабычу дахаты, і рыба ўносіць лодку далёка ў мора. Там і распачынаецца іх схватка.

Калі ў верасні 1952 года «Стары і мора» выйшаў на старонках часопіса Life, выданне (5 мільёнаў экзэмпляраў!) раскупілі за два дні. За гэтую кнігу Хемінгуэй атрымаў Пулітцараўскую і Нобелеўскую прэмію, і, вядома, яе дагэтуль чытаюць ва ўсім свеце.

Джэк Керуак «У дарозе» (On the Road)

Кажуць, што першы рукапіс гэтай кнігі выглядаў проста дзіка. Керуак прынёс у рэдакцыю рулон паперы даўжынёй у 147 метраў, запоўнены тэкстам, і нідзе ў гэтым тэксце не было знакаў прыпынку. Аказалася, што тое была будучая класіка амерыканскай літаратуры.

Гэта гісторыя бабніка і п’яніцы Дзіна Марыярці, які едзе на сваім старым мустангу праз усе Штаты, слухае джаз, выпівае ў барах і ні ў чым сябе не абмяжоўвае. Жыццё Дзіна збольшага бесклапотнае і яркае, як вечнае лета, але ж паглядзіце глыбей і вы пабачыце боль. Чаму ж Дзін не можа не быць у дарозе, ад чаго бяжыць гэты амерыканец?

Рычард Бах «Чайка па імені Джонатан Лівінгстан» (Jonathan Livingston Seagull)

У гэтым расказе ўсяго некалькі дзясяткаў старонак, так што вы праглынеце яго вельмі хутка. У дадатак, гэта яшчэ адна кніга пра мора, таму і з яе вы атрымаеце крышку летняга настрою.

Чайка Джонатан Лівінгстан, у адрозненне ад сваіх суродзічаў, не хоча траціць жыццё на пошук пракармлення, яму важна вывучаць палёт і ўдасканальвацца ў ім. У нейкі момант чайку выганяюць з чарады, але ж для Джонатана Лівінгстана гэта робіцца толькі крокам да самаўдасканальвання.

Фрэнсіс Скот Фіцджэральд «Вялікі Гэтсбі» (The Great Gatsby)

Знакамітая кніга пра раскошу жыцця заможных амерыканцаў у век джаза, твор, па якім пастаўлена ажно пяць фільмаў. У 1920-я, калі грамадства спажывання толькі нараджалася і ЗША перажывала эканамічны бум, у «Вялікім Гэтсбі» Фіцджэральд крытыкаваў лішнія грошы, што часам перашкаджаюць чалавеку бачыць галоўнае ў жыцці.

Джэй Гэтсбі — таямнічы багацей з Нью-Ёрка, які арганізуе самыя гучныя вечарыны ў акрузе. Але ўсё, што ён толькі робіць, мае пад сабой адну мэту: прыцягнуць увагу канкрэтнай жанчыны. На жаль, да любоўнай драмы тут прымешваецца дэтэктыў, і развязка будзе не самай простай — хаця, з іншага боку, адзінай магчымай.

Харпер Лі «Забіць перасмешніка» (To Kill a Mockingbird)

Скончым падборку прыгожай гісторыяй маленькай амерыканкі Джын-Луізы Фінч, якая жыве на поўдні ЗША разам з бацькам-адвакатам і братам. Шасцігадовая дзяўчынка праводзіць лета ў гульнях з братам і сябрам, а паралельна з гэтым яе бацька займаецца справай чарнаскурага хлопца, які нібыта згвалціў дзяўчыну. У Амерыцы трыццатых гадоў гэтая справа заведама пройгрышная.

Чытачы па ўсім свеце палюбілі гэтую кнігу за гумар і цяпло, як і за тое, з якой любоўю Харпер Лі паказвае свет вачыма дзіцяці. «Амаль усе людзі добрыя, калі іх нарэшце зразумееш», — кажа маленькая Джын-Луіза. Здаецца, гэтыя словы блізкія і самой Харпер Лі.

Поўны болю верш Насты Кудасавай: Я прашу цябе, едзь адсюль, я прашу, бяжы!

«Паглядзіце на наша тэлебачанне — як з іх не смяяцца?» Журналіст Аляксандр Чарнуха — пра дэбютны раман «Свінні», рускі свет і «Анлайнер»

Клас
26
Панылы сорам
5
Ха-ха
0
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
4