Па словах Блінкена, ён плануе абмеркаваць з Лаўровым «важную прапанову», зробленую амерыканскім бокам некалькі тыдняў таму. Яна тычыцца вызвалення двух незаконна затрыманых у Расіі грамадзян ЗША — Пола Уілана і баскетбалісткі Брытні Грэйнер.

Уілана з 2018 года трымаюць у расійскім СІЗА паводле абвінавачвання ў шпіянажы, а Грэйнер затрымалі ў лютым гэтага года за нібыта незаконны ўвоз наркотыкаў: гаворка ідзе пра канабіоідны алей, які спартоўка набыла ў ЗША па рэцэпту.

Дзяржсакратар не ўдакладніў, пра што пойдзе гаворка, але, паводле звестак крыніц CNN, прэзідэнт Джо Байдэн падтрымаў ідэю абмяняць Уілана і Грэйнер на асуджанага ў ЗША расійскага гандляра зброяй Віктара Бута.

Акрамя таго, Блінкен хоча абмеркаваць з Лаўровым нядаўна падпісанае пагадненне аб разблакаванні экспарту ўкраінскага збожжа Чорным морам. Пры гэтым кіраўнік амерыканскай дыпламатыі падкрэсліў, што «абмеркавання Украіны без Украіны» з Лаўровым не будзе.

Апошні раз дзяржаўны сакратар ЗША і міністр замежных спраў Расіі вялі тэлефонныя перамовы 12 лютага, за два тыдні да поўнамаштабнага расійскага наступлення на Украіну. У Дзярждэпе тады паведамілі, што Блінкен выказаў Лаўрову асцярогі ЗША з нагоды таго, што Расія можа пачаць новую ўзброеную агрэсію супраць Украіны ў найбліжэйшыя дні.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
3
Сумна
1
Абуральна
4