Мікалай Казлоў, сённяшні старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі
27 ліпеня стала вядома, што затрыманыя старшыня АГП Мікалай Казлоў і старшыня мінскай арганізацыі партыі Аксана Аляксеева. Казлова затрымалі раніцай у Нясвіжы, дзе ён быў у сваёй маці.
«У мяне тры версіі, чаму прыйшлі да АГП.
Першая: аднавілася праца партыі, запрацавалі офісы, Казлоў паехаў па рэгіёнах. І ў сітуацыі, калі ўлада вельмі заклапочаная любой актыўнасцю, гэта ўзялі на аловак,
— мяркуе Анатоль Лябедзька. — Другая версія: гэта звязана непасрэдна з асобай Міколы Казлова. Ён жа пайшоў на адкрытае супрацьстаянне з сілавікамі, калі адмовіўся ставіць подпіс аб неразгалошванні пасля допыту, заявіў, што гэта супярэчыць заканадаўству. Тысячы людзей падпісвалі гэта, а Казлоў адмовіўся.
Пасля былі спробы выціснуць яго з краіны, але ён заняў прынцыповую пазіцыю заставацца ў Беларусі. І цяпер ён выязджаў з краіны па працы, але вярнуўся назад. Гэта стварае матывацыю для іншых людзей у сітуацыі сённяшняга напаўканцлагера: што можна нешта рабіць у Беларусі, можна працаваць і заставацца чалавекам.
Анатоль Лябедзька, палітык, былы лідар АГП
Трэцяя версія — рыхтуецца ж міжнародная канферэнцыя па сітуацыі ў Беларусі. І каб у сувязі з гэтай канферэнцыяй людзі ўнутры Беларусі не прадпрымалі актыўнасцяў, улада паказвае мускулы, укідваючы чарговую порцыю страху, паказвае грамадству, што па-ранейшаму кантралюе сітуацыю.
Самая відавочная версія, што ўлада зачышчае палітычныя партыі, пакуль адпадае. Бо прыйшлі б не кропкава, толькі да Казлова і яго атачэння, а і да іншых палітычных структур і ў рэгіёнах таксама».
Вядома, што акрамя Казлова і Аляксеевай, не выходзяць на сувязь яшчэ два чалавекі з АГП.
Лёс затрыманых на гэты момант невядомы. У чым іх абвінавачваюць — таксама.
«Спрабуем далучыць адвакатаў, але з верагоднасцю 90% затрыманыя на Акрэсціна», — кажа Анатоль Лябедзька.





