На ўваходзе ў «Сталіцу». Фота: фэйсбук гандлёвага цэнтра

Для свайго часу «Сталіца» стала прарывам

Пасля некалькіх год складаных падземных прац пад кіраўніцтвам генпадрадніка «Мінскпрамстрой» «Сталіца» канчаткова адчыніла свае дзверы ў 2007 годзе. Для свайго часу гэта быў прарыў — першы вялікі гандлёвы цэнтр эпохі незалежнасці, яшчэ і падземны, таму і трафік там быў шалёным. «Сталіца» была ўлюбёным месцам для шопінгу як у мясцовых жыхароў, так і турыстаў, там прызначалі спатканні і бізнэс-сустрэчы, арганізоўвалі сумесныя паходы ў кіно. На першым паверсе кампаніямі заўсёды збіралася моладзь і студэнты блізкіх ВНУ.

Будаўніцтва ГЦ «Сталіца», 2005 год. Фота: Минск Live

Менавіта там многія пазнаёміліся з моднымі брэндамі Quick Style, Mango, Mexx, Jack&Jones і зведалі, што такое танны сімпатычны мас-маркет у крамах Calliope і Terranova.

Дарэчы, перад тым як у «Сталіцы» ў 2009 годзе адкрыўся першы магазін Mango, яго прадстаўнікам паказвалі гандлёвыя плошчы пад зямлёй і яны іспанцам вельмі не спадабаліся: «Няма ні канцэпцыі, ні плыні пакупнікоў, ні вітрын патрэбнага фармату». Але выбару тады ўсё роўна не было — менавіта гэтым можна патлумачыць, чаму і іншыя сусветныя брэнды на той момант «асядалі» ў «Сталіцы».

Праўда, залатыя гады цягнуліся нядоўга — роўна да таго моманту, пакуль у Мінску не пачалі з’яўляцца новыя, больш прасунутыя гандлёвыя цэнтры, якім можна было супрацьпаставіць толькі знаходжанне ў самым цэнтры каля метро. Тым больш, у «Сталіцы» спачатку закрыўся кінатэатр, а паўнавартаснага фудкорта так і не з’явілася. Наведвальнасць пачала імкліва падаць, і паступова адтуль сыходзілі асноўныя брэнды-магніты: Mexx, Vero Moda, Jack & Jones, Mango, Sister’s, Savage, Tally Weijl, DeFacto, Terranova, Women’s Secret.

Фота: bonusales.com

І хоць у 2018 годзе спецыялісты галоўнага кіравання спажывецкага рынку Мінгарвыканкама заяўлялі, што бізнэс-запаўняльнасць для ГЦ «Сталіца» склала 91 %, тое, што яны ў хуткасці пайшлі на зніжэнне ставак арэнды ў сярэднім на 30%, не казала на карысць гэтаму факту.

Каранавірус жа ў 2020-м дадаткова ўдарыў па шопінгу ў «падземцы» — у 2021-м там пуставала 4432 арэндныя квадратныя метры. А трафік наведнікаў знізіўся амаль на 70%.

«Сышлі ад нас — сыходзьце! Мы будзем прадаваць сваё»

Тады ж, год таму, у «Сталіцу» быў празначаны новы кіраўнік — Ірына Дмухоўская, якая адразу падзялілася грандыёзнымі планамі, каб удыхнуць у ГЦ новае жыццё (да «Сталіцы» Дмухоўская кіравала «Мінатэлем», у структуру якога сярод іншага ўваходзяць чатыры гасцініцы Мінгарвыканкама):

«Абнавіць дызайн: скажам, усталяваць панарамныя акварыумы ці зрабіць панарамную падлогу са шкла, пад якім будзе каласіцца залатое беларускае жыта».

Ну, і адна з галоўных мэт новай кіраўніцы была — прасоўваць беларускае.

Скрыншот: відэа «Пула першага»

З апошнім акурат склалася — «Сталіца» запоўнілася амаль выключна айчыннымі брэндамі. Цяпер там працуе 116 аб’ектаў. Каля 70% плошчы занята нехарчовымі крамамі. Сярод іх — «Камволь», Аршанскі льнокамбінат, «Элема», «Алеся», «Нёман», Mark Formelle. Харчовая ж прамысловасць прадстаўлена «Камунаркай», «Спартаком», «Слодычам», «Чырвоным харчавіком», «Чырвоным мазыранінам» і іншымі вытворцамі. Тут адкрылі таксама краму з мерчам Лукашэнкі.

Скрыншот: відэа «Пула першага»

З былых замежных брэндаў, што захавалі свае пазіцыі, напрыклад, турэцкі Colin's і расійскі «Тваё». У астатнім сённяшняя «Сталіца» мала адрозніваецца ад «гумаў-цумаў».

«Нарэшце зрабілі беларускі ГЦ — гэта ўжо добра. Сышлі ад нас — сыходзьце! Мы будзем прадаваць сваё», — ухваліў Лукашэнка, даўшы паралельна параду старшыні «Беллегпрама» Таццяне Лугіной наконт таго, як правільна трэба замяшчаць імпартнае: «Убачыла нешта імпартнае — прынесла на прадпрыемства — рабіце. Вось так пакрысе павінны рабіць сваё».

Лукашэнка наведвае «Сталіцу». Сярод навінак у гандлёвым цэнтры — пункт продажу расады і саджанцаў ад Мінскага цяплічнага камбіната. Фота: «Пул першага».

Што тычыцца забаў, то ў «Сталіцы» працуюць «Тыкток-парк» і «Неон-парк». Побач са знаёмымі ўсім кафэ «Маэстра» і KFC з Hotfix адкрылася сямейнае кафэ ад камбіната школьнага харчавання і свае кропкі «Мінскхлебпрама». Выглядаюць яны наступным чынам:

У «Сталіцы» цяпер прадаюць салату з зялёнай цыбулі па рэцэпце Лукашэнкі

Вывеска каля кропкі «Мінскхлебпрама»

Каб прыцягваць моладзь, «Сталіцу» плануюць аддаваць пад выступы і творчасць студэнтаў Універсітэта культуры і Акадэміі мастацтваў.

Праўда, на думку кіраўнікоў, у ГЦ усё добра і так: падчас візіту Лукашэнкі яму даклалі пра «98,5% загрузкі» і 12 тысяч наведнікаў у дзень. Натхніўшыся справаздачай са «Сталіцы», Лукашэнка даручыў зрабіць такі ж беларускаарыентаваны аб'ект-двайнік і на месцы даўгабуда «Магніт Мінска», што знаходзіцца на скрыжаванні праспекта Незалежнасці і вуліцы Каліноўскага. Насупраць доўгабуда — ГЦ «Дана Мол».

Чытайце таксама:

З 2023 года ІП пазбаўляюць ільгот па выплатах у ФСАН. Каго закрануць змены і што яшчэ зменіцца для прадпрымальнікаў?

Пачварны будынак на месцы музея ВАВ на Кастрычніцкай плошчы ўжо распрадаюць. Прычым Dana Holdings вызвалілі ад ПДВ

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?

0
Лідкін боршч / Адказаць
23.07.2022
Цырк. Скажу цешчы, дзе насенне цудоўнае набыць магчыма.
0
маленькая архітэктарка цемры / Адказаць
23.07.2022
"Для свайго часу «Сталіца» стала прарывам"
ды ну?) гэта была ўсяго толькі чарговая калька з Масквы. на прадмет "что рабіць з гэтай плошчай?" праводзіўся конкурс. былі розныя праекты. я на кароткі час апынулася тады ў майстэрні, якой дасталася права распрацоўкі праекта. там праводзіўся міні-конкурс свой. зноў былі розныя ідэі. але "перамагала" гэта "магіла". урэзаліся ў памяць словы архітэктаркі (сталай жанчыны), якая спрачалася, баронячы свой варыят: "да никто в вашу яму не пойдет!"
вось прайшлі гады... і яна аказалася права
0
"последние новости Беларуси и мира" / Адказаць
23.07.2022
шостае фота... "на память о Беларуси" (киоск с цветами)
звучит как-то зловеще... в реалиях нового времени
Паказаць усе каментары/ 11 /
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзеру