Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

На пытанне, ці можа ён сядзець, падсудны адказаў, што здолее, калі паляжыць 15 хвілін, а інакш не можа. На пытанне, ці патрэбен яму лекар, вязень адказаў, што той усё адно нічым не здолее дапамагчы. Лекар заявіў, што Аўтуховіч выглядае адпаведна чалавеку, які галадае без вады 11-ы дзень.

У судзе абвясцілі перапынак да панядзелка, гэта будзе 15-ы дзень галадоўкі, калі Мікалай не пачне піць і есці.

Учора стан Аўтуховіча рэзка пагоршыўся: узмацніліся болі ў жываце, пачалася рэзь, стаў надта часты пульс. Лекар агледзеў яго і паведаміў, што патрэбен дадатковы агляд. У судзе праз гэта зрабілі перапынак. Але ўрэшце вязню не дапамаглі. Укол, які яму рабілі ўчора перад пасяджэннем, не палепшыў ягонае адчуваньне.

Цяпер ён у карцары, дзе няма ложка, а нары могуць апусціць толькі на ноч (гэтае правілы не заўжды выконваюць для «палітычных»). Заўтра ён мае перайсці ў звычайную камеру.

Раней стала вядома, што Аўтуховіч моцна абязводжаны, у яго перасохлі вусны і язык, ад яго ідзе моцны пах ацэтону.

Мікола Аўтуховіч патрабуе сваім галадаваннем толькі аднаго — каб яму пачалі перадаваць лісты ад сваякоў і іншых людзей. Нядаўна абарвалася ліставанне нават са старой маці.

Аўтуховіч — беларускі рэкардсмен у турэмным галадаванні. У 2009 годзе ён галадаваў 90 дзён, у 2005—2006 — 74 дні. Пры гэтым ён піў ваду. У 2013 годзе ён на знак пратэсту парэзаў сабе жывот у турме.

Міколу Аўтуховічу 59 гадоў, ён ветэран вайны ў Афганістане, ваўкавыскі прадпрымальнік і грамадскі актывіст. За кратамі ён больш як паўтара года, гэта трэцяе па ліку ягонае зняволенне. Усяго па «справе Аўтуховіча» судзяць 12 чалавек. 

Клас
2
Панылы сорам
0
Ха-ха
1
Ого
1
Сумна
16
Абуральна
29