Сёння намёк на бел-чырвона-белае ў продажы — тэарэтычная нагода скаргі аўтарства «неабыякавага грамадзяніна» і магчымыя наступствы ў выглядзе пазапланавых праверак. Колькі працягнуцца падобныя штучныя рэпрэсіі ў дачыненні да нацыянальных сімвалаў і колераў — пакуль невядома.

Паглядзелі, дзе цяпер можна набыць мерч Беларусі за мяжой.

Symbal.by у анлайн-фармаце

Ужо згаданы Symbal.by, акрамя філіяла ў Грузіі, аднавіў сваю працу ў анлайн-рэжыме з дастаўкай па ўсім свеце на платформе Redbubble. Механізм замовы просты: вы выбіраеце ўпадабаны вамі прынт, колер выраба, памер, канкрэтнае месца, дзе прынт будзе надрукаваны, і афармляеце дастаўку ў любую кропку свету.

  Скрыншот: redbubble.com

Скрыншот: redbubble.com

У наяўнасці ўсё самае любімае і папулярнае — Пагоня, вершніца, арнаменты, Каліноўскі, Купала, Ева і шмат чаго іншага.

Варта ўлічваць, што да кошту байкі ці цішоткі, вядома, дададуцца дастаўка і падаткі для вашай краіны, але без гэтага ўжо ніяк.

Экс-гарадзенская крама з новым адрасам прапіскі

Крама нацыянальных тавараў і рамесных вырабаў «Адметнасць» з 2018 года працавала ў Гародні, але спыніла сваю дзейнасць пасля вобшуках і канфіскацыі тавараў. Гаспадыню крамы Вольгу Верамеенка ўвогуле судзілі за «пікетаванне».

Цяпер сямейны бізнэс асеў ў Польшчы: дастаўляюць свае тавары поштай па ўсім свеце.

TRSK ад баскетбалісткі Кацярыны Сныцінай

Адзенне з беларускім настроем «пра духоўную сувязь з домам» выпускаецца пад брэндам TRSK, за якім стаяць баскетбалістка Кацярына Сныціна і Аляксандра Пушкіна, дырэктарка па камунікацыях партала «Зеркала». Пакуль на сайце даступная першая калекцыя, прысвечаная тэме рэлакацыі, — такі цёплы напамін пра радзіму, куды хочацца вярнуцца. 

Адсюль — прынты з надпісам «Рэлакант» (ці «Рэлакантка»). Світшот «Тры чарапахі» ці худзі з паштовай савой, якая нясе з сабой канверты першага класа — прамая адсылка да ліставання з палітвязнямі. 

Самы сардэчны беларускі брэнд 

Брэнд, які ўжо стаў пазнавальным, дзякуючы ручной вышыўцы з чырвонымі сэрцамі, — 10motifs. «Паколькі беларусы раз'ехаліся па ўсім свеце, мне хацелася іх такім чынам аб'яднаць, ідэнтыфікаваць», — тлумачыла сваю ідэю з сэрцамі дызайнерка Аляксандра Жук у інтэрв’ю «Нашай Ніве».

Пасля пачатку вайны ва Украіне ў палітры вырабаў брэнду з’явіліся таксама блакітныя і жоўтыя колеры як выказванне падтрымкі і салідарнасці. А яшчэ раней адна з калекцый была прысвечаная беларускам Марыі Калеснікавай, Ніне Багінскай і Марыне Золатавай.

 

У асартыменце брэнду — і панамы, і сукенкі, і льняныя касцюмы, але, канечне, самымі «беларускімі» з’яўляюцца тыя самыя футболкі і лонгслівы з чырвоным сэрцам на белым фоне, у якіх можна было заўважыць і блогера Мікіту Мелказёрава, і музыкаў Naviband, і шмат каго іншых. 

Фота: інстаграм Naviband

Фота: інстаграм Naviband

Ювелірныя вырабы BelaruskiCry

BelaruskiСry — яшчэ адзін брэнд, які цесна асацыюецца з Беларуссю і настроямі ў краіне апошнія два гады. Гэта ювелірныя вырабы — кулоны і пярсцёнкі са срэбра, якія стварае беларуска ў Грузіі Саша Куркова — з контурам краіны ці ўнікальнай літарай нашага алфавіта «Ў».

Па замове кулоны з контурам Беларусі дызайнерка Аляксандра дапаўняе дыяментавай слязінкай. «Гэты кулон — як сімвалічная падтрымка адно аднаго. Знак, што Беларусь заўсёды чакае нас і што яна заўжды з намі» — напісана ў профілі брэнду.

Заказы адпраўляюцца па ўсім свеце.

 

«Неўміручыя» рэчы

Світшоты і цішоткі з дызайнам Караліны Паляковай прысвечаныя мінскай прасторы і знакавым сімвалам у ёй. Напрыклад, надпісу «Бессмертен» на Плошчы Перамогі і вазамі на праспекце.


 

Ëсць тут і рэч-адсылка да пратэстаў-2020 — знакаміты калаж дызайнеркі «Выйсце» з фотаздымкам, які зафіксаваў адзін са жнівеньскіх маршаў.

Адзенне з вольнай Беларусі «Жнівень»

Яшчэ адзін брэнд адзення, які цікава абыгрывае палітычную павестку. Žnivień прэзентавалі прынты, прысвечаныя гучным падзеям з Беларусі: напрыклад, прыгодам «Белавіі» ў сувязі з санкцыямі, забароне на бел-чырвона-белы сцяг.

Адзін з іх дызайнаў ушаноўвае беларускую салідарнасць: «Беларус беларусу беларус» — ёсць як і торбы, так і цішоткі з ім.

Афлайн і анлайн-кропкі ў розных гарадах замежжа

У гарадах з беларускай дыяспарыай таксама пакрысе адкрываюцца кропкі, сканцэнтраваныя на продажы рэчаў з нацыянальным каларытам. З ужо працуючых, напрыклад, Sklep białoruskiej symboliki ў Беластоку ці А2.print у Вільні — як з гатовай прадукцыяй у наяўнасці, так і на замову.

Свой пункт з адзеннем «беларусам ад беларусаў» ёсць таксама ў Лодзі і Грузіі. Кропка распаўсюду ёсць нават у Італіі.

Запасны працоўны варыянт

Прыемна падтрымліваць сваіх і сваё, але, на крайні выпадак, ніколі не падводзіць стары-добры Aliexpress з выбарам сцягоў на любы густ ці «Амазон», дзе па запыце «сцяг, Беларусь» адкрываюцца дзясяткі прапаноў. Шырокі выбар беларускай сімволікі знойдзеце і на Allegro.

Ніхто не адмяняў і паходы ў замежныя друкарні, дзе для вас рэалізуюць любую фантазію і мару.

Чытайце таксама:

Украінская дызайнерка стварыла для Gucci калекцыю вышыванак ФОТА

«Світары раскупілі за дзень». Беларуская дызайнерка расказала пра бізнэс у Вільні і ўкраінскую калекцыю

Час распранацца. 10 разнастайных сукенак і лёгкіх касцюмаў ад беларускіх дызайнераў

Клас
40
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
2
Абуральна
4