Уявіце сабе Дубай: вы, магчыма, падумаеце пра кідкія хмарачосы, штучныя выспы і лабірынты гандлёвых цэнтраў. Але калі мясцовы ўрад даможацца свайго, эміраты таксама хутка стануць вядомыя як нешта кшталту стратэгічны цэнтр паміж Еўропай і Азіяй, дзе тысячы аддаленых працаўнікоў пускаюць свае карані.

Імкнучыся прыцягнуць у рэгіён новыя таленты, у сакавіку 2021 года ААЭ прадставілі гадавы від на жыхарства для тых, хто працуе аддалена. Гэтая віза дазваляе замежным спецыялістам, такім як Жульен Трэмблей, 31-гадовы праграміст з Манрэаля, жыць у Дубаі, працягваючы працаваць за мяжой.

Яна таксама дае новапрыбылым доступ да пасведчання рэзідэнта і большасці дзяржаўных паслугаў. Трэмблей, напрыклад, можа легальна заарандаваць жыллё або нават адкрыць рахунак у банку — і пры гэтым ён вызвалены ад сплаты мясцовага падаходнага падатку.

«Калі я пачаў быць лічбавым качэўнікам (чалавек, які жыве там, дзе зручна і звычайна працуе аддалена або фрылансіць — заўв. НН) пяць з паловай гадоў таму, было вельмі мала варыянтаў віз, — тлумачыць Трэмблей, які кажа, што такія магчымасці, як у ААЭ, мяняюць сітуацыю, — Гэта выводзіць вас з шэрай зоны і дазваляе вам цалкам адпавядаць патрабаванням таго месца, дзе вы спыніліся. Калі вы хочаце адмовіцца ад рэзідэнства вашай краіны, то вам будзе значна прасцей даказаць, што вы з'ехалі і сталі экспатам (супрацоўнікам, які працуе ў краіне, адрознай ад той, дзе фізічна знаходзіцца кампанія — заўв. НН)».

Раней прававы статус лічбавых качэўнікаў часта быў цмяны. Фармальна ім не дазвалялася працаваць у іншай краіне, але і на месцы жыхарства яны не былі працаўладкаваныя. Новыя візы для лічбавых качэўнікаў ствараюць больш трывалы падмурак, вызначаючы прававыя межы, якія даюць аддаленым работнікам і кампаніям, якія іх наймаюць, больш спакою. Пры гэтым візы не разглядаюцца як нейкая шчыліна для ўхілення ад падаткаў: большасць качэўнікаў ўсё роўна плацяць іх у сваіх краінах, каб захаваць грамадзянства або атрымаць дзяржаўныя медыцынскія льготы.

Фота: iconscout.com

Фота: iconscout.com

Паводле новай справаздачы Інстытута міграцыйнай палітыкі, больш за 25 краін і тэрыторый ужо адкрылі візы для лічбавых качэўнікаў (з 27-й па 31-ю старонку ёсць поўны спіс краінаў, якія цяпер даюць такія візы з умовамі для іх атрымання). Гэтая тэндэнцыя, выкліканая пандэміяй, пачалася з невялікіх краінаў Еўропы і Карыбскага басейна, якія залежаць ад турызму. Зараз развіваюць такія ініцыятывы і буйныя краіны, такія як ААЭ, Бразілія і Італія.

Для гэтых краін візы лічбавых качэўнікаў — гэта спосаб прыцягнуць новыя ідэі і таленты на свае берагі, а таксама атрымаць выгаду з росту аддаленай працы і ўліць замежны капітал у мясцовую эканоміку.

Між тым, для такіх качэўнікаў, як Трэмблей, візы прапануюць стабільнасць і шанец стаць тымі, каго ён называе «павольнымі качэўнікамі» — людзьмі, якія аддаюць болей часу вывучэнню мясцовай культуры, «замест таго, каб ставіцца да іншых краінаў як да часовых забаваў».

Патрабаванні да віз лічбавых качэўнікаў адрозніваюцца ад краіны да краіны, але звычайна патрабуецца пацверджанне аддаленай працы, страхоўка для падарожнікаў і мінімальны штомесячны заробак — для таго, каб уладальнікі візы маглі ўтрымліваць сябе, не адбіраючы працу ў мясцовых. Патрэбны дастатак вар'іруецца ад 5 тысяч долараў у месяц у ААЭ да 2770 долараў на Мальце або 1500 долараў у Бразіліі.

Жульен Трэмблей. Фота: bbc.com

Жульен Трэмблей. Фота: bbc.com

Таксама трэба заплаціць збор за падачу заявы (ад двухсот да дзвюх тысяч долараў), а тэрмін знаходжання вагаецца ад шасці месяцаў да двух гадоў у залежнасці ад візы.

Некаторыя заяўнікі могуць вярнуць гэтыя грошы за кошт ільготаў: напрыклад, Аргенціна плануе прапанаваць лічбавым качэўнікам па новай візе дыферэнцыраваныя тарыфы на жыллё, каворкінгі і ўнутраныя рэйсы авіякампаніі Aerolíneas Argentinas.

Лука Карабета, член італьянскага парламента ад палітычнай партыі «Рух 5 зорак», кажа, што Італія аб'ядноўвае найлепшыя элементы іншых візаў для лічбавых качэўнікаў, каб стварыць сваю ўласную, якая, паводле яго словаў, будзе запушчана не пазней за верасень бягучага года. Як адзін з галоўных прыхільнікаў візы, ён чакае, што ў першы поўны год яна прыцягне пяць адсоткаў сусветнага рынку качэўнікаў, які, паводле яго ацэнак, складае каля 40 мільёнаў чалавек.

«Лічбавы качэўнік можа прынесці нам выгады ва ўсім, ад архітэктуры да інжынерыі, так што гэта добры спосаб адкрыць нашу краіну для навыкаў з-за мяжы», — тлумачыць Карабета. Паколькі ў Еўропе самае старое насельніцтва, ён таксама разглядае часовую візу як спосаб прыцягнення маладых жыхароў, якія могуць выкарыстоўваць яе для пробнага пераезду ў краіну на пастаяннае месца жыхарства. «Нашай канчатковай мэтай можа стаць тое, каб яны, так, хоць і былі гасцямі ў Італіі, але таксама, магчыма, асталяваліся тут».

Па словах Карабета, у межах падрыхтоўкі да ўвядзення новай візы Італія выдаткавала больш за мільёна еўра на ўмацаванне IT-сетак, паляпшэнне транспартных зносінаў і мадэрнізацыю інфраструктуры ў сельскіх супольнасцях — усё гэта ў надзеі на тое, што лічбавыя качэўнікі, якіх прыцягваюць ціхія вясковыя куткі Італіі, змогуць зрабіць унёсак у іх эканамічнае развіццё.

Між тым, такія гарады як Венецыя і Фларэнцыя, ужо распрацавалі праграмы, якія дапамагаюць лічбавым качэўнікам лягчэй упісацца ў мясцовае жыццё.

Прытхвірадж Чаўдхуры, чые даследаванні ў Гарвардскай школе бізнэсу прысвечаныя змене геаграфіі працы, кажа, што перавагі для такіх краін, як Італія, велізарныя. «Перш за ўсё, аддалены работнік укладае валюту ў мясцовую эканоміку, — тлумачыць ён, — Больш таго, яны таксама наладжваюць сувязі з мясцовымі прадпрымальнікамі».

Фота: Steven Zwerink/flickr.com

Фота: Steven Zwerink/flickr.com

Чаўдхуры лічыць, што абмен навыкамі — адна з самых вялікіх магчымасцяў для краінаў. Ён кажа, што ім важна пастарацца прыцягнуць менавіта тых качэўнікаў, якія могуць прынесці карысць мясцовай супольнасці.

У якасці гістарычнага прыкладу ён прыводзіць праграму Start-Up Chile. Яе запусцілі ў 2010 годзе і яна давала візавыя і грашовыя стымулы замежным прадпрымальнікам, якія праводзілі год у Чылі, развіваючы свае ўласныя стартапы і гадуючы мясцовыя таленты. На той час у Чылі толькі нараджаўся рынак стартапаў. Праз дзесяцігоддзе, дзякуючы абмену ідэямі, чылійскія прадпрымальнікі запусцілі «мастадонтаў» коштам больш за мільярд долараў, уключаючы тэхналагічную кампанію па вытворчасці веганскай ежы NotCo і праграму па дастаўцы ежы Cornershop.

«Гэта добры прыклад таго, як можна стварыць экасістэму, калі запрасіць таленавітых замежнікаў у сваю краіну нават усяго на год», — тлумачыць Чоудхуры. Ён дадае, што больш за ўсё ад віз лічбавых качэўнікаў выйграюць краіны з эканомікамі, якія толькі сталі на шлях развіцця, або невялікія дзяржавы, якія традыцыйна саступалі таленты буйным краінам. «Раней кампаніі змагаліся за таленты. Зараз краіны і рэгіёны змагаюцца за таленты».

Па прагнозах Чаўдхуры, нават больш буйныя эканомікі могуць неўзабаве прапанаваць візы лічбавых качэўнікаў, каб заставацца канкурэнтаздольнымі. І ён лічыць, што найбольшыя перавагі атрымаюць тыя, хто створыць лепшую экасістэму для аддаленых работнікаў. «Вы павінны дапамагчы ім падчас знаходжання ў краіне, злучыўшы іх з аднадумцамі і прадпрымальнікамі, — кажа ён, — Пасля іх ад'езду трэба стварыць праграму для «выпускнікоў», каб гэтыя людзі маглі заставацца на сувязі, працягваць рабіць унёсак у развіццё супольнасці і вяртацца».

Візы для лічбавых качэўнікаў могуць адкрыць шмат перспектыўных магчымасцяў, але могуць стварыць новыя праблемы.

Па словах Кейт Хупер і Меган Бэнтан, аўтараў дакладу Інстытута міграцыйнай палітыкі, яны могуць, напрыклад, выклікаць рост кошту жыцця на месцах, узмацніць канкурэнцыю за рэсурсы і стварыць «бурбалкі прывілеяў». Даследчыкі прыводзяць Балі (Інданезія) і Гоа (Індыя) у якасці прыкладаў існуючых «гарачых кропак» лічбавых качэўнікаў, якія ў апошнія гады сутыкнуліся з гэтымі праблемамі. Наяўнасць такога класа работнікаў, якія карыстаюцца мясцовай інфраструктурай і паслугамі, але не плацяць за іх падаткі, таксама можа выклікаць незадаволенасць жыхароў, якія плацяць падаткі.

Некаторыя эксперты таксама сумняваюцца, што візы для лічбавых качэўнікаў наогул атрымаюць шырокае распаўсюджванне. Даніш Саомра, заснавальнік і генеральны дырэктар базы дадзеных глабальнай мабільнасці visadb.io, кажа, што «найбуйнейшы сегмент качэўнікаў выкарыстоўвае варыянт трох-шасцімесячнай турыстычнай візы па розных прычынах, напрыклад, з-за складанасцяў з афармленнем візы лічбавага качэўніка».

Па словах Саомра, цяжкая папяровая праца, дарагія медыцынскія абследаванні і праблемы з пацвярджэннем штомесячнага даходу (асабліва для фрылансераў) могуць прывесці да таго, што многія качэўнікі аддаюць перавагу турыстычным візам і хуткаму ад'езду, калі гэта неабходна. У рэшце рэшт, лічбавыя качэўнікі па сваёй прыродзе вандроўнікі.

Аднак, прапрацаваўшы так пяць гадоў, Трэмблей кажа: ён рады, што звярнуўся па візу лічбавага качэўніка ў Дубаі.

«Вельмі прыемна, калі да цябе ставяцца як да рэзідэнта, нягледзячы на адсутнасць працы або інвестыцыяў», — тлумачыць ён. Праграміст плануе выкарыстоўваць Дубай як базу для жыцця ў агляднай будучыні — то бок, пакуль бясконцы вандроўнік не знойдзе наступны дом.

Клас
20
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
3
Сумна
3
Абуральна
3