Павел Хадзінскі. Фота: асабісты архіў

Павел Хадзінскі. Фота: асабісты архіў

Калі Паўлу было 14 гадоў (зараз яму 37), ён разам са сваім дзедам прыехаў у вёску Новы Двор, дзе жылі раней і былі пахаваныя іх продкі.

«На адной з магіл было напісана — Павел Хадзінскі. Гэта мой сваяк, які памёр у 1944-м. Стаў пытацца ў дзеда, хто гэта. Ён мне распавёў, што падлеткам падчас вайны гэты Павел кінуў гранату ў танк і загінуў. З таго моманту я стаў цікавіцца гісторыяй сваёй сям’і», — расказвае фатограф. 

На тое, каб знайсці 12 тысяч сваякоў, Паўлу спатрэбілася шмат гадоў. Пачаў актыўна займацца сваім радаводам ён у 2007-м. 

«Атрымліваецца, што ў кожнага чалавека ёсць бацькі, чатыры дзяды і бабулі — і вось так павялічваецца колькасць людзей у геаметрычнай прагрэсіі. 

Я пачаў пытацца ў бабулі і дзядулі, што яны ведаюць пра наш род. Іх веды заканчваліся прыблізна на іх дзядах, на 1870-х. Далей была невядомасць. 

Па адукацыі я гісторык, таму ведаў, што шукаць звесткі пра продкаў трэба ў гістарычным архіве. Яны валодаюць дакументамі да 1917 года. Трэба ведаць месца жыхарства продкаў, канфесію. І тады можна даведацца пра астатніх. І яшчэ карыстаўся архівамі ў Вільні, Пецярбургу, Гародні».

Жаданне вывучаць свой род у Паўла спалучаецца з агульнай зацікаўленасцю гісторыяй Беларусі, з працэсамі, якія тут адбываліся. 

«Хацеў даведацца, што людзі з таго ці іншага саслоўя рабілі ў маёнтках, у якіх жылі, пра іх штодзённасць. І цікава яшчэ тое, што нейкія адметнасці можна параўноўваць са сваякамі, якія жывуць цяпер. 

Шукаць людзей я яшчэ не скончыў. Літаральна некалькі дзён таму ў мяне з’явілася прыблізна калі 15-17 новых сваякоў, я іх далучыў да дрэва. З адной дзяўчынай мы былі знаёмыя сем гадоў, і толькі цяпер даведаліся, што нашы продкі па лініі Урбан жылі ў адным месцы, і потым я знайшоў, што яны ў нас адны і тыя ж. 

Думаю, што працэс пошуку будзе працягвацца заўжды. Гэта вялікі дэтэктыў», — дзеліцца ён. 

На гэты момант Паўлу вядома 19 пакаленняў у яго родзе. Самые далёкія з іх — з 15 стагоддзя. 

Заява на атрыманне пашпарта аднаго са сваякоў Паўла, 1942 год. Фота: асабісты архіў

Заява на атрыманне пашпарта аднаго са сваякоў Паўла, 1942 год. Фота: асабісты архіў

Мужчына кажа, што гэта дастаткова рэдка, калі атрымліваецца знайсці блізкіх ад часоў Вітаўта. Усіх сваякоў Павел запісвае ў спецыяльнай праграме

«У цэлым мае родныя паходзяць з Мінскага павету былога ВКЛ, ваколіц сучаснай Лошыцы, Шабаноў. Потым — Вілейскі раён, Рэчацкі павет. І яшчэ ёсць сваякі, якія жылі ў сучаснай Польшчы і Украіне», — кажа мужчына. 

З адметных сваякоў у Паўла нацыянальны герой Беларусі Тадэвуш Касцюшка.

«Мая прамая восем разоў прабабуля Канстанцыя ўзяла шлюб з Антоніем Жардзецкім, пераехала з ім з Берасцейскага ваяводства ў Аршанскі павет у фальварак Вердаў, які атрымалі ад падканцлера ВКЛ Сапегі пры канцы 17 ці пачатку 18 стагоддзя. 

Іх сын Міхал Жардзецкі атрымаў ад жонкі зямлю ў ваколіцы Рыня ў Рэчыцкім павеце. Канстанцыя была дачкой Аляксандра Яна Касцюшкі, а яе брат — Амброжы Казімір Касцюшка быў дзедам нацыянальнага героя Беларусі Тадэвуша. Сам генерал прыходзіцца мне чацвераюрадным шэсць разоў прадзедам. 

Таксама ў мяне ёсць стрыечная дзевяць разоў прабабуля — Сафія Маліноўская, якая па мужу стала Скарына прыблізна ў 1700 годзе. І іх дзеці адпаведна таксама. Таму яшчэ больш чакаю вяртання назвы праспекту.

Яшчэ ў маім сямейным дрэве прысутнічае 16 ксяндзоў і 9 сясцёр-манашак», — расказвае Хадзінскі.

Аляксандр Хадзінскі, дзевяціюрадны прадзед Паўла. Фота: асабісты архіў

Аляксандр Хадзінскі, дзевяціюрадны прадзед Паўла. Фота: асабісты архіў

Ёсць і «ганебныя выпадкі» ў радаводзе Паўла.

Напрыклад, адзін з яго сваякоў быў маёрам расійскай імперскай арміі. Ён атрымаў «Бронзавы медаль» за здушэнне паўстання Кастуся Каліноўскага ў 1864 годзе.

Тым, хто хоча пачаць даследаваць свой род, Павел раіць звяртацца ў Нацыянальны гістарычны архіў. Ён расказвае, што трэба рабіць. 

«Прыйсці, напісаць заяву, што вы хочаце знайсці сваіх сваякоў. Прыблізна праз тыдні два дырэктар яе падпіша, потым трэба падысці да супрацоўніцы архіва, якая дасць невялікую бясплатную кансультацыю па пошуку. Без платных паслуг будзе складана гэтым займацца. 

Што трэба? Ведаць, у якой вёсцы ці горадзе жылі твае продкі да 1917 года, іх канфесію. Калі такія людзі знаходзяцца, можна замовіць пяць спраў на адзін месяц. І працаваць з імі. Гэта могуць быць метрычныя кнігі, там дзе былі запісы пра хросты, шлюбы і смерць альбо Рэвізскія казкі, так званы перапіс насельніцтва (тады гэта рабілася дзеля наступнага падаткаабкладання людзей)», — дзеліцца фатограф.

Вывадная справа шляхецтва, 1803 год. Фота: асабісты архіў

Вывадная справа шляхецтва, 1803 год. Фота: асабісты архіў

У літоўскім архіве, у якім Павел таксама шукаў продкаў, усё праходзіць нашмат хутчэй. 

«Яны мне далі бланк, запісалі пашпартныя даныя і праз некалькі гадзін выдалі дзесяць спраў, якія былі патрэбныя. Мінус у беларускім архіве — што нельга рабіць фотаздымкі дакументаў на тэлефон. Яны бяруць грошы за сканы. У літоўскім можна. Дарэчы, архіў у Вільні ўтрымлівае ў сабе дакументы, якія адносіліся да былога Віленскага ваяводства ВКЛ, таму па такіх рэгіёнах Беларусі як Ашмяны, Вілейка, Гародня, Берасце шмат чаго знаходзіцца там.

Для беларусаў ёсць магчымасць шукаць сваякоў на сайце мармонаў. Акрамя сваёй сектанцкай дзейнасці, яны займаліся сканаваннем матэрыялаў па метрычных кнігах. Зараз гэта інфармацыя выкладзена амаль уся анлайн», — расказвае Павел. 

Таксама мужчына знайшоў шмат жывых сваякоў. З некаторымі нават змог пазнаёміцца і сустрэцца. 

«Рэакцыі, калі я ім пісаў, былі розныя. Некаторыя кідалі адразу мяне ў чорны спіс, а былі тыя, хто дзяліўся звесткамі, фотаздымкамі. З маімі дванаццаціюраднымі братамі і шасцяюраднай сястрой ездзілі ў наша родавае месца каля Вілейкі — Ходні, Новыя Зімодры. Хадзілі там, дзе жылі нашы продкі. 

Ёсць ідэя сабраць тых, хто жыве ў Мінску, вобласці на нейкай сумеснай тусоўцы, раздаць ім бэйджыкі з імёнамі і памятку, дзе будзе распісана, хто каму кім з’яўляецца», — падсумоўвае ён. 

У Паўла вядомыя 59 наўпроставых радоў. Калі вы маеце ў сям’і некаторыя з наступных прозвішчаў, звяжыцеся з нашым героем: Хадзінскі, Ажэшка, Арцюх, Барычка, Барэйша, Боўбель, Бохан, Бульхольцэр, Галіноўскі, Галкоўскі, Гальшанскі, Гатальскі, Герасімовіч, Грушчынскі, Грыбоўскі, Грынкевіч, Дзеўчапольскі, Дзенісовіч, Драбышэўскі, Дэ Памбэк, Жардзецкі, Закрэўскі, Збарамірскі, Ізбінскі, Казакоў, Какашынскі, Калантай, Камінскі, Каспяровіч, Касцюшка, Куляшэўскі, Куравіцкі, Курака, Кучынскі, Лазоўскі, Ландыкер, Лыка, Маліноўскі, Мальчэўскі, Манкевіч, Матусевіч, Мацяевіч, Мачальскі, Нядзвецкі, Рудзінскі, Русановіч, Случаноўскі, Солтан, Станкевіч, Урбан, Чарняўскі, Шабан, Шаціла, Шкода, Шэлюта, Язерскі, Янкоўскі, Ярмаловіч, Яцэнтовіч.

Чытайце таксама: 

Мастак Міця Післяк — пра знішчаны мурал, Мінск і жыццё ў ЗША: Амерыканцы лічаць, што беларусы плацяць у тэрмін, трымаюцца дэдлайнаў і не п’юць

Невядомы Барадулін. Выйшлі запісы паэта, якія хаваліся нават ад самых блізкіх і родных

«У мэтах адарвання ад Расіі». Царская Расія ці лукашэнкаўская РБ: дзе «Нашай Ніве» працавалася лягчэй

Клас
69
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
20
Сумна
5
Абуральна
9