Што гэта такое?

Giveaway — гэта розыгрыш у Instagram, дзе блогер прапануе сваім падпісчыкам за прызы падпісацца на акаўнты спонсараў. Колькасць акаўнтаў, на якія трэба падпісацца, можа быць рознай, але звычайна гэта ад 20 да 50. Падпіска на спонсараў з'яўляецца асноўным, але часцей за ўсё не адзіным патрабаваннем для ўдзелу ў розыгрышах. 

Нярэдка ад удзельнікаў патрабуюць ацаніць пост падабайкай, пакінуць пад ім каментар, зрабіць рэпост допісу сабе ў сторыс з адзнакай і г.д.

Шараговых удзельнікаў латарэі, як правіла, цікавіць толькі адно пытанне: ці будзе розыгрыш сумленным альбо прыз атрымае падстаўная асоба. Адказваць за ўсіх немагчыма, але ўсё ж адзначым, што верагоднасць таго, што розыгрыш будзе несумленным у адносінах да ўдзельнікаў вельмі невялікі. Асабліва, калі мы гаворым пра розыгрышы, якія праводзяцца ў Беларусі. 

Якія шанцы на выйгрыш?

Шанцы атрымаць прыз залежаць ад колькасці ўдзельнікаў, самаго прызу і якасці арганізацыі «гіву». Тым не менш, нават у самых дробных «гівах» удзельнічае па некалькі тысяч чалавек, а ў добра арганізаваных буйных розыгрышах іх колькасць можа вылічацца дзясяткамі тысяч.

Як вызначаюць пераможцу?

Як правіла вынікі правядзення розыгрышу вядуцца ў прамым эфіры, пераможцу(цаў) часцей за ўсё выбіраюць з дапамогай генератара выпадковых лічбаў.

Як гэта працуе і навошта гэта спонсарам?

Спонсары з'яўляюцца ўладальнікамі тых акаўнтаў, на якія неабходна падпісацца для ўдзелу ў розыгрышы. Усе яны знаходзяцца ў спісе падпісак у арганізатара «гіву».

Колькасць спонсараў часцей за ўсё вылічаецца дзясяткамі і рэдка даходзіць да сотні, але і такія выпадкі таксама сустракаюцца.

Трэці бок «гіву» — арганізатар. У якасці арганізатараў выступаюць канкрэтны блогер ці група блогераў або SMM-агенцтва.

Спонсары плацяць арганізатарам за ўдзел у «гіве», а арганізатары ў сваю чаргу займаюцца закупкай прызоў, непасрэдна арганізацыяй і правядзеннем розыгрышу. А самае галоўнае — абяцаюць прырост аўдыторыі.

Ад гарантаванай колькасці прыходу новай аўдыторыі наўпрост залежыць цана ўдзелу. Напрыклад, дробны рэгіянальны «гіў» з гарантыяй прыходу 1500 падпісчыкаў можа каштаваць ад 150 рублёў. Агульнарэспубліканскі на 3000-5000 падпісчыкаў ад 250 да 500 рублёў.

5000-9000 беларускіх падпісчыкаў адно з SMM-агенцтваў прапануе за 750 рублёў.

Што гарантуюць арганізатары?

Для большай упэўненасці блогеры і агенцтва заяўляюць, што калі вы атрымаеце меншую колькасць падпісчыкаў, чым было абяцана, то вам вернуць грошы. Але спонсарам тут сапраўды няма за што хвалявацца, паколькі вяртаць грошы нікому з арганізатараў не прыйдзецца. Па-першае, вопытныя арганізатары ўмеюць пралічваць усё так, каб выканаць абяцанне. Ну а па-другое, у іх заўсёды ёсць дадатковая опцыя ў выглядзе ботаў, якіх яны накруцяць на ваш профіль, калі будуць разумець, што ёсць рызыка не выканаць абяцанні.

Арганізатары giveaway называюць такі спосаб раскруткі акаўнтаў нічым іншым, як самым хуткім і легальным спосабам атрымаць аўдыторыю і прасунуць свой профіль, павысіць продажы, пазнавальнасць брэнду, прыцягнуць рэкламадаўцаў і г.д. Але ці так гэта на самай справе?

І тут мы зноў вернемся да першай часткі аўдыторыі. Тым самым людзям, якія хочуць выйграць прыз. У фінансавым плане яны нічога не губляюць,бо ўсяго толькі захламляюць сваю стужку ў Instagram вялікай колькасцю незразумелых падпісак. Усё праз тое, што спонсарам можа быць хто заўгодна — ад манікюршчыцы з Рэчыцы да рыэлтара з Мінска і арганізацыі па вытворчасці надмагілляў з Віцебска.

У большасці выпадкаў шараговы карыстальнік са свайго боку трывае ўвесь гэты вінегрэт роўна да таго моманту, пакуль не будзе разыграны прыз. Таму вялікая частка ўдзельнікаў адпісваецца ад спонсараў у дзень пасля падвядзення вынікаў розыгрышу. Хтосьці робіць гэта крыху пазней, а для кагосьці гэты працэс зацягваецца на тыдні і нават месяцы. У крайнім выпадку сам Instagram перастане паказваць вам пасты і сторыз большасці з тых, на каго вы падпісаліся падчас «гіву», паколькі, дзякуючы разумным алгарытмам, сацсетка перастае паказваць вам кантэнт, які вас не цікавіць.

Што атрымлівае спонсар?

А цяпер глядзім на сітуацыю з боку спонсараў. Так, у пачатку правядзення «гіву» спонсар атрымлівае хуткі прырост аўдыторыі, разам з гэтым падрастае статыстыка, павялічваецца колькасць праглядаў сторыз і колькасць падабаек пад пастамі. Але доўжыцца гэта не доўга, паколькі пасля правядзення вынікаў людзі пачынаюць гэтак жа масава адпісвацца. З-за масавай адпіскі сам Instagram пачынае разглядаць такі акаўнт, як нецікавы. Статыстыка падае, вы трапляеце ў так званы «ценявы бан».

Нярэдка статыстыка ў такіх акаўнтаў становіцца горшай, чым была да спонсарства ў розыгрышы. Хоць агульная колькасць падпісчыкаў будзе прыкметна большай.

Па гэтай прычыне для спонсараў карысці ад удзелу ў такіх мерапрыемствах у большасці выпадкаў вельмі мала, часам гэта наогул выкінутыя грошы. Нават негледзячы на тое, што агульная колькасць падпісантаў вырасла.

Тут трэба разумець, што рост колькасці падпісчыкаў не дапаможа вам павысіць продажы або прыцягнуць рэкламадаўцаў. Паколькі вы атрымліваеце не мэтавую аўдыторыю, а халяўшчыкаў, якіх цікавіў, напрыклад, бясплатны Iphone, а не вашы тавары ці паслугі. Карыстальнік, які пражывае ў Брэсце, не будзе рабіць манікюр у Гродна, заказваць клінінгавыя паслугі ў Мінску і купляць кветкі ў Віцебску.

Пра марнасць і шкоду «гіваў» ведае любы дасведчаны SMM-спецыяліст. Але паколькі гэта спосаб накруткі падпісчыкаў сапраўды хуткі і недарагі, то «гівы» праводзяць ўжо не першы год і па ўсёй бачнасці працягнуць гэта рабіць далей.

«Пачалі дакручваць аўдыторыю ботамі»

Шугарынг-майстар, якая ўдзельнічала ў «гіве» за 150 рублёў, дзеліцца сваім досведам:

«Спонсараў было больш за 60, прычым іх наогул ніяк не адбіралі. Там былі прадаўцы крыпты, кандытары, аўтамайстэрні і г.д.

Адразу як стартануў «гіў», вядома пайшлі падпіскі, было відаць, што акаўнты сапраўдныя. Прагляды ў сторыз раслі. Абяцаная колькасць прыйшла, напэўна, за два дні, але потым, па ўсёй бачнасці, на ўсялякі выпадак аўдыторыю пачалі дакручваць ботамі», — згадвае дзяўчына.

Яна і іншыя ўдзельнікі адмысловага чата на першым этапе радаваліся, што так шмат людзей прыйшло, але па факце гэта ўсё была не мэтавая аўдыторыя.

Дзяўчына кажа, што падчас удзелу ў «гіве» і нейкі час пасля аналізавала сваіх наведнікаў. З яе слоў, за некалькі месяцаў да яе так і не прыйшло новых людзей з ліку ўдзельнікаў розыгрышу.

«У асноўным прыходзілі пастаянныя кліенткі і людзі па рэкамендацыях. Гарантыі па прыходзе аўдыторыі (1500) блогер, які арганізаваў «гіў», выканаў, але толку ад гэтага нуль. Па факце падпісалася больш за 4000 тысячы чалавек, але каля паловы адпісалася на працягу сутак пасля раздачы прызоў. Адпіскі працягваюцца ўжо некалькі месяцаў».

«Вынікамі расчаравана, больш не планую прымаць удзел у падобных авантурах»

Іншая дзяўчына, фатографка, да ўдзелу ў «гіве» мела 800 падпісчыкаў. У розыгрышы яна ўдзельнічала ў сярэдзіне траўня.

«Плаціла 180 рублёў, ужо са зніжкай, таму што далучылася ў апошні дзень, усяго было 48 спонсараў. Гарантавалі прыход 3000 чалавек. Падпісалася на мяне каля 3300 чалавек. Вынікам я незадаволеная. Так, людзі падпісаліся, але ў асноўным гэта былі акаўнты з 3000+ падпісак, то-бок створаныя адмыслова для розыгрышаў. Актыўнасць у сторыз была ў першы ж дзень, а потым — толькі ў дні розыгрышаў нейкіх дадатковых прызоў за прагляды сторыз. Яшчэ была актыўнасць у каментаванні пастоў. Іх амаль ніхто не чытаў, проста пісалі дзяжурныя фразы: «Прыгажосць», «Ух ты», ставілі агенчыкі і ўсё ў гэтым родзе. Толькі пару чалавек прачыталі пост і напісалі нармальны каментар», — дзеліцца досведам фатографка.

Зараз у дзяўчыны 2400 падпісчыкаў, але людзі працягваюць адпісвацца, хоць і не так актыўна. З яе слоў, нягледзячы на шматразовы рост аўдыторыі, ахопы сторыз павялічыліся ўсяго на 100-200 чалавек, а колькасць людзей, якія ацэньваюць пасты, амаль не змянілася.

«Я расчараваная такімі вынікамі, больш не планую прымаць удзел у падобных авантурах. Гэта проста куча фіктыўных падпісантаў, якія вісяць на тваім акаўнце, ад якіх няма ніякай карысці», — запэўнівае дзяўчына.

Каму пасуюць «гівы»?

Мабыць, адзіная частка карыстальнікаў, якім бясспрэчна можа падысці такі спосаб развіцця аккаўтаў, — людзі і кампаніі, якія проста хочуць пусціць пыл у вочы, паказаўшы, як шмат у іх падпісчыкаў у Instagram. Пры гэтым для большай упэўненасці менавіта такія карыстальнікі нярэдка хаваюць інфармацыю аб колькасці падабаек пад пастамі, каб профіль не выглядаў падазроным, калі падпісчыкаў тысячы ці дзясяткі тысяч, а колькасць падабаек — як у блогаў з сотнямі фаловераў.

Ну і вядома ж, разлічваць на прыход рэкламадаўцаў да блогераў з «пустышкамі» у падпісчыкаў таксама не варта. Дасведчаны рэкламадаўца будзе глядзець не толькі на колькасныя паказчыкі, але і на якасныя. Бо ад рэкламы ў блогу з 3-5 тысячамі «жывых» падпісчыкаў толку можа быць больш, чым у раскручаных «гівамі» на 30-50 тысяч.

Адзіным бокам, які нічога не губляе ад правядзення «гіваў», з'яўляюцца тыя самы арганізатары, якія зарабляюць на гэтым грошы праз Instagram, як шматлікія марафоншчыкі, якія прадаюць у большасці сваёй абсалютна бескарысныя курсы.

Чытайце таксама: 

Ад мадэлі з вокладкі Playboy да пікапера. ТОП-10 папулярных Instagram-акаўнтаў Беларусі

Як правільна пачысціць свой акаўнт у Instagram, каб не патрапіць пад рэпрэсіі. Падрабязны гайд

Клас
4
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1