Колькасць ахвяр сярод цывільных у выніку вайны на Данбасе скарачалася год за годам

Колькасць ахвяр сярод цывільных у выніку вайны на Данбасе скарачалася год за годам

«Кожны дзень украінская армія страляе па нас, па цэнтры Данецка — выключна па цывільных аб'ектах. Кожны дзень тут гінуць мірныя жыхары. Чаму вы гэта фінансуеце?» — гавораць стваральнікі сайта, якіх прапаганда называе «заходнімі журналістамі». 

«Чаму вы маўчалі восем гадоў, калі забівалі дзяцей на Данбасе?» Гэтая фраза і яе варыяцыі сёння — адзін з самых папулярных аргументаў прыхільнікаў Расіі, а таксама квінтэсенцыя ўсёй расійскай прапаганды пра Украіну. За гэтымі двума словамі пра «дзяцей Данбаса» закладзеная цынічная хлусня. 

Што не так з прапагандысцкім наратывам пра «дзяцей Данбаса»? 

Па-першае, расійская прапаганда свядома размывае паняцце «Данбас». Пад ім расійскія прапагандысты разумеюць у першую чаргу тэрыторыю, падкантрольную квазідзяржавам «ЛНР» і «ДНР» на 23 лютага 2022 года, хаця гэта зусім не так. Данбас — нашмат больш шырокае геаграфічнае паняцце, і значная частка Данбаса да 24 лютага знаходзілася пад кантролем законнай украінскай улады.

І дзеці Марыупаля, Севераданецка, Лісічанска, якія загінулі ў выніку расійскай агрэсіі — гэта таксама, у шырокім сэнсе, «дзеці Данбаса», пра якіх расійская прапаганда чамусьці не згадвае. І гэтыя дзеці пераважна рускамоўныя, хаця менавіта «абаронай рускамоўных» Расія апраўдвае свае ваенныя злачынствы супраць Украіны. 

Акрамя таго, расійская прапаганда штучна супрацьпастаўляе Данбас іншай Украіне, быццам гэта нешта супрацьлеглае, што нібыта існуе ізалявана, у вакууме.

Такім чынам «пакуты Данбаса» гучаць як нешта асобнае ад пакут усёй Украіны. Расійскія прапагандысты крычаць пра трагедыі «дзяцей Данбаса», але замоўчваюць трагедыі іншых дзяцей Украіны, якія сталі ахвярамі расійскай агрэсіі — іх у дзясяткі разоў больш.

Данбас — складовая частка Украіны. Так, са сваімі асаблівасцямі ў плане мовы, культуры, ментальнасці, сацыяльна-эканамічнага жыцця, але такія ж унікальныя рэгіёны існуюць і ў шматлікіх іншых краінах (а ў Расіі тым больш). 

Нагадаем, што на рэферэндуме ў 1991 годзе 83,9% жыхароў Луганскай і Данецкай абласцей падтрымалі незалежнасць Украіны ад Масквы. 

Пацярпелы ад вайны дом. Фота: АР.

Пацярпелы ад вайны дом. Фота: АР.

Палітычна і эканамічна Данбас таксама быў справядліва прадстаўлены на агульнаўкраінскім узроўні. Самым паспяховым футбольным клубам краіны быў данецкі «Шахцёр», самым багатым бізнэсменам краіны — выхадзец з Данбаса Рынат Ахметаў, на парламенцкіх выбарах рэгулярна перамагала Партыя рэгіёнаў, у 2010 годзе прэзідэнтам Украіны стаў ураджэнец Данецкай вобласці Віктар Януковіч.

Расійская прапаганда спрабуе расказваць аб «гістарычным прыгнёце» і аддзяліць ад дзяржавы рэгіён, які дамінаваў у палітычным і эканамічным жыцці Украіны. 

Дзесяцігоддзямі Расія праз сваіх агентаў на месцы старалася паглыбляць расколіны паміж рэгіёнамі Украіны, але на Данбасе ніколі не было моцных сепаратысцкіх настрояў. Ніякіх рухаў за незалежнасць ці далучэнне да Расіі, акрамя зусім ужо маргінальных, там не было.

Другі важны аспект: а як жа пачаліся гэтыя «восем гадоў Данбаса»?

У лютым 2014 года Расія захапіла Крым. Удзел расійскага войска ў акупацыі прызнаў асабіста Пуцін. Ваенная аперацыя пачалася яшчэ да ўцёкаў у Растоў-на-Доне былога прэзідэнта Украіны Віктара Януковіча. Крымскі «рэферэндум» быў толькі фармальнасцю.

Далей была агрэсія вясной 2014 года. Сёння прынята казаць аб гэтых падзеях як аб «вайне на Данбасе». Але рэч у тым, што Расія здолела замацавацца толькі там. Спачатку яе планы ў 2014 годзе былі значна больш амбіцыйнымі, а падзеі ў Данецкай і Луганскай абласцях мала чым адрозніваліся ад падзей у іншых паўднёвых і ўсходніх рэгіёнах. Такія ж «народныя рэспублікі» былі абвешчаныя ў Адэсе і Харкаве. Спробы былі ў Запарожжы, Дняпры (тады яшчэ Днепрапятроўску), Херсоне, Мікалаеве.

Большасць абласцей тады ўдалося адстаяць сіламі мясцовых актывістаў і праваахоўнікаў. І сёння там няма нават намёкаў на сепаратызм: усе яны ваююць супраць Расіі за незалежнасць Украіны. 

Сайт, пра які ідзе гаворка

Сайт, пра які ідзе гаворка

Як і ўсе астатнія рэгіёны, Данбас у 2014 годзе таксама спрабавалі вызваліць ад расіян. Расійская прапаганда любіць расказваць, што абвяшчэнне «народных рэспублік» было адказам на тое, што Кіеў пачаў антытэрарыстычную аперацыю. Але гэта няпраўда. Захоп адміністрацыйных будынкаў і збіццё праўкраінскіх актывістаў пачаліся яшчэ да актыўных дзеянняў Кіева. 

Толькі калі 12 красавіка 2014 года ўзброеныя людзі фактычна захапілі гарады Славянск і Краматорск, украінская ўлада абвясціла антытэрарыстычную аперацыю. Украіна, як і любая іншая дзяржава ў такой сітуацыі, як і сама Расія раней у Чачні, узялася абараняць сваю тэрыторыю ад невядомых узброеных фармаванняў. 

Захопы тых украінскіх гарадоў узначальваў расійскі афіцэр Ігар Гіркін, у чым ён сам прызнаваўся. Яго цытаты пацвярджаюць, што

калі б не жаданне Расіі далучыць Данбас, не было б ніякай вайны на Данбасе. Не было б і ніякіх забітых «дзяцей Данбаса» (ні з праўкраінскага, ні з прарасійскага лагера). 

Большасць прарасійскіх сепаратыстаў на Данбасе складалі людзі з украінскім грамадзянствам. Але яны былі толькі выканаўцамі, тады як арганізатарам і пастаўшчыком зброі выступала Расія.

Кіеў заўсёды паўтараў, што мае намер выкарыстоўваць толькі дыпламатычныя шляхі для вяртання непадкантрольных тэрыторый.

Факт, што Украіна не хацела страляць і не спрабавала вяртаць Данецк і Луганск сілай, пацвярджаецца на практыцы: з 2015 года на фронце не было ніводнага шырокамаштабнага наступу.

У 2020 годзе ўкраінскі галоўнакамандуючы Хамчак называў для гэтага ў тым ліку і чыста практычныя прычыны: занадта вялікія патэнцыйныя ахвяры сярод вайскоўцаў і цывільных, абвінавачванні ў парушэнні гуманітарнага права, перавага Расіі ў рэсурсах. Украіна не хацела і не магла «заваяваць Данбас». Яна заўсёды імкнулася аднавіць сваю цэласнасць мірным шляхам. 

Паводле даных праваабаронцаў, ніводны з бакоў не спрабаваў спецыяльна трапіць у цывільнае насельніцтва. Колькасць ахвяр сярод цывільнага насельніцтва пачынаючы з 2015 года няўхільна зніжалася. 

Некаторыя людзі, на жаль, паміралі і ў 2015—2021 гадах, але абсалютная большасць памерлі не ад абстрэлаў, а ад неразарваных мін і неасцярожнага абыходжання з выбуханебяспечнымі прадметамі.

Часцяком людзі самі правакавалі выбухі, па неасцярожнасці спрабуючы абясшкодзіць або ўтылізаваць выбуховыя рэчывы на металалом.

Украінская ўлада прытрымлівалася ўмоў спынення агню нават тады, калі гэта было непапулярна. Яна, нягледзячы на супраціў часткі грамадства, правяла некалькі этапаў развядзення войскаў на лініі фронту. Украінская ўлада гаварыла толькі пра дыпламатычны шлях вырашэння канфлікту. 

Расія ж 24 лютага пачала шырокамаштабную вайну і прынесла пакуты мільёнам людзей. 

Аргументацыя ў стылі «Дзе вы былі восем гадоў?» так распаўсюджаная сярод расійскай прапаганды, бо інакш зусім немагчыма растлумачыць уласныя злачынныя дзеянні. 

Клас
78
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
5
Абуральна
9