«Менавіта краіны Еўропы ў першую чаргу адчуваюць на сабе ўсе негатыўныя наступствы ад вайны»

Эксперт BEROC Анастасія Лузгіна адзначае, што трэнд на зніжэнне курсу еўра зарадзіўся яшчэ каля года таму, але да пачатку вайны ва Украіне меў расцягнуты па часе характар.

«Найбольш прыкметным паслабленне еўра ў адносінах да даляра ЗША стала пасля пачатку ваенных дзеянняў ва Украіне. Паколькі канфлікт знаходзіцца ў Еўропе, ля самых межаў з ЕС, а не дзесьці побач з ЗША, то менавіта краіны Еўропы ў першую чаргу адчуваюць на сабе ўсе негатыўныя наступствы гэтага канфлікту.

На фоне вайны і ўведзеных санкцый адбыўся разрыў сувязяў паміж еўрапейскімі краінамі і Расіяй, былі разбураныя лагістычныя ланцужкі, узніклі праблемы з пастаўкамі энерганосьбітаў у Еўропу. Усё гэта адбілася на росце інфляцыі. Інвестары разумеюць, што побач з межамі ЕС працягваецца ваенны канфлікт, што ёсць рызыкі, што з пачаткам вайны былі перагледжаныя прагнозы па росце ВУП, што ідзе павелічэнне інфляцыі. Усё гэта спрыяе таму, што інвестары пачалі шукаць новыя краіны для ўкладання рэсурсаў», — адзначае эканаміст.

Штаты сталі больш прывабнымі для прытоку капіталу, чым ЕС

Іншым важным фактарам, які ўплывае на курс еўра, спецыяліст называе паводзіны Федэральнай рэзервовай сістэмы ЗША (далей ФРС).

«Яшчэ ў сакавіку, калі інфляцыя ў ЗША была вышэйшай, чым у ЕС, ФРС пачаў павышаць уліковую стаўку на амерыканскім рынку. Гэта ў сваю чаргу адбіваецца на росце ўсіх астатніх ставак, у тым ліку на даходнасці дзяржаўных каштоўных папер. Працэнты па каштоўных паперах растуць і, адпаведна, расце попыт на іх з боку інвестараў. Іншымі словамі, Штаты сталі больш прывабнымі для прытоку капіталу, чым ЕС», — адзначае эксперт.

З моманту пачатку вайны ФРС ужо тройчы падвышаў стаўку і плануе працягваць гэта рабіць. У той жа час Еўрапейскі цэнтральны банк пакуль толькі плануе перайсці да больш жорсткай манетарнай палітыкі.

Па словах эканаміста, ЕЦБ дзейнічае больш асцярожна, але ўсё ж плануе павысіць стаўкі ўжо ў ліпені.

«ЗША — гэта хоць і федэратыўная дзяржава, але тым не менш адзіная, таму ў адрозненне ад ЕС яны могуць значна больш аператыўна прымаць якія-небудзь рашэнні. У той жа час Еўрапейскі Саюз больш павольны і асцярожны ў гэтым пытанні, паколькі яму трэба ўлічваць інтарэсы ўсіх краін, якія да таго ж моцна адрозніваюцца паміж сабой. Таму ЕЦБ трошкі адстае ад ФРС, што спрыяе ператоку капіталу з Еўропы ў Амерыку», — лічыць Лузгіна.

На дзеянні Еўрапейскага цэнтрабанка ўплывае таксама зніжэнне прагнозаў па росце ВУП. Павышэнне кошту грошай у эканоміцы можа яшчэ больш запаволіць гэты рост.

Не спяшайцеся бегчы ў абменнік

Гаворачы аб прагнозах, эканаміст адзначае, што ў бліжэйшы час хутчэй за ўсё не варта чакаць сур'ёзных скокаў у пары даляр\еўра, паколькі ЕЦБ ужо ў гэтым месяцы будзе звяртацца да павышэння стаўкі.

«Ваганні ў любым выпадку будуць, еўра можа як злёгку адыграць свае пазіцыі, так і яшчэ трохі патаннець. Але ніжэй, чым 0,98-0,95 еўра за даляр, на мой погляд, курс у кароткатэрміновым перыядзе не апусціцца, таму рэзкіх скокаў чакаць не варта», — лічыць эксперт.

Сыходзячы з гэтага, эканаміст не рэкамендуе беларусам, якія захоўваюць ашчаджэнні ў еўра, бегчы ў абменнікі і мяняць іх на даляры. Паколькі, прайшоўшы праз падвойную канверсію, вы ў любым выпадку страціце.

«У якой валюце цяпер лепш захоўваць зберажэнні, шмат у чым залежыць ад індывідуальных фактараў. Напрыклад, калі вам трэба нешта набываць у ЕС ці вы збіраецеся ехаць туды ў адпачынак, то рублі лепш адразу мяняць на еўра, а не купляць даляры, каб потым мяняць іх і зноў губляць на курсе.

Калі ж казаць пра больш працяглую перспектыву, то як і ў ранейшыя часы варта дыверсіфікаваць свае зберажэнні. Формула захоўвання грошай па формуле 50% у далярах і 50% у еўра па-ранейшаму застаецца актуальнай. Паколькі гэта дзве асноўныя валюты, курс паміж якімі заўсёды будзе мяняцца ў той ці іншы бок».

Што зменіцца для Беларусі?

Для самога ЕС ёсць як пэўныя станоўчыя, так і адмоўныя моманты зніжэння еўра.

«З аднаго боку нізкі еўра — гэта падаражэнне рэсурсаў, паколькі цэны на энерганосьбіты традыцыйна вылічаюцца ў далярах, а з іншага — больш выгадныя ўмовы для экспарту, паколькі цэны на еўрапейскія тавары становяцца больш прывабнымі. Хоць з экспартам не ўсё так проста, бо ў любым тавары прысутнічае і нейкая доля імпарту. Дарагі імпарт у сваю чаргу стымулюе інфляцыю. Акрамя таго ператок капіталу з адной юрысдыкцыі ў іншую таксама нясе пэўныя рызыкі».

Для Беларусі ж змяненне суадносін даляр/еўра ў цэлым не нясе ў сабе нічога асаблівага. Можна было б выказаць здагадку, што пры больш слабым еўра імпарт з ЕС становіцца больш танным, але тут трэба ўлічваць узрослую інфляцыю ў еўразоне, а таксама закладанне дадатковых лагістычных выдаткаў і рызык імпарцёрамі. Што тычыцца экспарту ў ЕС, то ён абмежаваны санкцыямі. Трэба таксама ўлічваць, што па шэрагу дагавораў, напрыклад, па энергарэсурсах, валютай кантракту можа быць даляр ЗША.

Нарэшце, варта ўлічваць, што ў Беларусі курс рубля адносна еўра і даляра перш за ўсё залежыць ад расійскага рубля. У апошнія месяцы мы назіралі як паслабленне, так і ўмацаванне беларускага рубля да даляра і еўра.

Чытайце таксама: 

Эканаміст: Экспарт зніжаецца, а не расце, як заяўляюць улады

Гадавая інфляцыя паскорылася да 17,6% у чэрвені

Клас
18
Панылы сорам
4
Ха-ха
3
Ого
8
Сумна
2
Абуральна
7