Берлінскі Форум дэмакратычных сілаў сабраў шырокі спектр палітычнай эміграцыі другога плана — ад Валерыя і Веранікі Цапкалаў да Вольгі Карач і расійскага палітолага Балкунца. На форуме не было Святланы Ціханоўскай і яе прадстаўнікоў, як і Паўла Латушкі ці значных інтэлектуальных постацяў. Затое выступаў, прыкладам, старшыня Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання Сямён Шарэцкі, які жыве ў ЗША як пенсіянер ад канца 1990-х.

Адным з самых яркіх выступаў форуму стала прамова бізнэсоўца Вадзіма Пракоп'ева.

Спачатку Пракоп'еў задаў прысутным шэраг пытанняў. Напрыклад, ён спытаў, хто згодны з сцвярджэннем, што ў «аксамітнай» рэвалюцыі няма шанцу «паваліць» гэты рэжым і што ўладу ў Лукашэнкі можна забраць толькі сілай. Яшчэ адно пытанне было пра тое, хто лічыць, што, калі б Франак Вячорка з такой жа энергіяй, з якой ён змагаецца з іншымі апазіцыянерамі, змагаўся з Лукашэнкам, то мы ўжо танцавалі б на магіле дыктатара. Пытанні знайшлі падтрымку ў зале.

Пракоп'еў расказаў пра расчараванне ў Офісе Ціханоўскай і ў сваім пошуку шляху да перамогі.

«Я досыць рана зразумеў, што ў нас з лідарствам бяда», — сказаў Пракоп'еў.

Гэтае ўсведамленне прыйшло да яго, з ягоных словаў, яшчэ ў кастрычніку 2020 года, калі ён ініцыяваў першы круглы стол у Вільні. Там ён зразумеў, што «няма ніякага жадання аб'яднаць здаровыя сілы», «узровень і маштаб асоб». Тады ён вырашыў, што будзе часткай рашэння, а не часткай праблемы.

У студзені 2021 года ён зрабіў яшчэ адну спробу пасадзіць усіх за стол перамоваў дзеля складання плана перамогі і пасля гэтага пайшоў сваім шляхам.

«Мне, дурню, здавалася, што лепш гэтага не чапаць, лепш не дапамагаць Лукашэнку, лепш не выносіць смецце з хаты», — намякнуў Пракоп'еў на нейкія ўнутраныя праблемы.

Ён вырашыў «на флангу зрабіць нейкі свой спосаб супраціву». У яго «нешта ўдалося, нешта не ўдалося», але ён упёрся ў сцяну, «як ні дзіўна, ва Украіне».

Ён меркаваў, што пабудова ва Украіне спачатку вайсковага падраздзялення, а потым палітычнага штаба, «не робячы канкурэнцыю Ціханоўскай або Латушку, а проста размаўляючы з беларускім народам, — гэта і ёсць адмычка да нашай перамогі». 

«Мы з вамі разумеем, што ніякага вайсковага пахода праз паўночную мяжу Украіны эквівалентнымі сіламі беларускай арміі немагчымы», — заявіў Пракоп'еў.

«Мы з вамі выдатна разумеем, што трэба мець сілу, навучаную, дасведчаную, правераную сілу ва ўкраінскіх баях, але пры гэтым без дэфібрылятара пратэсту, без таго, каб заразіць беларусаў ізноў ідэяй вырвацца з рабства, без спалучэння гэтых дзвюх сіл, нічога немагчыма. Не існуе ніякага спосабу перамагчы, акрамя ваенна-палітычнага», — лічыць Пракоп'еў.

«Нам патрэбны масавы пратэст, і наўрад ці ён будзе здымаць абутак перад пратэстам — хутчэй за ўсё, лаўку разбяруць гэтым разам».

Пракоп'еў сказаў, што ў яго няма прэтэнзій асабіста да Ціханоўскай, якую «жыццё не рыхтавала» да сённяшняй ролі. Але ў яго ёсць прэтэнзіі да яе атачэння і беларускай эліты, якая прапусціла шанец, якая павінна была заўважыць «псіхалагічны малюнак гэтага лідарства».

«Я быў дурнем, мяркуючы, што такая схема ва Украіне прывядзе нас да поспеху. І застанецца толькі падаць руку Ціханоўскай: Святлана, мы ўсё ўжо зрабілі. Калі ласка, дарабіце гэта на міжнароднай арэне. А мы будзем займацца ўнутранымі працэсамі ў Беларусі і мы абрасцём мускуламі, чаго не было ў 2020 годзе».

Але, прызнаецца Пракоп’еў, ён пачаў не з таго канца.

«Не памяняўшы канфігурацыю нашага лідарства», поспеху не дамагчыся, мяркуе Пракоп'еў.

Украінцы, паводле Пракоп'ева, гледзячы на беларусаў, разумеюць, што мы не ў стане сабрацца і кансалідавацца і зрабіць нейкі выразны мэсэдж, нейкі план і стратэгію.

«І яны [украінцы] зрабілі выбар, мне здаецца, гэта вялікае гора для нас. Мне здаецца, што яны ніколі Лукашэнку не забудуць ні адной ракеты, але яны будуць з ім размаўляць».

На яго думку, украінцы будуць размаўляць з Лукашэнкам — з гідлівасцю, але будуць размаўляць як з чалавекам, які кантралюе тэрыторыю.

«Мы маглі б быць не аднымі з байцоў інтэрнацыянальнага падраздзялення, а стварыць сваю вызваленчую армію. У такім выпадку ўкраінская вайна дала б нам гістарычны шанец. Але гэтага не адбудзецца», — лічыць Пракоп'еў.

«Нацыянальна-вызваленчай арміі не будзе, нашы батальёны раззброяць пасля таго як будзе першае перамір'е. І гэта наўпрост звязана з нашым палітычным лідарствам», — знаходзіць прычыну Пракоп'еў.

Пракоп'еў мяркуе, што ўкраінцы інакш ставіліся б беларускай апазіцыі, калі б яе ўзначальвала не Ціханоўская, а больш рашучы чалавек.

У якасці краін-саюзніц Пракоп'еў бачыць Брытанію і Польшчу. Але і тут праблема. Саюзнікі прызнаюць Ціханоўскую.

«Можна крыўдзіцца на саюзнікаў. Хіба яны не бачаць, што ў Ціханоўскай і плана няма, і гэтае лідарства пасіўнае, і яна адстала ад парадку дня [опоздала от повесткі], прычым не ў час вайны, а значна раней?» — наракае Пракоп'еў.

Але без нашых заходніх партнёраў па антыпуцінскай кааліцыі нам дакладна не перамагчы, таму што нам патрэбныя рэсурсы, гэта рэсурсная гульня, кажа ён.

«Можна наогул забыцца (маецца на ўвазе — заплюшчыць вочы — НН) пра пасіўнасць, бездапаможнасць нашага віленскага штаба, як я забыўся яшчэ ў 2020 годзе. І зрабіць сваю гульню, сваю барацьбу. Але так не атрымаецца. Што б мы ні ладзілі, які б мы куток уласнага, пасіянарнага супраціву рэжыму ні будавалі, мы усе прыйдзем у адзін і той жа пункт. І гэты пункт будзе такі: кім вы даводзіцеся Святлане Ціханоўскай».

«Галоўнае пытанне заключаецца ў тым, што ў нас няма лідарства, і ў нас ёсць адзін чалавек з мандатам», — прама кажа Пракоп'еў.

Дасталася ад Пракоп'ева і палітычнаму дарадцу Святланы Ціханоўскай Франаку Вячорку, і былому паслу ЗША Джулі Фішэр.

«Вячорка ідзе на павышэнне за выдатныя заслугі паслом у Манголію, таму што з Вячоркам не спрацуецца ні адзін прэм'ер-міністр. Услед за Джулі Фішэр. Гэта быў самы бессэнсоўны чалавек, беларусам жудасна пашанцавала ў двукоссях, што спецпасланнікам была Джулі Фішэр», — сярод іншага заўважыў Пракоп'еў.

«Нам трэба зрабіць з Ціханаўскай каралеву Лізавету. Мы дарэчы, здымем з яе масу псіхалагічных праблем. Мне здаецца, яна жудасна выматалася, і яна займаецца не вельмі любімай справай, гэта відаць.

А ў яе прэм'ер — Чэрчыль, кіраўнік ваеннага кабінета, мы жывём у ваенны час. Ціханоўская п'е гарбату з Джо Байдэнам, пакуль у суседнім пакоі прэм'ер-міністр размаўляе з міністрам абароны Осцінам. Але Ціханоўская змагла такую сустрэчу зладзіць, і ў гэтым яе вялікая заслуга, і ў гэтым заслуга яе міжнароднага імя. І гэтым сэнсе яна шчаслівая, і ў гэтым сэнсе ў нас ёсць прасоўванне. Прэм'ер-міністр раз у чацвер асабіста дакладвае каралеве Лізавеце пра наша прасоўванне на франтах, пазбягаючы падрабязнасцяў», — распавядае Пракоп'еў.

Пракоп'еў упэўнены, што такія хады вернуць надзею беларусам.

Пракоп'еў дадаў, што мае кандыдатуру на пост прэм'ер-міністра. І ён мае на ўвазе не сябе. Імя не назваў, але намякнуў, што гэтага чалавека ведае ўся Украіна. 

«Гэта ўвогуле не я. Я ўсяго толькі шоўмэн, паяц, радыёвядоўца, — з крыўдай сказаў Пракоп'еў, — як мяне спрабуюць забрэндаваць сябры Франака. Але вы ў мяне спытаеце, то я ведаючы чалавека асабіста, больш за тое, я з ім пажыў і папрацаваў, які мог бы, на мой погляд, быць адным з кандыдатаў для нашага беларускага Чэрчыля, для нашага прэм'ер-міністра, і, што вельмі важна ў бягучых абставінах, гэтага чалавека ведае ўся Украіна. Мы праехалі з ім паўкраіны, ад Чарнігава да Львова, і на кожным блокпасту яго пазнаюць, яго паважаюць», — апісаў Пракоп'еў свайго кандыдата.

Вадзім Пракоп'еў быў сярод арганізатараў Палка «Пагоня», набор у які праводзіўся ў Польшчы і да яго далучылася група былых афіцэраў беларускіх сілавых структур. Аднак, у адрозненне ад Палка Каліноўскага, Полк «Пагоня» пакуль не браў удзелу ў ваенных дзеяннях і, здаецца, у яго ўваходзіць нашмат менш людзей, чым у Полк Каліноўскага.

Клас
134
Панылы сорам
107
Ха-ха
19
Ого
16
Сумна
16
Абуральна
14