Прэм'ер-міністр Фінляндыі часта наведвае папулярныя мерапрыемствы, вечарынкі і канцэрты, сярод якіх і рок-фестывалі. 

На рок-канцэрт яна прыйшла з мужам Маркусам Райканенам, з якім зрабіла сэлфі падчас выступу музычных калектываў.

Расказваем, чым вядомая 36-гадовая прэм’ерка Фінляндыі. 

Не ўпершыню яна эпатуе публіку сваім стылем

У свой час Сана Марын знялася для глянцавага часопіса Trend у чорным пінжаку з глыбокім выразам на голае цела. Здымак апублікавалі на афіцыйнай старонцы таблоіда ў інстаграме, пасля чаго ўзнікла хваля крытыкі.

Праз масавы хэйт сотні еўрапейскіх жанчын вырашылі тады заступіцца за Марын і запусцілі ў сеціве флэшмоб, у рамках якога публікавалі фоты ў пінжаках на голае цела. Здымкі ў падтрымку прэм'ер-міністра Фінляндыі былі з хэштэгам #imwithsanna. Прыхільнікі Марын сцвярджалі, што жанчын ацэньваюць па знешнім выглядзе значна часцей, чым мужчын.

Іншае фота, якое шырока абмяркоўвалі, — Марын на шпацыры ў легінсах у абліпку. Папарацы знялі яе са спіны.

Фота: seiska.fi

Фота: seiska.fi

Стала кіраўніком урада вельмі маладой

Сану Марын прызначылі прэм'ер-міністрам Фінляндыі 10 снежня 2019 года. На той момант ёй было 34 гады, і яна стала самым маладым кіраўніком урада ў свеце і трэцяй жанчынай-прэм’ерам у гісторыі краіны.

Палітычную кар'еру Марын пачала ў 20 гадоў, неўзабаве ўступіла ў Сацыял-дэмакратычную партыю Фінляндыі. У 2012 годзе яе абралі ў гарадскую раду Тамперэ. З 2014 года яна была другім намеснікам старшыні Сацыял-дэмакратычнай партыі. У 2015-м, ва ўзросце 30 гадоў, яна стала дэпутатам парламента, а ў 2019-м атрымала пасаду міністра транспарту і сувязі.

Прыйшла ў палітыку з самых нізоў

Марын расла ў горадзе Тамперэ на поўдні Фінляндыі. Падлеткам яна падзарабляла ў пякарні, была касіркай. У 2012 годзе скончыла мясцовы ўніверсітэт па спецыяльнасці «дзяржаўнае кіраванне», а ў 2017 годзе стала магістрам. Сана Марын стала першай у яе сям'і, хто атрымаў вышэйшую адукацыю.

Матывам яе прыходу ў палітыку было глабальнае пацяпленне. 

«Я думаю, гэта было расчараванне ад таго, што старэйшае пакаленне не разумела, наколькі гэта важна, — кажа яна. — Змяненне клімату — гэта праблема, пра якую думае кожны прадстаўнік майго пакалення». 

Стала іконай левых лібералаў

Палітык была дачкой жанчыны, якая мела адносіны з іншай жанчынай. Фінскі прэм’ер выступае за роўныя правы для ўсіх. Як сама палітык, так і Фінляндыя сталі сапраўднымі іконамі для прагрэсістаў ва ўсім свеце. 

Калі Марын заняла пасаду прэм'ер-міністра, яе дачцэ не было і двух гадоў. Дэкрэтны адпачынак яны раздзялілі з мужам на дваіх.

Дачка Саны Марын

Сана Марын узяла шлюб з Маркусам Райканенам толькі ў 2020 годзе, хаця адносіны ў іх былі ўжо даўно. 

Ва ўрадзе Марын — 10 жанчын і 9 мужчын. 

Палітык падтрымлівае ЛГБТ-супольнасць і марыць пра выкараненне сэксізму. Выступае за тое, каб Фінляндыя стала вугляродна нейтральнай краінай да 2035 года і агулам падтрымлівае «зялёную» палітыку. Марын лічыцца адной з найбольш левых палітыкаў сярод фінскіх сацыял-дэмакратаў. Роўнасць і сацыяльнае забеспячэнне — адны з галоўных тэм у яе палітычнай дзейнасці. 

Праўда, у адным з пытанняў Марын вымушана была змяніць свае погляды. Раней яна выступала катэгарычна супраць членства сваёй краіны ў НАТА. Нават у пачатку 2022 года палітык гаварыла, што ўступленне Фінляндыі ў НАТА — малаімаверны варыянт развіцця падзей. А ўсяго праз некалькі месяцаў Марын ужо заявіла: 

«На маю думку, сяброўства ў НАТА — гэта акт міру, гаворка ідзе аб тым, каб вайна ніколі не вярнулася ў Фінляндыю», — сказала палітык. 

Ікона паўночнаеўрапейскага лібералізму і прагрэсізму загаварыла як сапраўдны «ястраб». Чарговы «поспех» палітыкі Уладзіміра Пуціна.

Фінляндыя таксама актыўна дапамагае Украіне зброяй. Па стане на 4 ліпеня, Кіеў атрымаў ад Хельсінкі ўзбраенняў і рыштунку як мінімум на 88 мільёнаў еўра.

Марын і генсек НАТА Столтэнберг. Фота: сайт урада Фінляндыі.

Марын і генсек НАТА Столтэнберг. Фота: сайт урада Фінляндыі.

Клас
161
Панылы сорам
10
Ха-ха
6
Ого
7
Сумна
2
Абуральна
11