«Калі тут наб’ём Расіі морду — марыянетачны рэжым у Беларусі абрынецца»

Ігару 56 гадоў. Пазыўны ў яго «Сапіенс». Такая мянушка была ў героя ў адной камп'ютарнай гульні. Ігар жыў у Гомелі, у 2020 годзе дакументаваў злачынствы міліцыі для Міжнароднага камітэта па катаваннях. Узімку 2021 года яго затрымалі. 28 дзён Ігар праседзеў у ІЧУ, увесь час трымаў галадоўку пратэсту.

Калі «прыйшлі» па праваабаронцаў, а мясцовая міліцыя пачала праяўляць да Ігара «нездаровую цікавасць», ён выехаў ва Украіну. Жыў у Кіеве, дапамагаў адаптавацца і легалізавацца беларускім палітычным уцекачам. На момант пачатку вайны ён з іншымі беларусамі жыў у Бучы.

Пад вокнамі стралялі, ішлі вулічныя баі. У кватэры не было ані газу, ані вады і святла. «Наглядзеўся на ўсё гэта пекла ў Бучы. Пасля гэтага нават сумневаў не меў, што гэты фашызм трэба душыць на корані. Цудам з сяброўкай вырваліся з Бучы, перайшлі лінію фронту і трапілі ў Кіеў. Яшчэ да вайны мы дамаўляліся з сябрамі-беларусамі, што ў выпадку чаго будзем ваяваць за Украіну. Бо гэта наш шанец вярнуцца дадому. Калі мы тут набʼём морду Расіі — марыянетачны рэжым у Беларусі абрынецца», — тлумачыць «Сапіенс».

За савецкім часам Ігар служыў у войску. Але ваенным досведам гэта не лічыць.

«Мы ахоўвалі БАМ, чыгунку, грузы на Далёкім Усходзе. Цяпер матывацыя была простая — наблізіць час вяртання дадому. Бо я ўсё-ткі хачу і веру, што вярнуся ў Гомель, з ім звязваю свае планы на будучыню. Нават калі на той час буду пенсіянерам», — разважае баец.

«Пасля Бучы я па-іншаму стаўлюся да смерці»

Ігар называе яшчэ адну прычыну, па якой далучыўся да палка — адказнасць.

«Ракеты і самалёты ляцелі з Беларусі, з маёй Радзімы. Адтуль жа ішлі калоны, якія мы бачылі на ўласныя вочы. Не віну, але адказнасць за гэта я адчуваю. Нам яшчэ доўга адмывацца ад гэтага і даводзіць свету, што мы нармальныя людзі», — кажа «Сапіенс».

У палку ён займаецца матэрыяльным забеспячэннем. У гэтым кірунку працуе з ЗСУ і валанцёрамі.

«Мы — афіцыйная частка ЗСУ. Яны займаюцца ўзбраеннем. Мы займаемся прыборамі начнога бачання, тактычнымі акулярамі, пальчаткамі, прыцэламі і гэтак далей. Нам нашы дыяспары дапамагаюць. Але многія патрэбныя, але спецыфічныя рэчы цяжка пераходзяць праз мяжу. Натуральна, нечага ўвесь час не хапае. Ці хутка, пасля баявых, прыходзіць у непрыдатнасць. Бо калі чалавек паранены ў баі — то ніхто ж не будзе акуратна здымаць, скажам, порткі. Іх разрэжуць, каб перавязаць рану. Часам не знайсці бронекамізэлькі. Ці было такое, што паставілі іх, але там пласціны для паліцыі, не для вайны. Такія пласціны не ўтрымаюць аскепкаў. Таму мянялі пласціны», — тлумачыць Ігар.

Яму давялося ўдзельнічаць у пахаванні пабрацімаў. Кажа, што гэта моцныя, цяжкія перажыванні. Тым больш у палку Ігар сустрэў шмат знаёмых, прыяцеляў.

«Але пасля жахаў Бучы, усяго, што я там бачыў, я па-іншаму стаўлюся да смерці. Можа «прыляцець», у тым ліку і нам, і мне. Псіхіка ў чалавека такая, што яна трансфармуецца падчас вайны, ты хутчэй адыходзіш ад усяго. Разумееш, што гэта вайна», — кажа «Сапіенс».

«Што Лукашэнка натварыў — нам з гэтым доўга расхлёбвацца»

У Ігара практычна няма вольнага часу. Бо працы шмат. Звычайна ён кладзецца па поўначы, а 6 раніцы ўжо на нагах. «Думаў кіно паглядзець, але за тры месяцы паглядзеў толькі па палове трох серый. Пакуль не атрымліваецца адпачыць. То там недароблена, то там. Увесь час у гэтым кругавароце. Стамляюся. Ужо не да кніг часам. Лёг і выключыўся адразу», — кажа баец.

Планы і мары яго павязаныя з Гомелем, з Беларуссю. «Калі вызваляць Херсон, Крым, Данбас — Гомель будзе наступны. Бо ў Расіі пасля вызвалення ўкраінскіх тэрыторый такое пачнецца, што іхні рэжым сам абваліцца. Наш, натуральна, следам за ім. Я не веру, што нашы людзі, якія атрымліваюць цяпер жахлівыя тэрміны, будуць столькі сядзець! Такое не можа быць проста, гэта трызненне, столькі рэжым не можа існаваць. Я буду пасля вайны ці збіраць сведчанні супраць тых, хто катаваў людзей у Беларусі, ці даводзіць усюды, дзе магчыма, што мы нармальныя людзі, у нас нармальная краіна. Што натварыў Лукашэнка — нам з гэтым доўга яшчэ расхлёбвацца», — кажа Ігар.

У палку яму не хапае вольнага часу, дакладней — «вольнага часу для асабістага жыцця». Стасункі ў Ігара з іншымі байцамі добрыя, хоць бываюць і спрэчкі, і невялікія канфлікты. «Прыходзяць і патрабуюць, каб ім выдалі тое і тое. Але ў мяне гэтага папросту няма. Такое бывае, што часам сварышся з людзьмі. Хоць я чалавек неканфліктны, але часам трэба праявіць характар», — кажа баец.

Ён думае — хоць кажа, што хоча памыліцца, — што вайна працягнецца яшчэ года паўтара ці два. «Але я веру ў перамогу. Веру, што вярнуся ў Гомель», — дадаў «Сапіенс».

Клас
23
Панылы сорам
3
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2