Фота: mlyn.by

Фота: mlyn.by

«Каб вы сабе ўяўлялі псіхалагічны партрэт Паршына: сувораўскае дзяцінства, трагічная гібель дачкі, — кажа пра Паршына яго калега з міліцыі. — Паломнічаў на Афон (праваслаўны манастыр у Грэцыі. — НН), ходзіць у царкву па нядзелях, але ў сілу прафесійнай дэфармацыі жыве ў вечным рэжыме «вакол ворагі». Зброю ён заўсёды носіць з сабой», — дадае афіцэр.

«Хлопцу яшчэ пашанцавала, што Паршын яго выпадкова не забіў», — кажа ён. 

У лукашэнкаўскіх тэлеграм-каналах з'явіліся публікацыі, якія маюць на мэце дыскрэдытаваць падлеткаў і абяліць Паршына. Але звярнула ўвагу, што лукашэнкаўцы далучылі да іх два фотаздымкі, але не відэа эпізода цалкам. 

Крыніцы «Нашай Нівы» кажуць, што ў Паршына пасля гэтай сутычкі дыягнаставалі «страсенне мозгу». 

Дзейны сілавік каментуе: «Такіх «страсенняў» было шмат пасля 9 жніўня 2020-га, бо трэба было неяк ставіць дыягназы, каб паказваць колькі сярод міліцыі «ахвяр». Страсенне — немагчыма даказаць, ёсць яно ці не. Дактары такі дыягназ пішуць проста па факце падзення».

Артыкул 29 закона «Аб органах унутраных спраў» забараняе ўжываць зброю пры значным скапленні людзей, калі ад гэтага могуць пацярпець іншыя асобы, а таксама ў дачыненні непаўналетніх, калі іх узрост відавочны або вядомы.

На кадры бачна, што ў двары знаходзіцца група падлеткаў.

«Але ў законе ёсць прыпіска: апроч выпадкаў учынення ўказанымі асобамі ўзброенага або групавога нападзення ці іншых дзеянняў, якія пагражаюць жыццю ці здароўю грамадзян.

Незалежны суд палічыў бы, што яўная пагроза жыццю — гэта калі на цябе пруць з нажом або бітай.

А ў выпадку Паршына гэта можа нацягвацца так: калі падлеткаў шмат, можа быць, нехта спрабаваў разняць яго з хлопцам, дакрануўся да Паршына, і ён скажа, што ўспрыняў гэта як акружэнне і калектыўнае нападзенне. 

А ўдар ад хлопца ў купе са «страсеннем» можа трактавацца як «яўная пагроза здароўю». А калі яму гэтае «страсенне» аформяць як атрыманае ў сувязі з выкананнем службовай дзейнасці, «спыняючы крымінальнае злачынства», то ён атрымае грашовую кампенсацыю, ну і страхоўку яшчэ», — лічыць афіцэр.

Калі разбіраць юрыдычна, кажуць калегі, то ў дзеяннях Паршына некалькі крымінальных артыкулаў: перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў (артыкул 426), хуліганства (339). 

Згодна з артыкулам 64 КК, абцяжваючымі абставінамі з'яўляецца здзяйсненне злачынства грамадска небяспечным спосабам (п.4).

«Зброя ўжываецца толькі тады, калі няма іншых спосабаў спыніць нападзенне. Не кажучы пра папераджальны стрэл. Паршын мог крыкнуць аб дапамозе, ужыць прыёмы самаабароны, уцячы, нарэшце, калі яму здавалася, што яму нешта пагражае. 

Мы глядзім на кадры «нападу з розных бакоў»: вакол хлопца і Паршына стаяць тры дзяўчыны. Дзве глядзяць на тое, што адбываецца, а адна наогул кудысьці сыходзіць. На наступным кадры хлопец хапае Паршына за руку, пры гэтым ізноў вакол тры дзяўчыны — напэўна, непаўналетнія.

У гэтай сітуацыі, калі мужчына ў цывільным дастаў у грамадскім месцы пісталет і пагражае, пры гэтым вакол трое непаўналетніх і нават адна малалетняя (да 14 гадоў) дзяўчына, хлопец, па законе, быў абавязаны спыніць крымінальнае злачынства.

Вядома, па-добраму ўвогуле не трэба было лезці — тэлефануй у 102, калі табе здаецца, што парушаецца грамадскі парадак. А так… Па грамадзянцы лезеш вучыць жыццю дзяцей. А потым страляеш. Нават калі казаць пра неабходную самаабарону, то тут відавочнае яе перавышэнне.

Ніхто нават з таго лагеру не ацэніць гэтую бздуру як подзвіг», — дадаў афіцэр. 

«Жыву ў свабоднай краіне»: падлетак пасадзіў на зямлю экс-кіраўніка ГУБАЗіКа. Той у адказ пачаў страляць ПАДРАБЯЗНАСЦІ

Клас
28
Панылы сорам
21
Ха-ха
5
Ого
3
Сумна
2
Абуральна
143