Некалькі дзён таму намесніца міністра абароны Украіны Ганна Маляр заявіла, што Узброеным сілам Украіны не хапае ўзбраення для паспяховага супрацьстаяння акупантам. Яна сцвярджае, што армія атрымала ад Захаду толькі 10% зброі ад запытанага ўкраінскім бокам аб'ёму. 

У сваю чаргу дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк назваў аб'ём узбраенняў, які патрэбны Украіне ад Захаду, каб скончыць вайну, недастатковым. Па яго словах, для парытэту ў цяжкай зброі Украіне неабходна:

  • 1000 гаўбіц 155-мм;
  • 300 РСЗА;
  • 500 танкаў;
  • 2000 адзінак бронетэхнікі;
  • 1000 дронаў.

Увесь час на нерашучасць і павольнасць хаўруснікаў наракаюць і іншыя ўкраінскія чыноўнікі і палітыкі. Заходнія журналісты гэтыя заявы бачаць, і таму яны спыталі 15 чэрвеня пасля «Рамштайн-3» (сустрэчы ў Бруселі ў штаб-кватэры НАТА дзясяткаў міністраў абароны заходніх краін па пытанні дапамогі Украіне) у амерыканскіх вайскоўцаў, што яны пра гэта думаюць. 

Вось якімі былі адказы міністра абароны ЗША Лойда Осціна і старшыні Аб'яднанага камітэта начальнікаў штабоў ЗША генерала Марка Мілі. 

У адказ на пытанне журналіста аб тым, што «Украіна публічна запытала вялікі спіс зброі, сярод якога 1000 гаўбіц, 500 танкаў і 300 сістэм залпавага агню», а ЗША і іх хаўруснікі не даюць такой колькасці зброі, генерал Мілі адказаў:

«Наконт лічбаў. Я не ведаю, адкуль гэтыя лічбы, на якія вы спасылаецеся, але я гаварыў з генералам Залужным, і мы атрымліваем спісы. Гэта афіцыйныя запыты ад іх Міністэрства абароны. Яны прасілі 10 батальёнаў артылерыі — было пастаўлена 12 батальёнаў артылерыі. Зноў жа, было пастаўлена 97 тысяч процітанкавых сістэм. Гэта больш процітанкавых сістэм, чым танкаў у свеце. Яны прасілі 200 танкаў — яны атрымалі 237 танкаў. Яны прасілі 100 баявых машын пяхоты — яны атрымалі больш за 300. Мы паставілі 1600 або каля таго сістэм СПА і каля 60 тысяч ракет да іх. Калі я кажу «мы», я маю на ўвазе міжнародную супольнасць.

260 артылерыйскіх ствольных сістэм — альбо ракетная, альбо ствольная артылерыя ўжо пастаўлена. Усяго 383 адзінкі, і, як я ўжо сказаў, амаль паўмільёна артылерыйскіх снарадаў таксама пастаўлена.

Лойд Осцін узяў пад сумнеў заўвагу са спасылкай на намесніка міністра абароны Украіны, што Украіна атрымлівае толькі 10% ад той зброі, якую просіць, сказаўшы, што ён не ведае, хто казаў пра гэтыя 10 адсоткаў, і параіў звярнуцца да намесніка міністра па разгорнуты каментар. І што толькі што ў іншым пакоі ён гутарыў з міністрам абароны Украіны Аляксеем Рэзнікавым, з якім падтрымлівае рэгулярны кантакт, як і генерал Мілі, некалькі разоў на тыдзень гутарыць з генералам Залужным.

«Мы сёння, як ужо неаднаразова абмяркоўвалі пункт за пунктам, што ім трэба, і што актуальна ў гэтай барацьбе. Мы ўпэўненыя, што прыкладаем усе намаганні, каб даць ім усё тое, што яны лічаць патрэбным». 

Выходзіць, насамрэч украінскія і заходнія вайскоўцы, як відаць з адказаў амерыканцаў, маюць нашмат лепшы ўзровень камунікацыі і супрацоўніцтва, чым пра гэта кажуць украінскія чыноўнікі ў сваіх папулісцкіх заявах. 

Навошта ўкраінскія палітыкі згушчаюць фарбы? Магчыма, для таго, каб сваімі заявамі паўплываць як на ўкраінскую грамадскую думку, так і на грамадскую думку заходніх краін — каб тыя падганялі сваіх палітыкаў і вайскоўцаў яшчэ больш дапамагаць Украіне. 

Клас
59
Панылы сорам
11
Ха-ха
3
Ого
12
Сумна
2
Абуральна
8