У сваю чаргу, Арлову і Някляеву ніхто не збіраецца дапамагаць у нечым разбірацца. Паводле СМІ, кнігі гэтых аўтараў (агулам 33 прозвішчы) маюць быць выключаныя са школьных бібліятэк. Інфармацыю пра гэта Мінадукацыі не пацвердзіла, але ж цікава, які лёс напаткае «крамольную літаратуру» ў далейшым: спаляць на школьным стадыёне, здадуць на макулатуру, парвуць на самакруткі?..

Усе гэтыя патугі — агітаваць за «афіцыйных» пісьменнікаў і выкідаць з бібліятэк «неафіцыйных» — смярдзяць нафталінам. Нібыта аўтары рашэнняў жывуць у СССР, дзе хударлявыя студэнты перадаюць адно аднаму дрыготкімі рукамі «Архіпелаг ГУЛАГ» Салжаніцына, а пасля на пракураных кухнях паўшэптам чытаюць «Мы живем, под собою не чуя страны…».

Зразумела, што колькасць аматараў Арлова ці Някляева ад гэтых рашэнняў не паменее. Колькасць чытачоў у «афіцыйных» пісьменнікаў (даруйце, апроч Чаргінца, не ўзгадаю ніводнага) не паболее. Усё гэта — магічныя аперацыі для самазаспакаення дзядзечак у шкляных касцюмах, не больш. Застаецца толькі выкачаць з сеціва максімум «крамольнай» літаратуры, распіхаць па дыскетах ды — патрушчыць усё камбайнамі, як санкцыйныя яблыкі.

Што забараняць у «новай Беларусі»? Няма чаго!

Ну, дапусцім. Кожная сістэма так ці інакш змагаецца з кнігамі, змест якіх пагражае нацыянальнай бяспецы. Ва Украіне, скажам, таксама забараняецца ў продажы тое-сёе з расійскай літаратуры. У Расіі — з украінскай. «Майн Кампф» забароненая да продажу ў вялікай колькасці краінаў свету, хоць кожны ахвочы можа яе сцягнуць з сеціва. Усё гэта шмат у чым сімвалічныя акты ў стагоддзе тэхналогіяў.

Дык вось. Пытанне ў тым, што калі ўрэшце паўстане «новая Беларусь», прыгожая, светлая і з нацыянальным стрыжнем, уладзе таксама варта будзе — хаця б у рамках сімвалічнага акту — нешта забараніць з той, папярэдняй Беларусі. Але… што забараняць? Якія кнігі, які інтэлектуальны прадукт паўстаў у рамках сістэмы Лукашэнкі, які мог бы лічыцца яе ідэйнай асновай?

У тым і сок — яго не існуе.

Парадаксальна, але большасць таталітарных ці аўтарытарных сістэмаў мелі ідэалагічныя падмуркі, аформленыя ў кнігі. Бясконцыя тамы Сталіна (ад пытанняў ленінізму да філалогіі), аўтабіяграфія Гітлера, «Рухнама» Туркменбашы. Нават Пуцін з Мядзведзевым пішуць (ці за іх пішуць) артыкулы па гісторыі. Не кажучы пра працы філосафаў, ідэолагаў ці пісьменнікаў, якія размазваюць ідэалогію ў адпаведных для іх жанрах.

Пасля падзення падобных сістэмаў гэтыя кнігі і ёсць тым грунтам, на якім можа вырасці новае пакаленне адэптаў: неасталіністаў, неатрацкістаў, мааістаў і неанацыстаў. Для таго іх і забараняюць, зрэшты цалкам беспаспяхова ствараючы адно дадатковую рэкламу.

«Рэвалюцыя мокрых штаноў» не ўратуе

Феномен сістэмы Лукашэнкі ў тым, што яна абсалютна… антыкніжная. За дзесяцігоддзі не паўстала нічога: ані аўтабіяграфіі правадыра, ані ідэалагічных талмудаў, ані філасофіі гісторыі краіны, ані чытэльных вострасюжэтных раманаў пра спецназ з Мар’інай Горкі. Ідэолагі-гісторыкі-філосафы нібыта ёсць, а прадукту — няма.

Што застанецца? Падшыўкі «СБ» і «Звязды»? Брашуркі па ідэалогіі беларускай дзяржавы, якія перапісваюцца кожныя пару год? Зборнік Марзалюка пра генацыд беларускага народа і 1939 год?..

Нават біяграфію лідара здолеў напісаць адно замежнік Рой Мядзведзеў. Не кажучы пра «палітычны запавет» ці «маніфест» самога героя: яго не існуе.

Беларуская сістэма ў сённяшнім яе выглядзе можа ўвайсці ў гісторыю як рэдкі выпадак цалкам дэінтэлектуалізаванага рэжыму. Рэжыму, які ў найлепшым выпадку карыстаецца рэтраспектывай (старая савецкая літаратура) ці расійскім кантэнтам (бясконцыя кнігі Старыкава). Пацешная «Рэвалюцыя мокрых штаноў» Мукавозчыка ў мяккай вокладцы сітуацыю не ўратуе.

У чым сакрэт? У асобе

У чым сакрэт? Як так сталася? Варта ж было б хаця б для саліднасці абзавесціся нейкім інтэлектуальным пулам, які б худа-бедна пісаў і выпускаў кнігі з залачонымі пераплётамі, не?..

Магчыма, сакрэт у асобе таго, на кім усё гэта трымаецца.

Пра бібліятэку Сталіна ходзяць легенды: ён быў чытаючым чалавекам, начамі гартаў п’есы і раманы, вырашаў, што падабаецца, а што не. Пра бібліятэку Гітлера пішуць даследаванні на падставе пары тысяч тамоў, якія цудам захаваліся і складаюць асобны фонд Бібліятэкі Кангрэса ЗША: там ёсць пазнакі на палях, подпісы, падкрэсліванні.

Пра бібліятэку нашага героя гісторыя сціпла змаўчыць. Канешне, нешта там раскідана па кабінетах і рэзідэнцыях, накшталт падоранага Кучмам раскошнага «Гасудара» Макіявелі. Але гэта будуць найхутчэй нечытаныя кнігі, якія нічога не распавядуць пра асобу іх уласніка.

Фантасмагарычны будынак Нацыянальнай бібліятэкі, збудаваны па ягонай ініцыятыве, стане найлепшым помнікам сістэме, якая адмовілася ад кнігі як такой.

Клас
62
Панылы сорам
1
Ха-ха
17
Ого
2
Сумна
0
Абуральна
4