Адмысловае даследаванне, праведзенае аўстралійскім варыянтам выдання брытанскай газеты The Guardian (Guardian Australia), выявіла амаль 60 падабенстваў ці нават аднолькавых сказаў у рамане Х’юза «Сабакі» («The Dogs») з кнігай Алексіевіч, якая ўпершыню выйшла па-руску ў 1985 годзе, а яе англамоўны пераклад — «War's Unwomanly Face» — у 2017 годзе.

Справа плагіяту набыла агульнанацыянальны розгалас, паколькі раман «Сабакі» Джона Х’юза апынуўся ў доўгім спісе найбольш прэстыжнай літаратурнай прэміі ў Аўстраліі імя Майлза Фрэнкліна.

Алексіевіч: Гэта абуральна

Выданне Guardian Australia выслала Святлане Алексіевіч шэраг урыўкаў з «Сабак» і спытала пра відавочнае выкарыстанне яе матэрыялу. Беларуская пісьменніца даслала праз перакладчыка кароткую заяву, якую цытуе The Guardian: «Я ніколі не чула пра The Dogs і не звязвалася з Хʼюзам. Даслоўныя вытрымкі з маёй кнігі абуральныя, і я, вядома, не пагаджалася на гэта».

Калі гэтыя самыя ўрыўкі паказалі перакладчыкам кнігі «У вайны не жаночае аблічча», сужэнцам Рычарду Півіру і Ларысе Валахонскай, яны назвалі падабенствы і супадзенні «даволі незвычайнымі».

«Такога не бывае выпадкова: не з такімі канкрэтнымі словамі, іх паслядоўнасцю, тонам апавядання, — заявілі яны. — На гэта, безумоўна, варта звярнуць увагу суддзяў [літаратурнай прэміі імя Майлза Фрэнкліна] і грамадскасці».

Х'юз: «Я быў сапраўды здзіўлены»

У заяве для The Guardian Хʼюз сказаў, што пачаў пісаць «Сабак» 15 гадоў таму, і гэты працэс уключаў шмат запісаў размоваў з яго ўкраінскімі бабкай і дзедам, якія распавядалі пра шмат выпадкаў, падобных да тых, што змяшчаюцца ў кнізе Алексіевіч.

Пісьменнік сказаў, што ўпершыню прачытаў «У вайны не жаночае аблічча», калі кніга выйшла на англійскай мове ў 2017 годзе, і выкарыстоўваў яе на занятках творчага пісьменства са студэнтамі.

«Я тады выбраў урыўкі, якія хацеў выкарыстаць, і з тых часоў не вяртаўся да самой кнігі, — сказаў Хʼюз. — У нейкі момант, неўзабаве пасля таго, як я, напэўна, дадаў іх да стэнаграмаў, якія я рабіў у інтэрв'ю са сваімі бабкай і дзедам на працягу многіх гадоў, … [я пачаў] лічыць іх сваімі ўласнымі».

Пісьменнік дадаў, што аповеды бабулі і дзядулі ў ягонай свядомасці змяшаліся з вуснымі гісторыямі Алексіевіч: «Я больш не мог іх адрозніць, нават калі б хацеў».

Хʼюз працягнуў: «Я не спрабую тут апраўдвацца. Я хутчэй спрабую зразумець, як я мог так непасрэдна выкарыстаць часткі твора іншага пісьменніка, не ўсведамляючы, што я гэта раблю. Я ні на адным этапе напісання не меў намеру выдаць твор Алексіевіч за свой уласны і быў сапраўды здзіўлены, калі ўбачыў матэрыял, уключаны ў газетны артыкул (няма нічога больш трывожнага, чым выявіць, што ваш творчы працэс зусім не тое, што вы думалі)».

«Я хацеў бы папрасіць прабачэння ў спадарыні Алексіевіч і яе перакладчыкаў за тое, што выкарыстаў іх словы без прызнання (іх аўтарства)», — сказаў Джон Хʼюз.

Журы прэміі імя Майлза Фрэнкліна (фінансавая частка ўзнагароды — 60 тысяч даляраў) выдаліла кнігу Джона Х’юза «Сабакі» з доўгага спісу прэтэндэнтаў.

Не толькі Алексіевіч, але і іншыя

Праз некалькі дзён пасля выкрыцця плагіяту Джона Х’юза зThe Guardian паведаміў, што даследчыкі знайшлі ў яго «Сабаках» таксама ўрыўкі і фразы, якія вельмі моцна падобныя да некаторых фармулёвак і фраз з кніг «Вялікі Гэтсбі» Фрэнсіса Скота Фіцджэральда, «Ганна Карэніна» Льва Талстога і «На заходнім фронце без перамен» Эрыха Марыі Рэмарка.

«Я не думаю, што я плагіятар большы, чым любы іншы пісьменнік, на якога паўплывалі вялікія, якія былі да іх», — адказаў Х’юз на гэтыя новыя закіды.

* * *

Дзеля параўнання прывядзём тры кароткія ўрыўкі з англійскага перакладу кнігі Святланы Алексіевіч «У вайны не жаночае аблічча» і тры адпаведныя ім урыўкі з кнігі Джона Х’юза «Сабакі», якія апублікаваў The Guardian, іякія могуць падпадаць пад катэгорыю літаратурнага плагіяту:

War's Unwomanly Face:

Somebody betrayed us… The Germans found out where the camp of our partisan unit was.

[W]e were saved by the swamps where the punitive forces didn’t go.

For days, for weeks, we stood up to our necks in water.

The Dogs:

Someone betrayed us… The Germans found the camp. We were saved by the swamps. For days we stood up to our necks. Mud and water.

War's Unwomanly Face:

The baby was hungry… It had to be nursed… But the mother herself was hungry and had no milk.

The Dogs:

The baby was hungry.

But she was hungry too and had little milk.

War's Unwomanly Face:

The baby cried. The punitive forces were close… With dogs… If the dogs heard it, we’d all be killed. The whole group — thirty of us… You understand?

[W]e can’t raise our eyes. Neither to the mother nor to each other…

The Dogs:

[T]he Germans were close… we could hear the dogs. If the dogs heard it…?

There were thirty of us… No one could look at me… No one… You understand…

Клас
1
Панылы сорам
4
Ха-ха
7
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
2