— Мы бачым паток «пакаяльных» відэа палітвязьняў, якія распаўсюджваюцца на тэлеграм-каналах ГУБАЗіКу і іншых прапагандысцкіх каналах. Нярэдка відэа зьяўляецца празь вельмі кароткі час пасьля затрыманьня. Як гэта робіцца, як гэтага дамагаюцца?

— Калі я служыў, такога не было. Гэта прыдумалі ў 3-м упраўленьні ГУБАЗіК пад кіраўніцтвам Міхаіла Бедункевіча. Наколькі я ведаю з крыніц адтуль, ствараецца такі вобраз ГУБАЗіКа, што гэта такая жахлівая машына, што калі ты туды трапіў, то яна цябе перамеле і жыцьцё тваё скончанае.

Яны часам затрымліваюць людзей, ня маючы ніякіх зьвестак пра іх «злачынную» дзейнасьць. Яны праводзяць масавыя прапрацоўкі людзей, якіх падазраюць ва ўдзеле ў пратэстах. Проста затрымліваюць усіх.

Пры гэтым выкарыстоўваецца сілавое затрыманьне. Запрашаюцца супрацоўнікі САХР (Спэцыяльны атрад хуткага рэагаваньня.  РС), якія затрымліваюць чалавека з выкарыстаньнем сілы, магчыма, б'ючы яго, запалохваючы, выломваючы дзьверы ў кватэру пры затрыманьні.

Чалавек аказваецца ў моцным стрэсе. Яго хапаюць, у машыне яго таксама апрацоўваюць. Яго прывозяць у ГУБАЗіК, там зьбіраюцца некалькі супрацоўнікаў для ўчыненьня псыхалягічнага ціску.

Яны могуць нават не ўжываць гвалту. Але вакол затрыманага крычаць, грукаюць па стале, пагражаюць пасадзіць яго ў турму на ўсё жыцьцё ці расстраляць. Абы ён што-небудзь расказаў. Яны пра яго могуць нават нічога ня ведаць. Акрамя таго, што ў жніўні 2020 году яго прыцягвалі да адказнасьці.

Аляксандар Азараў

Аляксандар Азараў

Праз гадзіну такой апрацоўкі чалавек ужо гатовы сказаць усё, што ім трэба. Яны кажуць: «Мы запісваем відэа з табой, а потым мы цябе адпускаем. А калі не, то мы цябе пасадзім спачатку на «суткі», а потым — крымінальная справа».

«Або ты проста запісваеш відэа і паедзеш дадому, павер нам на слова», — кажуць яны. Яму на аркушыку пішуць, што ён павінен сказаць. Ён гэта чытае пад камэру.

У большасьці выпадкаў яго пасьля гэтага не адпускаюць. Верыць ім ня варта. Чалавека ўсё роўна саджаюць, бо ім патрэбны паказьнікі службовай дзейнасьці.

— А чаму патрэбны ня толькі прызнаньні, але і пакаяньні? Прызнаньне мае пэўны юрыдычны сэнс. А пакаяньне навошта, каму патрэбнае?

— Гэта know-how 3-га ўпраўленьня ГУБАЗіКа. Яны гэта прыдумалі для таго, каб прынізіць пратэст. Вось чалавек стаяў на барыкадах, махаў сьцягам, а тут ён сядзіць заплаканы і кажа, што памыляўся, і просіць прабачэньня. Гэта прыніжэньне чалавека, ім гэта патрэбна для самасьцьвярджэньня.

Яны дэманструюць, што яны тут такія мачо. А гэтыя на вуліцы былі героі, а тут плачуць. Яны і адзін аднаму гэтыя відэа паказваюць, маўляў, вось якія гэтыя змагары. Вось Лукашэнка — моцны мужык, і мы тут усе мацёрыя. І яны ствараюць імідж апазыцыі, што гэта анучы. Калі ты служыш Лукашэнку — ты мужык. А пойдзеш туды — ты бачыш, кім ты станеш.

— А хто канкрэтна гэта прыдумаў — Карпянкоў, Бедункевіч? Магчыма, нехта з адміністрацыі Лукашэнкі?

— Не, самі. У 3-м упраўленьні сабраліся людзі, якія ненавідзяць усё беларускае і сьвята служаць Лукашэнку. І Расеі. Для іх Пуцін — гэта герой. Яны б яго партрэты ў кожным кабінэце павесілі, калі б можна было.

Прыдуманая брыгада Касьцюшкі і намесьнік начальніка ГУБАЗіК МУС Міхаіл Бядункевіч

Прыдуманая брыгада Касьцюшкі і намесьнік начальніка ГУБАЗіК МУС Міхаіл Бядункевіч

Калі я глядзеў першыя «пакаяльныя» відэа, я пазнаў кабінэт, дзе яны запісваліся. Гэта кабінэт начальніка аддзелу 3-га ўпраўленьня Ігара Луневіча. Можна зрабіць выснову, што гэта яго прыдумка.

Ён верны сабака Бедункевіча, ён на ўсіх нарадах на ўсе пытаньні Бедункевіча адказваў: «Дазвольце выконваць». Бедункевіч задаволены сьмяяўся, казаў: «Маладзец».

— А гэты «пачын» з пакаяньнямі ГУБАЗіКу распаўсюджваецца на іншыя сілавыя структуры — на Сьледчы камітэт, на КДБ, на іншыя падразьдзяленьні МУС?

— Я не заўважаў, каб іншыя падразьдзяленьні выкарыстоўвалі гэты мэтад. Сумленны афіцэр ня можа такое запісваць. У будучай Беларусі ГУБАЗіК трэба будзе выкараніць. Іншым агідна, відаць, такое рабіць. Нават КДБ такое ня робіць.

Але ёсьць такая рэч, як унутрыкамэрная распрацоўка. Падсажваецца агент, які пераконвае вязьня пакаяцца і напісаць яўку з павіннай. Я тут жыву на эміграцыі, пытаўся ў мясцовых паліцыянтаў, ці ёсьць у іх нешта падобнае. Кажуць — не, гэта ж парушэньне правоў чалавека.

Мы рабілі расьсьледаваньне пра такога Славу Воўка. Гэта агент ГУБАЗіКа, ён зараз знаходзіцца з Варшаве. Ён якраз і займаўся прымусам людзей да дачы паказаньняў. Ёсьць людзі, якія расказваюць, што ён зь імі рабіў. Я пра гэта не магу расказаць нікому. Як Дудзінскі ня можа расказаць пра тое, што рабілі зь ім.

Людзі казалі, што іх саджалі ў камэру, так званую «прэс-хату», дзе гэты Слава Воўк быў старшым па камэры. І ён зь іх зьдзекаваўся, біў, каб яны пакаяліся.

Але людзі бываюць розныя. Статкевіч, Дзядок ніякіх «пакаяльных» відэа не запісвалі.

— А ламаць спрабуюць усіх? Ці некаторых і не спрабуюць, бо разумеюць, што не зламаеш? Ці спрабуюць усіх, а не атрымаецца, дык і ладна?

— Усіх не ламаюць. Прынамсі, Слава Воўк быў адзін такі ў СІЗА на Валадарскага. Тысячы людзей зламаць ён ня мог. Да яго падсажвалі толькі цікавых людзей, скажам так. Тых, хто мае ўплыў. Такіх, як Дзядок, скажам. Але калі чалавек не ламаецца, то ў іх азарт нават узьнікае. Маўляў, кажаш, што не зламаесься, ну мы зараз паглядзім, як ты не зламаесься.

— Агулам кажучы, ва ўлады была вялікая спакуса, каб зламаўся на прызнаньне, скажам, Віктар Бабарыка. Паводле апытаньняў Chatham House, ён зь лета 2020 году да гэтага часу застаецца самым папулярным палітыкам краіны. А заяві ён, што рабіў усё за грошы — ці Крамля, ці ЦРУ, папрасіў бы прабачэньня ў Аляксандра Рыгоравіча — і які ў б яго быў рэйтынг? Не атрымалася зь яго гэта выбіць?

— Ня ведаю, ці ўжываліся такія мэтады адносна яго. Мяркую, што да вельмі вядомых асобаў такія мэтады не ўжываюцца. Тых, хто вядомы ў сьвеце, баяцца чапаць. Са звычайнымі людзьмі так абыходзіцца могуць, зь вельмі вядомымі — наўрад ці.

— І апошняе пытаньне вам як прафэсіяналу. Ці любога можна зламаць?

— Ня ведаю, я не спрабаваў.

Што такое ініцыятыва ByPol

  • У ініцыятыву ByPol уваходзяць былыя і цяперашнія працаўнікі сілавых структур, нязгодныя з гвалтам, фальсыфікацыямі і масавымі рэпрэсіямі, якія ўзмацніліся ў Беларусі пасьля выбараў 2020 году.
  • Згодна са справаздачай на тэлеграм-канале ByPol, унутраныя дакумэнты сілавых структур у офіс арганізацыі паступаюць штодня. Асаблівая ўвага надаецца супрацоўніцтву зь дзейнымі сілавікамі, якія сьвядома дапамагаюць апанэнтам рэжыму.
  • Як вынік, ByPol рэгулярна публікуе сакрэтныя ведамасныя ўказы і аўдыёзапісы перамоваў высокіх чыноў сілавога блёку (напрыклад, экс-старшыні КДБ Вадзіма Зайцава, былога начальніка ГУБАЗіК Мікалай Карпянкова ды іншых).
  • Iніцыятыва аб’ядноўвае былых беларускіх сілавікоў, уключна з супрацоўнікамі Камітэту дзяржбясьпекі, Апэратыўна-аналітычнага цэнтру, Службы бясьпекі прэзыдэнта ды іншых структураў.
  • У красавіку 2021 суд Чыгуначнага раёну Гомля прызнаў Telegram-канал ByPol экстрэмісцкім. 8 лістапада 2021 суд вызнаў ByPol і распрацаваны ініцыятывай мабілізацыйны плян «Перамога» «экстрэмісцкімі фармаваньнямі».

Людзі паспрабавалі запісацца ў «брыгаду Касцюшкі». І вось што атрымалася

BYPOL апублікаваў новае расследаванне пра агентурную сетку МУС 

Клас
11
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
45