Раён у Кіеве, пацярпелы ад вайны. Фота: АР.

Раён у Кіеве, пацярпелы ад вайны. Фота: АР.

Зіма 1932—33 гадоў была страшная. Брыгады ў складзе камуністаў і камсамольцаў шныпарылі ў вёсках, канфіскуючы апошнія астаткі ежы. Яны шукалі ў агародах ямкі з закапаным збожжам, пратыкалі сцены ў пошуках тайнікоў з прадуктамі. Дым? Значыць, схавалі муку і пякуць хлеб. У тым годзе сяляне елі пацукоў, жаб і лебяду. Мільёны памерлі ад голаду.

У той час «актывісты» не адчувалі аніякай віны. Савецкая прапаганда неаднаразова казала ім, што нібыта заможныя сяляне, якіх яны называлі кулакамі, былі сабатажнікамі і ворагамі, багацеямі, упартымі землеўладальнікамі, якія перашкаджалі савецкаму пралетарыяту дасягнуць утопіі, абяцанай Сталіным. Кулакі павінны быць змеценыя, раздушаныя, як паразіты або мухі. Іх ежу трэба аддаць рабочым у гарадах, якія заслужылі яе болей. Праз шмат год савецкі перабежчык ўкраінскага паходжання Віктар Краўчанка напісаў пра тое, як быў удзельнікам адной з такіх брыгад:

«Каб пазбавіць сябе душэўных пакутаў, ты хаваеш непрыемныя праўды ад чужых вачэй, паўпрыкрыўшы вочы — і пазбаўляеш сябе розуму. Ты істэрычна апраўдваешся і адмахваешся ад праўды такімі словамі, як «перабольшанне» і «істэрыя».

Ён таксама апісаў, як палітычны жаргон і эўфемізмы дапамаглі маскіраваць праўду. Яго каманда казала пра «сялянскі фронт» і «кулацкую пагрозу», «вясковы сацыялізм» і «класавы супраціў», каб не бачыць чалавека ў людзях, у якіх яны кралі ежу. У Льва Копелева, іншага савецкага пісьменніка, які ў маладосці служыў у брыгадзе актывістаў, а пазней правёў шмат год у ГУЛАГу, былі вельмі падобныя разважанні. Ён таксама выявіў, што клішэ і ідэалагічныя фармулёўкі дапамагаюць яму хаваць тое, што ён робіць, нават ад самога сябе:

«Я пераканаў сябе, патлумачыў сабе, што не павінен паддавацца цяжару жалю. Мы ўсведамлялі гістарычную неабходнасць. Мы выконвалі свой рэвалюцыйны абавязак. Мы здабывалі збожжа для сацыялістычнай айчыны. Для пяцігадовага плана».

Не трэба было спачуваць сялянам. Яны не заслугоўвалі таго, каб існаваць. Іхнія сельскія багацці хутка стануць здабыткам усіх.

Але кулакі не былі багатыя, яны галадалі. Сельская мясцовасць не была багатай, яна стала пусткай. Вось, як апісаў гэта Краўчанка ў сваіх успамінах, напісаных шмат гадоў пасля:

«Вялікая колькасць інструментаў і механізмаў, пра якія калісьці прыватныя ўладальнікі клапаціліся як пра каштоўнасці, цяпер ляжалі раскіданымі пад адкрытым небам, брудныя, іржавыя, іх не адрамантуеш. Па двары блукалі змардаваныя каровы і коні, пакрытыя скарынкай гною. Куры, гусі і качкі зграямі капаліся ў непрыбраным збожжы».

Рэчаіснасць, якую ён бачыў сваімі вачыма, назаўжды адбілася ў ягонай памяці. Але ў той час ён здолеў падмануць сябе. Вось як Васіль Гроссман, іншы савецкі пісьменнік, дае гэтыя словы персанажу ў сваім рамане «Усё цячэ»:

«Я больш не зачараваны, цяпер я бачу, што кулакі былі людзьмі. Але чаму ў той час маё сэрца было такім змёрзлым? Калі дзеяліся такія жудасныя рэчы, калі вакол мяне дзеяліся такія пакуты? І праўда ў тым, што я сапраўды не думаў пра іх як пра людзей. «Яны не людзі, яны кулацкае ахвосце» — гэта тое, што я чуў зноў і зноў, гэта тое, што ўсе паўтаралі».

З таго часу прайшло дзевяць дзесяцігоддзяў. Савецкага Саюза больш не існуе. Творы Копелева, Краўчанкі і Гросмана ўжо даўно даступныя любому рускамоўнаму чытачу.

Напрыканцы 80-х, у перыяд галоснасці, іхнія кнігі і іншыя апавяданні пра сталінскі рэжым і ГУЛАГ былі бестсэлерамі ў Расіі. Калісьці мы меркавалі, што простае пераказванне гэтых гісторый не дазволіць іх паўтарыць. Але хоць гэтыя кнігі даступныя, цяпер мала хто іх купляе. «Мемарыял», самае важнае таварыства ў Расіі, што збірала гісторыі палітычных рэпрэсіяў, было вымушанае зачыніцца. Музеі і помнікі ахвярам застаюцца маленькімі і малавядомымі. Замест таго каб слабець, здольнасць расійскай дзяржавы хаваць рэчаіснасць ад сваіх грамадзян і дэгуманізаваць сваіх ворагаў стала мацнейшай і магутнейшай, чым калі-небудзь.

Усё гэта — абыякавасць да гвалту, амаральная абыякавасць да масавых забойстваў, вядомая кожнаму, хто знаёмы з савецкай гісторыяй.

Цяпер патрабуецца менш гвалту, каб дэзынфармаваць грамадскасць: у пуцінскай Расіі не было масавых арыштаў у маштабах, якія выкарыстоўваліся ў сталінскай Расіі. Магчыма, у гэтым і няма неабходнасці, бо расійскае дзяржаўнае тэлебачанне, асноўная крыніца інфармацыі для большасці расейцаў, больш забаўляльнае, больш вытанчанае, больш стыльнае, чым праграмы на старых радыёпрымачах сталінскай эпохі. Сацыяльныя сеткі таксама выклікаюць значна большае прывыканне і ўцягнутасць аўдыторыі, чым дрэнна надрукаваныя газеты сталінскага часу. Прафесійныя тролі і ўплывовыя асобы могуць фармаваць анлайн-зносіны такім чынам, каб гэта было карысна Крамлю, але са значна меншымі намаганнямі, чым у мінулым.

Сучасная расійская дзяржава таксама ўстанавіла больш нізкую планку. Замест таго, каб прапаноўваць сваім грамадзянам бачанне ўтопіі, яна хоча, каб яны былі цынічнымі і пасіўнымі. Ці сапраўды яны вераць у тое, што кажа ім дзяржава, не мае значэння. Хоць савецкія лідары хлусілі, яны спрабавалі зрабіць так, каб іх хлусня здавалася рэальнай. Яны злаваліся, калі хто-небудзь абвінавачваў іх у хлусні, і прыводзілі фальшывыя контраргументы.

У пуцінскай Расіі палітыкі і тэлевядучыя гуляюць у іншую гульню. Яны хлусяць пастаянна, нахабна, відавочна. Але калі вы іх абвінавачваеце ў хлусні, яны не пераймаюцца тым, каб давесці, што яны кажуць праўду. Калі рэйс MH17 авіякампаніі Malaysia Airlines быў збіты над Украінай у 2014 годзе, расейскі ўрад адрэагаваў не толькі адмаўленнем, але і мноствам гісторый, праўдападобных і не надта: вінаватая ўкраінская армія, або ЦРУ, або гэта была гнюсная змова, у выніку якой 298 загінулых людзей былі змешчаныя ў самалёт, каб інсцэнаваць катастрофу і дыскрэдытаваць Расею. Гэты пастаянны паток хлусні выклікае не абурэнне, а апатыю. Маючы так шмат тлумачэнняў, як вы можаце ведаць, ці з'яўляецца што-небудзь з іх праўдай? Што, калі нішто ніколі не бывае праўдай?

Замест таго, каб прапагандаваць камуністычны рай, сучасная расійская прапаганда цягам апошняга дзесяцігоддзя факусавалася на ворагах. Расейцам вельмі мала распавядаюць пра тое, што адбываецца ў іх гарадах або пасёлках. У выніку яны не змушаныя, як калісьці савецкія грамадзяне, сутыкацца з разрывам паміж рэальнасцю і выдумкай. Замест гэтага ім пастаянна распавядаюць пра месцы, якіх яны не ведаюць і ніколі не бачылі: ЗША, Францыя і Вялікабрытанія, Швецыя і Польшча — месцы, напоўненыя выраджэннем, крывадушнасцю і «русафобіяй». Даследаванне расійскага тэлебачання з 2014 па 2017 год паказала, што негатыўныя навіны пра Еўропу з'яўляліся на трох асноўных расейскіх каналах, кантраляваных дзяржавай, у сярэднім 18 разоў на дзень. Некаторыя гісторыі былі выдуманыя, да прыкладу, пра тое, што ўрад Германіі сілком забірае дзяцей з гетэрасексуальных сем'яў і аддае іх гей-парам. Але нават праўдзівыя гісторыі былі падабраныя каб паказаць, што штодзённае жыццё ў Еўропе страшнае і хаатычнае, еўрапейцы слабыя і амаральныя, Еўрапейскі Саюз агрэсіўны захопнік.

Грамадзяне ЗША, якія рэдка думаюць пра Расію, былі б ўражаныя, даведаўшыся, колькі часу расійскае дзяржаўнае тэлебачанне надае амерыканскаму народу, амерыканскай палітыцы і нават амерыканскім культурным войнам. У сакавіку прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін на прэс-канферэнцыі прадэманстраваў вельмі блізкае знаёмства з аргументамі ў Twitter пра Джаан Роўлінг і яе поглядах на правы трансгендараў. Цяжка ўявіць сабе якога-небудзь амерыканскага палітыка, ды і наогул амаль любога амерыканца, які гэтак жа абазнаны ў папулярнай расійскай інтэрнэт-спрэчцы. Ніводны амерыканскі палітык не жыве і не дыхае ўзлётамі і падзеннямі расійскіх прыватных спрэчак гэтак жа, як расійскі прэзідэнт жыве і дыхае бітвамі, якія адбываюцца ў амерыканскіх кабельных сетках і ў сацыяльных сетках, у якіх яго прафесійныя тролі і давераныя асобы ваююць і прымаюць чый-небудзь бок, прасоўваючы тое, што па іхнім меркаванні выкліча рознагалоссі і палярызацыю.

У зменлівым кактэйлі з гневу і страху, які прасоўваецца кожную ноч у расійскіх вячэрніх навінах, Украіна ўжо даўно адыгрывае асаблівую ролю. У расійскай прапагандзе Украіна — гэта несапраўдная краіна, краіна без гісторыі і легітымнасці, месца, якое, са слоў самога Пуціна, з'яўляецца «Паўднёва-заходнім краем», неад'емнай часткай «гісторыі, культуры і духоўнай прасторы Расіі». Болей, па словах Пуціна, гэтая фальшывая дзяржава была пераўтвораная здурэлымі, блізкімі да смерці заходнімі дзяржавамі ў варожую «антырасійскую» дзяржаву. Прэзідэнт Расіі назваў Украіну «цалкам кантраляванай звонку калоніяй з марыянеткавым рэжымам». Па ягоных словах, уварванне ўва Украіну патрэбнае, каб абараніць Расію «ад тых, хто ўзяў Украіну ў закладнікі і спрабуе выкарыстаць яе супраць нашай краіны і нашага народа».

Па праўдзе кажучы, Пуцін уварваўся ва Украіну для таго, каб уласнаручна перабудаваць яе ў калонію з марыянеткавым рэжымам, бо ён не можа ўявіць, што можа быць іначай. Яго ўяўленне, якое знаходзіцца пад уплывам ідэалогіі КДБ, не дапускае магчымасці сапраўднай палітыкі, масавых рухаў, нават грамадскай думкі. Кажучы мовай Пуціна і мовай большасці расейскіх тэлекаментатараў, ва ўкраінцаў няма свабоды волі. Яны не могуць самі рабіць выбар. Яны не могуць самі абраць урад. Яны нават не людзі — яны «нацысты». І таму іх можна знішчыць без згрызот сумлення, як і кулакоў да іх.

Сувязь паміж мовай генацыду і паводзінамі генацыду не апрыёрная і нават не прадказальная. Людзі могуць абражаць і зневажаць адзін аднаго, не спрабуючы забіць. Але хоць не кожнае выказванне, якое прапагандуе нянавісць, вядзе да генацыду, усім генацыдам папярэднічалі выказванні нянавісці. Сучасная расійская прапагандысцкая машына апынулася ідэальным сродкам як для здзяйснення масавых забойстваў, гэтак і для ўтойвання іх ад грамадскасці. Шараговыя апаратчыкі, аператыўнікі ФСБ і добра прычасаныя вядоўцы, якія арганізуюць і вядуць нацыянальны публічны дыскурс, гадамі рыхтавалі сваіх суайчыннікаў да таго, каб яны не адчувалі жалю да Украіны.

Ім гэта ўдалося. З першых дзён вайны было відавочна, што расійскія вайскоўцы загадзя планавалі, што шматлікія цывільныя асобы, магчыма, мільёны, будуць забітыя, параненыя або вымушаныя пакінуць свае дамы ва Украіне. Іншыя напады на гарады на працягу ўсёй гісторыі — Дрэздэн, Ковентры, Хірасіму, Нагасакі — адбыліся пасля некалькіх гадоў жудаснага канфлікту. Наадварот, сістэматычныя бамбардзіроўкі цывільнага насельніцтва ва Украіне пачаліся ўсяго праз некалькі дзён пасля ўварвання. У першы тыдзень вайны расійскія ракеты і артылерыя цэлілі ў жылыя дамы, бальніцы і школы. Калі рускія акупавалі ўкраінскія гарады і пасёлкі, яны выкрадалі або забівалі мэраў, мясцовых дарадцаў, нават дырэктара музея з Мелітопаля, бязладна паліваючы кулямі і тэрарызуючы ўсіх астатніх. Калі ўкраінская армія адбіла Бучу, яна выявіла трупы са звязанымі за спінай рукамі, якія ляжаць на дарозе. Калі я была там у сярэдзіне красавіка, я бачыла іншых, якіх кінулі ў брацкую магілу. За першыя тры тыдні вайны задакументаваныя шмат выпадкаў бессудовых пакаранняў смерцю, згвалтаванняў і масавага разграблення маёмасці цывільных.

Марыупаль, пераважна рускамоўны горад памерам з Маямі, амаль спустошаны. У моцным інтэрв'ю напрыканцы сакавіка прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі адзначыў, што ў папярэдніх еўрапейскіх канфліктах акупанты не руйнавалі ўсё, бо ім самім трэба было дзесьці гатаваць, есці, мыцца. Падчас нацысцкай акупацыі, паводле ягоных словаў, «у Францыі працавалі кінатэатры». Але ў Марыупалі інакш: «усё згарэла». Дзевяноста адсоткаў будынкаў былі разбураныя ўсяго за некалькі тыдняў. Велізарны сталеліцейны завод, які, як многія меркавалі, хацела кантраляваць армія заваёўнікаў, быў цалкам разбураны. У разгар баявых дзеянняў цывільныя асобы знаходзіліся ў пастцы ўнутры горада, не маючы доступу да ежы, вады, электрычнасці, цяпла ці лекаў. Мужчыны, жанчыны і дзеці паміралі ад голаду і абязводжвання. Абстрэльвалі тых, хто спрабаваў уцячы. Стралялі таксама ў тых, хто спрабаваў прывезці ежу ў горад. Целы загінулых, як ўкраінскіх мірных жыхароў, гэтак і салдат абодвух бакоў, ляжалі на вуліцы непахаванымі многія дні.

Тым не менш, нават калі гэтыя злачынствы здзяйсняліся на відавоку ўсяго свету, расійская дзяржава паспяхова хавала гэтую трагедыю ад свайго ўласнага народа. Як і ў мінулым, дапамагло выкарыстанне жаргону. Гэта не было уварваннем, гэта была «спецыяльная ваенная аперацыя». Гэта не было масавым забойствам украінцаў, гэта была «абарона» жыхароў усходнеўкраінскіх тэрыторый. Гэта не было генацыдам, гэта была абарона ад «генацыду, здзейсненага кіеўскім рэжымам». Дэгуманізацыя украінцаў завяршылася ў пачатку красавіка, калі дзяржаўны вэб-сайт РІА Навіны апублікаваў артыкул, у якім сцвярджалася, што «дэнацыфікацыя» Украіны запатрабуе «ліквідацыі» ўкраінскага кіраўніцтва і нават знішчэння Украіны, бо быць украінцам азначае быць нацыстам: «украінства — гэта штучная антырасейская канструкцыя, якая не мае ўласнага цывілізацыйнага зместу, і з'яўляецца падначаленым элементам чужой і далёкай цывілізацыі». Экзістэнцыйная пагроза стала відавочнай напярэдадні вайны, калі Пуцін паўтарыў старыя прапагандысцкія штампы пра вераломны Захад, выкарыстоўваючы мову, знаёмую расейцам: «Яны імкнуліся разбурыць нашы традыцыйныя каштоўнасці і навязаць нам свае ілжывыя каштоўнасці, якія разбурылі б наш народ знутры, яны агрэсіўна навязваюць сваім краінам погляды, якія вядуць да дэградацыі і выраджэння, бо супярэчаць чалавечай прыродзе».

Усім расейцам, якія маглі выпадкова ўбачыць фатаграфіі Марыупаля, былі дадзеныя тлумачэнні. 23 сакавіка расейскае тэлебачанне транслявала кадры руінаў горада — кадры з беспілотніка, магчыма, скрадзенага ў CNN. Але замест таго, каб узяць на сябе адказнасць, яны абвінавацілі ўкраінцаў. Адна тэлевядучая з сумным выглядам апісала гэтую сцэну як «жахлівую карціну, у якой [украінскія] нацыяналісты, адыходзячы, спрабуюць не пакінуць каменя на камені». Міністэрства абароны Расеі фактычна абвінаваціла батальён «Азоў» у выбуху ў Марыупальскім тэатры, дзе хаваліся сотні сем'яў з дзецьмі.

Навошта украінскім патрыётам наўмысна забіваць украінскіх дзяцей? Гэта яны не тлумачылі. Але, з іншага боку, нічога ніколі не тлумачыцца. І калі нічога нельга ведаць дакладна, то нікога нельга вінаваціць. Мабыць, украінскія «нацыяналісты» разбурылі Марыупаль. Мабыць, не. Нельга зрабіць ніякіх дакладных высноваў, і ніхто не можа быць прыцягнуты да адказнасці.

Мала хто з іх адчувае раскаянне. Апублікаваныя запісы тэлефонных размоваў паміж расейскімі салдатамі і іх сем'ямі поўныя пагарды да ўкраінцаў. «Я стрэліў у машыну», — кажа адзін салдат жанчыне, магчыма, сваёй жонцы ці сястры. «Страляйце ў вырадкаў, — адказвае яна, — пакуль гэта не вы. Да д'ябла іх. Чортавы наркаманы і нацысты». Яны кажуць пра крадзяжы тэлевізараў, распіванне каньяку і расстрэлы людзей у лясах. Яны не турбуюцца стратамі, нават сваімі ўласнымі. Радыёперамовы паміж расейскімі вайскоўцамі, якія забівалі мірных жыхароў у Бучы, была гэткімі ж абякавымі. Зяленскі быў у жаху ад бестурботнасці, з якой расейцы прапанавалі адправіць украінцам некалькі мяшкоў для смецця, каб яны загарнулі трупы сваіх салдат: «нават калі памірае сабака або котка, людзі гэтага не робяць», — сказаў ён журналістам.

Усё гэта — абыякавасць да гвалту, амаральная абыякавасць да масавых забойстваў, нават пагарда да жыццяў уласных, расійскіх салдат — знаёмая любому, хто ведае савецкую гісторыю ці гісторыю Германіі, калі ўжо на тое пайшло. Але расійскія грамадзяне і расійскія салдаты альбо не ведаюць гэтай гісторыі, альбо не пераймаюцца ёй. Прэзідэнт Зяленскі сказаў мне ў красавіку, што, як «алкаголікі [якія] не прызнаюць, што яны алкаголікі», рускія «баяцца прызнаць віну». Не было ніякай расплаты пасля галадамору, або ГУЛАГа, або Вялікага тэрору 1937-38 гадоў, аніводанага моманту, калі злачынцы выказвалі афіцыйнае, інстытуцыянальнае шкадаванне. Цяпер у нас ёсць вынік. За выключэннем Краўчанкі і Копелева, ліберальнай меншасці, большасць расейцаў прынялі афіцыйную версію мінулага і пайшлі далей.

Яны не людзі, а кулацкія адкіды, казалі яны сабе тады. Яны не людзі, а ўкраінскія нацысты, кажуць яны сабе сёння.

Клас
22
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
7
Абуральна
2