Фота: Мінабароны
— У Гродне ім аказваецца дапамога, — кажа чытач. — Аднаму з пацярпелых было выдаленае адно лёгкае. Аперыравалі хлопцаў сёння ноччу. Адзін з іх у рэанімацыі ўніверсітэцкай клінікі на ШВЛ у цяжкім стане. У яго множныя пераломы, разрыў лёгкага, траўмы кішэчніка. Увогуле, траўмы і касцей, і ўнутраных органаў. Другі — лягчэйшы. Ён быццам бы знаходзіцца ў ваенным шпіталі.
Адзін з супрацоўнікаў Гродзенскай універсітэцкай клінікі пацвердзіў гэтую інфармацыю. Паводле яго звестак, пацярпелы паступіў у медустанову ўвечары 12 траўня.
— Аднаго ваеннага ў нас дакладна аперыравалі. Зрабілі рэзекцыю лёгкага. Стабільны, — распавёў суразмоўца. — Незразумела, чаму прывезлі ў нашу клініку: вайскоўцаў адпраўляюць зазвычай у гродзенскі ваенны шпіталь. Нібыта бэтээрам прыціснула.
Дзе дакладна ўсё адбылося, пакуль невядома. Але каля Гродна ёсць адзін танкавы палігон. Ён знаходзіцца ў Гродзенскім раёне недалёка ад аграгарадка Гожа.
Мы патэлефанавалі на «гарачую лінію» Міністэрства абароны ў якасці бацькоў прызыўніка. Дзяжурны супрацоўнік паведаміў, што «нічога пра салдат не чуў» і гэта «няправільная інфармацыя».
— Я вам дакладна кажу, што ні сёння, ні ўчора ні на якім палігоне ніхто не пацярпеў. Дрэнна, што чуткі ўсякія няправільныя распаўсюджваюцца. Не хвалюйцеся, — сказаў супрацоўнік Міністэрства абароны.
Таксама журналісты даслалі запыт у прэс-службу ведамства, але адказу пакуль не атрымалі.
Калі вам вядомыя падрабязнасці здарэння, напішыце нам у чат-бот @nasa_niva_bot.





