Знятыя з выставы карціны Аляксандра Бельскага
Чытачка «Нашай Нівы» патэлефанавала ў Міністэрства культуры і пацікавілася, чаму каля 40 мастакоў знялі з выставы.
Ірына Дрыга, начальнік галоўнага ўпраўлення дзяржаўных спецыяльных культурных мерапрыемстваў і прафесійнага мастацтва, сышла ад адказу:
«Міністэрства культуры не з'яўляецца арганізатарам гэтай выставы. Адказаць на вашыя пытанні могуць арганізатары».
У Саюзе мастакоў, які з’яўляецца адным з арганізатараў выставы, сказалі звяртацца непасрэдна ў Палац мастацтваў.
«Мы проста падтрымліваем выставу, але не аплачваем гэтыя плошчы. Я вам на ваша пытанне ніяк не адкажу. Спісы публікаваў сам Палац мастацтваў, мы іх толькі разглядаем і бачым, добра гэта ці дрэнна. Справа ў тым, што там будуць яшчэ выставы. Магчыма, гэтыя мастакі ўзнікнуць на іх», — адказала Наталля Шаранговіч, першая намесніца старшыні Саюза мастакоў.
У Палацы мастацтваў агучылі наступную прычыну.
«Карціны ў выніку не прайшлі адбор. Крытэрыі адбору я не ведаю. Паняцця не маю, хто быў у журы.
Мы выстаўлялі працы, напрыклад, Аляксандра Бельскага ўсе папярэднія гады. Але вясна змяняе лета, а лета восень. І ў нейкі момант адбываюцца падзеі, пасля якіх з'яўляецца паўза. Але, канешне, паўза не ў творчай дзейнасці Аляксандра Бельскага», — сказаў Андрэй Янкоўскі, спецыяліст па выставачнай дзейнасці.
Чытайце таксама:
«Працы знялі па патрабаванні чыноўнікаў Мінкульта». Са стратамі ад цэнзуры ў Мінску адкрываецца фестываль «Арт-Мінск»
Уладзімір Караткевіч: Перамагчы цемру з усходу, быць сабой і беларусам і не здавацца ВІДЭА





