Акупацыйныя ўлады Херсонскай вобласці збіраюцца звярнуцца да прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна з просьбай «уключыць» рэгіён у склад Расіі, паведамляюць расійскія агенцтвы са спасылкай на «намесніка кіраўніка ваенна-цывільнай адміністрацыі» Кірыла Страмавусава. Прытым ніякіх рэферэндумаў рабіць не хочуць. 

«Ніякіх ХНР на тэрыторыі Херсонскай вобласці стварацца не будзе, рэферэндумаў не будзе. Гэта будзе адзін указ на падставе звароту кіраўніцтва Херсонскай вобласці да прэзідэнта Расійскай Федэрацыі, і будзе просьба ўвесці вобласць у склад паўнавартаснага рэгіёна Расійскай Федэрацыі», — прыводзяць яго словы расійскія СМІ.

У планах акупацыйных уладаў «з нуля» стварыць пенсійную і банкаўскую сістэму. «Украінскі бок не дасць рэестр пенсіянераў. Выбудуем банкаўскую сістэму. Тады пяройдзем, калі зможам надзяляць людзей грамадзянствам РФ. Нікога прымушаць не будзем», — сказаў Страмавусаў.

У сваю чаргу, прэс-сакратар прэзідэнта Расіі Дзмітрый Пяскоў казаў пра гэтую праблему «абцякальна». Паводле яго, «рашэнне аб звароце да Расіі з просьбай прыняць Херсонскую вобласць у склад РФ павінны прымаць жыхары гэтага рэгіёна». Бо, маўляў, «падобныя лёсавызначальныя рашэнні павінны мець абсалютна выразную юрыдычную падаплёку, абгрунтаванне, быць абсалютна легітымнымі так, як гэта было ў выпадку з Крымам».

У той жа час дарадца кіраўніка Офіса прэзідэнта Украіны Міхаіл Падаляк, каментуючы жаданне акупацыйных уладаў Херсоншчыны далучыць рэгіён да Расіі, напісаў, што

«ўкраінская армія вызваліць Херсон, якія б гульні слоў не выстройвалі акупанты». А самі яны могуць прасіцца аб далучэнні хоць да Марса, хоць да Юпітэра.

Клас
6
Панылы сорам
1
Ха-ха
12
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
3