Соф'я Сапега. Скрыншот з відэа

Соф'я Сапега. Скрыншот з відэа

Зараз Соф'я Сапега знаходзіцца ў турме № 1 Гродна. Яна, кажа Сяргей Дудзіч, «забітая прысудам». Амаль за год, які родныя не бачыліся, дзяўчына «стала дарослай».

— Ведаеце, калі глядзіш на дзіця і разумееш: яно ператварылася ў дарослага, — усміхаецца Сяргей, адказваючы на пытанне, як гэтыя месяцы змянілі Соф'ю.

Дзве гадзіны спаткання, працягвае суразмоўца, праляцелі, нібы хвіліна. Пра што гаварылі?

«Пра асабістае, — адказвае мужчына і просіць не ўдавацца ў падрабязнасці. — Мы так доўга не бачыліся і не чуліся, было пра што пагаварыць».

На спатканне сваякі прывезлі Соф'і рэчы і прадукты. Усё, што перадавалі, у іх прынялі.

— Соф'я расказвала, чым імкнецца заняць сябе ў зняволенні?

— Мы яе бачылі на наступны дзень пасля суда, пасля адной ночы, якую яна правяла ў камеры. Сказала, знайшла нейкую кнігу па псіхалогіі, чытае, — адказвае суразмоўца, заўважаючы, што літаратуру перадаваць асуджаным нельга.

— Учора Раман Пратасевіч напісаў у сваім тэлеграм-канале пра тое, што ажаніўся. Ці ведае Соф'я пра гэта?

— Для нас гэтага чалавека не існуе. Я не ведаю і ведаць не хачу, хто ён, што ён. Як яго завуць, я забыўся. Няма яго, няма. Я спадзяюся, для Соф'і таксама. Не існуе такіх людзей для нас, — адказвае Сяргей.

— Ці будзе Соф'я абскарджваць прысуд?

— Яна пакуль не прыняла рашэння.

— На судзе Соф'я была вельмі прыгожай.

— Дзякуй Богу, цяпер яна таксама добра выглядае. Але гэта вонкава, а ўнутрана яна зусім іншая. Яна зразумела, з чым ёй давядзецца сутыкнуцца ў бліжэйшыя гады. Гэта калонія. І пакуль яна не можа ўсвядоміць гэта да канца. Вядома, яна спадзяецца, што выйдзе… не скажу, што ў найбліжэйшы час. Жыве пакуль надзеяй пра свабоду.

— Дзе вы з мамай Соф'і бралі сілы, каб трымацца ўвесь гэты няпросты год?

— Цяжкі год толькі наперадзе. Днямі мы зразумелі, што гэты год — гэта была белая паласа. Як у анекдоце, ёсць дзве паласы, белая і чорная, вось гэтая была, аказваецца, белая. Цяпер жа таксама не зразумела, што далей. Хутчэй за ўсё, Соф'ю накіруюць у калонію ў Гомелі, але калі, колькі будзе доўжыцца этап?

Але мы [з мамай дзяўчыны] разумеем: нам трэба жыць далей. Калі мы зараз апусцім рукі і здадзімся, то хто ж Соф'ю сустрэне? Ніхто.

— У якім стане мама?

— Ні ў якім… — уздыхае Сяргей.

Напісаць Соф'і Сапега можна па адрасе: турма № 1 Гродна, вуліца Кірава, 1, індэкс 230 023.

— Яна будзе радая лістам, — кажа Сяргей Дудзіч.

Клас
17
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
136
Абуральна
21