Фота: АР

Фота: АР

Вайна Расіі супраць Украіны ідзе ўжо трэці месяц. За гэты час расійскае Міністэрства абароны адчыталася аб стратах сваіх вайскоўцаў толькі двойчы. Апошні раз — 25 сакавіка, больш за месяц таму Генштаб паведаміў пра 1351 загінуўшага. З таго часу ад афіцыйнай Масквы ні слова аб стратах. Пры гэтым Вялікабрытанія паведамляе ўжо пра 15 тысяч загінуўшых расійскіх салдат. А па даных украінскага боку на 30 красавіка, Расія страціла ўжо больш за 23 тысячы вайскоўцаў.

«Важныя гісторыі» склалі свой спіс, вывучыўшы паведамленні ў тэлеграм-канале «Горюшко», які збірае публікацыі пра загінуўшых ваенных. Журналісты ўстанавілі месцы жыхарства і даты нараджэння салдат. На момант публікацыі яны пацвердзілі гібель 1855 чалавек. Расказваем, што пра іх вядома.

8 з 10 загінуўшых былі маладзейшыя за 35 гадоў

За два месяцы вайны пра гібель салдат паведамлялі ўсе рэгіёны Расіі, акрамя Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі. Пры гэтым загінуўшыя размеркаваныя па рэгіёнах нераўнамерна. Напрыклад, з Масквы, дзе жыве 9% насельніцтва Расіі, у спісе «Важных гісторый» усяго тры чалавекі. А ў Бураціі, дзе жыве каля мільёна чалавек, ці менш за 1% расіян, пацверджаны ўжо мінімум 91 загінуўшы.

Калі суаднесці гэтыя страты з колькасцю мужчынскага насельніцтва ў рэгіёнах ва ўзросце ад 18 да 45 гадоў, то антылідарамі стануць Буратыя, Тува, Паўночная Асеція, Кастрамская вобласць і рэспубліка Алтай.

З-за вайны смяротнасць маладых людзей у Расіі ўжо вырасла больш як на чвэрць. 

У мірны час за два месяцы ў сярэднім памірала 3,4 тысячы мужчын ва ўзросце ад 18 да 30 гадоў, а за два месяцы баявых дзеянняў загінулі яшчэ як мінімум 903 чалавекі таго ж узросту. І гэта толькі тыя, чыю гібель удалося пацвердзіць і ўстанавіць год нараджэння. У рэальнасці загінуўшых можа быць значна больш: пра смерць салдат не заўсёды паведамляюць нават рэгіянальныя ўлады, а пра некаторыя выпадкі становіцца вядома толькі па паведамленнях родных у сацсетках.

У тых рэгіёнах, адкуль паходзіць найбольш загінуўшых, смяротнасць маладых мужчын ужо вырасла ў разы. Напрыклад, у Бураціі пацверджаная гібель 91 ваеннага, узрост удалося ўстанавіць для 87 з іх. 54 салдаты былі маладзейшыя за 30 гадоў. Гэта павялічыла колькасць смерцяў для мужчын да 30 гадоў у рэспубліцы на 165 працэнтаў.

Армія — адзіны стабільны працадаўца ў рэгіёнах

Большасць вайскоўцаў, якія загінулі на вайне ва Украіне, жылі ў невялікіх населеных пунктах. Амаль дзве траціны памерлых былі родам з маленькіх рэгіянальных гарадоў і вёсак. Узровень жыцця там значна ніжэйшы, чым у сярэднім па Расіі. Напрыклад, узровень беспрацоўя ў Бураціі, Тыве, Паўночнай Асеціі і Дагестане складае ад 10 да 15% — гэта ў 2-3 разы вышэй за сярэдні расійскі ўзровень.

У маленькіх населеных пунктах, адкуль часцей за ўсё былі загінуўшыя расійскія салдаты, часта няма нават базавых выгод. 

Напрыклад, у сёлах і вёсках Тывы толькі 3% ад усіх жылых памяшканняў абсталяваныя адначасова вадаправодам, каналізацыяй, ацяпленнем, гарачым водазабеспячэннем і газам.

Па аповедах украінцаў, якіх расійскія вайскоўцы трымалі ў палоне ў падвалах Чарнігаўскай вобласці, расіяне не разумелі, адкуль у сёлах ёсць асфальтаваныя дарогі, святло і чаму ляжыць плітка ў дварах. З сабой расіяне выносілі з украінскіх дамоў тэлевізары, пральныя машыны, ноўтбукі і халадзільнікі. У тых рэгіёнах, адкуль паходзіць больш за ўсё забітых, не кожны можа дазволіць сабе бытавую тэхніку — тых жа тэлевізараў і пральных машын у гэтых абласцях менш, чым у сярэднім па Расі.

«У нас прэстыж вайсковай службы вельмі нізкі і туды часта ідуць ад безвыходнасці: вакол беднасць, адсутнасць перспектыў, адсутнасць магчымасці рабіць кар'еру, забяспечваць сябе, карміць сям'ю, — распавяла «Важным гісторыям» навуковая працаўніца фонду «Свабодная Бурація» Марыя Уюшкова. — І пры гэтым там [у рэгіёнах з вялікай колькасцю загінуўшых] сітуацыя такая, што войска — гэта адзін з найбуйнейшых працадаўцаў, якому ўвесь час патрэбныя людзі. І гэта магчымасць атрымліваць нядрэнны па мерках рэгіёна заробак».

Клас
5
Панылы сорам
69
Ха-ха
3
Ого
0
Сумна
16
Абуральна
1