Армія Тайваня. Фота: pxhere.com

Армія Тайваня. Фота: pxhere.com

Сі Цзіньпін і Уладзімір Пуцін, аўтакратычныя кіраўнікі Кітая і Расіі, часам кажуць, што іх сяброўству няма межаў. Мала каго гэта пужае так, як Тайвань, бо мясцовыя жыхары ведаюць — Кітай марыць аб вяртанні Тайваня сабе. Дзве рэчы не даюць вялікаму суседу выканаць сваю мару: Тайванскі праліў шырынёй 180 кіламетраў і ваенная моц ЗША, піша Economist.

Тым не менш, Кітай хутка навучыцца пераадольваць згаданыя перашкоды, і некаторыя амерыканскія афіцэры нават мяркуюць, што напад на Тайвань можа здарыцца да канца дзесяцігоддзя.

Такі напад меў бы катастрафічныя наступствы, бо знішчыў бы адну з мацнейшых дэмакратычных краін у Азіі. У Тайвані вырабляюць самыя перадавыя ў свеце камп’ютарныя чыпы, таму напад Кітая выклікаў бы хаос у сусветнай эканоміцы, таксама ў выпадку паспяховага нападу армія Кітая атрымала б бесперашкодны доступ да адкрытага акіяна, што паставіла б пад пагрозу Японію і ўвесь рэгіён.

Каб прадухіліць гэта, Тайвань, ЗША і іх саюзнікі павінны ўлічваць урокі расійскага ўварвання ва Украіну. І вось самы важны з іх: пагроза рэальная, таму лепш рыхтавацца да яе зараз, чым пазней, падчас самога бою.

Украіна паказала, што і большага ворага можна трымаць у страху, калі маеш адважнае кіраўніцтва, моцны баявы дух, гатовае да супраціву насельніцтва і заходнія ўзбраенні. І чым лепш Тайвань падрыхтуецца, тым менш імавернасць таго, што Кітай рызыкне ўварвацца ў гэтую краіну.

Добра, што ў Тайваня ўжо ёсць надзейная ваенная дактрына. Гэта так званая стратэгія дзікабраза, заснаваная на паўсюдным мабільным і схаваным узбраенні, прызначаным для абароны, сярод якога ёсць супрацькарабельныя і супрацьпаветраныя ракеты. Выкананне гэтай стратэгіі азначала б адмову ад некаторых дарагіх самалётаў, ракет і падлодак, якія зараз шукае Тайвань, але такія аб’екты ўсё роўна, хутчэй за ўсё, былі б узарваныя пры пачатку баявых дзеянняў.

Падрыхтоўка тым больш важная, што Тайвань — гэта востраў, адпаведна там больш цяжка папаўняць запасы. Невядома, як хутка ЗША здолелі б дапамагчы краіне падчас вайны, таму магчымасць пратрымацца павінна быць галоўным прыярытэтам. Паглядзім на Украіну: чым даўжэй яна ваюе, тым больш дапамогі атрымлівае.

Верагодна, ЗША маглі б дапамагчы Тайваню: дасылаць туды больш зброі, займацца падрыхтоўкай мясцовай арміі і сумеснымі вучэннямі з ёй, пашыраць кантакты з палітыкамі і афіцэрамі Тайваня. Усё гэта прывядзе Кітай у лютасць, таму ад Байдэна патрабуецца асаблівая асцярожнасць. Лепей за ўсё, калі ЗША будзе дапамагаць Тайваню абараняцца, але не будзе адкрыта казаць, што ўступіць у вайну з Кітаем, калі той уварвецца.

«Нашу Ніву» фінансуюць яе чытачы — падтрымаць проста

Чытайце таксама:

Пентагон: Магчымасць канфлікту паміж вялікімі дзяржавамі расце, а не памяншаецца. Вайна ва Украіне — на гады

Клас
22
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0