Палітвязняў Марфу Рабкову, Андрэя Чапюка, Акіхіра Гаеўскага-Ханаду, Аляксандра Францкевіча, Аляксея Галаўко, Аляксандра Казлянка, Паўла Шпетнага, Мікіту Дранца, Андрэя Марача, Данілу Чуля абвінавачваюць у арганізацыі, кіраўніцтве ці ўдзеле ў анархісцкіх групах «Революционное действие», «Народная самооборона», «Революцiйна дiя» і судзяць за падзеі перыяду 2016-2020 гадоў.

Што паказальна, інтэрнэт-рэсурсы «Революционное действие / Народная самооборона / Революцiйна дiя» МУС прызнаў экстрэмісцкім фармаваннем 2 лістапада 2021 года — толькі пасля 8-15 месяцаў пасля затрымання ўсіх дзесяцярых фігурантаў справы. Але, нягледзячы на гэта, некаторыя з іх абвінавачваюцца ў стварэнні і ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні (ч. 1 і 3 арт. 361-1 КК).

Трох палітзняволеных, у тым ліку Марфу Рабкову, СК характарызуе як арганізатараў і кіраўнікоў шэрагу «арганізаваных злачынных груп, што мелі аўтаномныя ячэйкі ў рэгіёнах Беларусі са сваімі лідарамі».

«Для супрацьпраўнай дзейнасці фарміраваліся «абшчакі», была створаная інтэрнэт-крама па рэалізацыі на тэрыторыі Беларусі, Украіны і Расіі экстрэмісцкай літаратуры, адзення і іншай атрыбутыкі. У свае шэрагі лідары падбіралі схільную да экстрэмізму моладзь, актыўных удзельнікаў фанацкага руху, шукалі асобаў з дапамогай сацсетак, экстрэмісцкіх інтэрнэт-рэсурсаў і Telegram-каналаў, якія адмініструюцца імі», — заявіў СК.

У выніку дзесяць палітзняволеных у залежнасці ад ролі і эпізодаў агулам абвінавачваюцца па 10 артыкулах Крымінальнага кодэкса:

  • ч. 1 арт. 293 (арганізацыя масавых беспарадкаў) — Аляксандр Францкевіч і Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • ч. 2 арт. 293 (удзел у масавых беспарадках) — Аляксандр Францкевіч, Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Андрэй Чапюк;
  • ч. 3 арт. 293 (навучанне асобаў для ўдзелу ў масавых беспарадках) — Марфа Рабкова;
  • ч. 1 арт. 285 (стварэнне і кіраванне злачыннай арганізацыяй) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Аляксей Галаўко, Марфа Рабкова;
  • ч. 3 арт. 361 (заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем сродкаў масавай інфармацыі або глабальнай камп'ютарнай сеткі інтэрнэт) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова;
  • ч. 1 і 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Аляксей Галаўко, Марфа Рабкова;
  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) (за «Марш недармаедаў» 5 сакавіка 2017 года) — Павел Шпетны, Аляксандр Казленка, Мікіта Дранец, Аляксей Галаўко, Андрэй Марач, Аляксандр Францкевіч, Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • ч. 1 арт. 342 (арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак) — за перакрыццё трасы М1 на выездзе з Брэста ў 2018 годзе — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Казлянка, Аляксандр Францкевіч, Мікіта Дранец, Аляксей Галаўко, Даніла Чуль;
  • ч. 1 і арт. 130 (распальванне іншай сацыяльнай варожасці) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова;
  • ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) (за лямпачкі з фарбай, кінутыя ў шчыты з рэкламай ДАІ ў 2016 годзе і за лямпачкі з фарбай, кінутыя ў будынак БТРК у 2016 годзе) — Марфа Рабкова;
  • ч. 2 арт. 339 (злоснае хуліганства) (за дымавую шашку, кінутую ў будынак брэсцкага ГУБАЗіКа ў 2016 годзе) — Павел Шпетны, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) (першамайскае графіці ў Брэсце ў 2020 годзе) — Аляксей Галаўко, Андрэй Марач, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова, Акіхіра Гаеўскі-Ханада;
  • арт. 341 (апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці) (графіці супраць Еўрапейскіх гульняў у 2019 годзе) — Акіхіра Гаеўскі-Ханада, Андрэй Чапюк, Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова;
  • ч. 3 арт. 218, ч. 3 арт. 339, ч. 2. арт. 295-3 (незаконныя дзеянні ў дачыненні да прадметаў, дзеянне якіх заснаванае на выкарыстанні гаручых рэчываў, учыненыя групай асоб) — падпал гомельскай падатковай інспекцыі і рэкламнага шчыта ўпраўлення прымусовага выканання пакаранняў у Івацэвічах у 2017 годзе — Аляксандр Францкевіч, Марфа Рабкова.

Па інфармацыі Аляксандра Казлянкі, з дзесяці чалавек восем адмовіліся даваць паказанні па справе.

У асобную вытворчасць вылучаная крымінальная справа ў дачыненні тых, хто з’ехаў за мяжу — Дзмітрыя Леўчука, Артура Кандратовіча, Рамана Халілава і Яўгена Жураўскага, а таксама «неўстаноўленых асобаў».

Збіццё, пагрозы і доўгае ўтрыманне пад вартай

Як раней распавядала «Вясне» маці палітвязня Аляксандра Францкевіча, пасля затрымання ў дачыненні да яе сына ўжываліся катаванні. Гэтую інфармацыю яна даведалася ад сукамерніка Аляксандра з СІЗА-1. Ён перадаў, што Аляксандра збівалі ў КДБ, білі электрашокерам у вобласць пахвіны, пры гэтым патрабавалі прызнаць віну. У яго прысутнасці таксама быў моцна збіты яшчэ адзін фігурант гэтай справы, Акіхіра Гаеўскі-Ханада. Таксама супрацоўнікі КДБ пазней прыходзілі ў камеру, дзе сядзіць Аляксандр, і зноў праз пагрозы і запалохванні патрабавалі падпісаць прызнанне віны, чаго той не зрабіў.

Пра збіццё, пагрозы і жорскае абыходжанне распавёў з СІЗА-1 яшчэ адзін фігурант справы, якога затрымалі 2 сакавіка мінулага года, — Аляксандр Казлянка:

«2 сакавіка каля 8 раніцы мяне затрымалі дома брэсцкі АМАП і мінскі ГУБАЗіК. Мяне даставілі ў брэсцкі аддзел ГУБЗіКа, дзе прыкулі ў дзяжурным памяшканні да кратаў, задраўшы рукі за спінай у стаячым становішчы. Каб стаяць у больш менш зручнай позе, даводзілася падымацца на дыбачкі. У такім становішчы прастаяў каля гадзіны і адзін раз амаль страціў прытомнасць. Затым падышоў адзін з мінскага ГУБЗіКа і сказаў, што калі я не дам паролі ад ноўтбука і Тэлеграма, то мяне будуць катаваць, як Мікалая Дзядка. Я падумаў, што не гатовы да катаванняў з-за гэтых пароляў, і пагадзіўся іх даць (потым яшчэ даў пароль ад кнопкавага тэлефона).

Увогуле, у брэсцкім ГУБАЗіКу прабыў паўтары гадзіны. Затым мяне завялі ў бус і пасадзілі на падлогу, рукі былі ў кайданках за спіной. У гэты ж бус завялі і гэтак жа пасадзілі Андрэя Марача і трох невядомых мне людзей. Нас пецярых павезлі ў Мінск у Следчы камітэт (у агульнай складанасці ў мяне рукі за спінай у кайданках былі гадзін сем, а потым я месяц вялікі палец левай рукі не адчуваў).

Як толькі перад СК мяне вывелі з буса, кіраўнік следчай групы Цыбульскі І. А. пачаў пагражаць, што калі я не пайду на супрацоўніцтва са следствам, то паеду ў лагер на сем гадоў. Я адмовіўся супрацоўнічаць. У прыбіральні СК два [супрацоўнікі] ГУБЗіКі знялі мяне на відэа. Я адмовіўся называць на відэа свае даныя і казаць пра сябе, з-за чаго адзін з іх ударыў мяне кулаком у грудзі. Я для сябе вырашыў, што не буду на камеру нічога казаць, нават калі будуць катаваць. Мне трохі пагразілі, але больш не білі, хоць я так нічога і не сказаў».

Каардынатарка валанцёрскай службы «Вясны» утрымліваецца за кратамі пад следствам ужо адзін год і сем месяцаў — за гэты час у яе сур’ёзна пагоршылася здароўе. Яна як мінімум двойчы страчвала прытомнасць (у чэрвені і ліпені 2021 года). Таксама дзяўчына некалькі разоў хварэла на COVID-19 — у жніўні і снежні 2021, а таксама дрэнна пачувалася і на пачатку 2022 года.

Да таго ж Марфа ўвесь час адчувае болі ў жываце, а таксама ў яе запаліліся лімфавузлы на шыі. Аналізы крыві, зробленыя Марфай яшчэ ўвосень 2021 года, былі дрэннымі: выяўлены нізкі гемаглабін і прыкметы запаленчага працэсу. Таму праваабаронца пачала дамагацца правядзення УГД. Яго, як стала вядома «Вясне», зрабілі Рабковай толькі ў сакавіку 2022 года — і ў выніку знайшлі вадкасць у малым тазе.Такі стан выклікае сур'ёзную занепакоенасць, бо патрабуе неадкладнага абследавання — хірургічнага і гінекалагічнага. Акрамя таго, падчас УГД у шчытападобнай залозе дзяўчыны было выяўлена шмат ачаговых утварэнняў і кіст. Каб вызначыць характар гэтых новаўтварэнняў, неабходна правесці дадатковае абследаванне. Таксама ў Марфы Рабковой працягваюць разбурацца і крышыцца зубы. Дазвол на наведванне стаматолага ёй не даюць ужо каля дзевяці месяцаў.

Каардынатарка Валанцёрскай службы «Вясны» Марфа Рабкова

Марфа была затрыманая супрацоўнікамі ГУБАЗіКа ў Мінску 17 верасня 2020 года, калі вярталася з уручэння «Вясне» прэміі Яна Карскага. Дома ў яе правялі ператрус, а Марфу з мужам Вадзімам затрымалі і даставілі ў ГУБАЗіК. Першапачаткова ёй выставілі абвінавачванне толькі па ч. 3 арт. 293 Крымінальнага кодэкса за арганізацыю валанцёраў-назіральнікаў за выбарамі прэзідэнта у межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». Пазней Марфе выставілі новыя абвінавачванні — па ч. 3 арт. 130 і ч. 2 арт. 285 Крымінальнага кодэкса. У лістападзе 2021 года праваабаронца ў лісце да родных паведаміла, што судзіць яе будуць па 11 артыкулах Крымінальнага кодэкса.

Марфа Рабкова ў судзе

Марфа Рабкова ў судзе

Негледзячы на доўгае ўтрыманне пад вартай, падчас якога ў яе памерлі бабуля і бацька, праблемы са здароўем, Марфа не прызнае віну. Следчыя неаднаразова прапаноўвалі ёй супрацоўніцтва: за прызнанне віны ёй зменяць меру стрымання і адпусцяць да хворых бацькоў. Але Марфа прынцыповая ў сваёй пазіцыі.

Валанцёр «Вясны» Андрэй Чапюк 

Андрэя затрымалі праз паўмесяца пасля затрымання Марфы — 2 кастрычніка 2020 года. З таго часу ён утрымліваецца пад вартай у СІЗА-1.

У межах сваёй праваабарончай дзейнасці Марфа Рабкова і Андрэй Чапюк разам з валанцёрамі «Вясны» ажыццяўлялі назіранне за правядзеннем мірных сходаў, прымалі актыўны ўдзел у кампаніі незалежнага назірання «Праваабаронцы за свабодныя выбары», удзельнічалі ў дакументаванні сведчанняў катаванняў і іншых жорсткіх відаў абыходжання ў дачыненні да затрыманых удзельнікаў акцый пратэсту, дапамагалі родным палітвязняў.

Акіхіра Гаеўскі-Ханада і Аляксандр Францкевіч — першыя затрыманыя па справе 

Актывістаў анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскага-Ханаду і Аляксандра Францкевіча затрымалі разам 12 жніўня 2020 года.

Аляксандр Францкевіч

Аляксандр Францкевіч

«12 жніўня Ахікіра быў затрыманы разам з маім сынам, — распавядала «Нашай Ніве» Таццяна, маці Аляксандра Францкевіча. — Прыязджалі затрымліваць Акіхіра, а Саша ў гэты момант быў каля яго, таму затрымалі абодвух. Прабілі потым па базе наконт Сашы, а ён з палітвязняў 2010 года. І вось пасля Акрэсціна абодвух адвезлі ў КДБ». 

Сукамернік Аляксандра ў жніўні 2020 года распавядаў яго маці, што затрыманых анархістаў збівалі і катавалі пасля затрымання.

Адразу пасля затрымання Акіхіра і Аляксандру выставілі абвінавачванні па ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэкса — удзел у масавых беспарадках. 28 студзеня стала вядома, што супраць іх і яшчэ некалькіх чалавек распачатая крымінальная справа па ч. 1 арт. 285 Крымінальнага кодэкса — стварэнне злачыннай арганізацыі альбо кіраўніцтва ёй. Да суда крымінальныя справы супраць іх выраслі да дзясятка артыкулаў Крымінальнага кодэкса.

Берасцейцы Павел Шпетны, Аляксандр Казлянка, Андрэй Марач, Даніла Чуль, Аляксей Галаўко, Мікіта Дранец

Анархіста Аляксандра Казлянку, Паўла Шпетнага, Андрэя Марача, Данілу Чуля і Мікіту Дранца затрымалі 2 сакавіка 2021 года. Казлянка распавёў пазней з СІЗА пра сваё затрыманне. Аляксей Галаўко быў затрыманы праз тры дні пасля гэтага. Усіх іх перавезлі ў ІЧУ Мінска, а потым — у СІЗА-1 на Валадарскага.

У хуткім часе пра іх затрыманне адсправаздачылася МУС:

«На семярых удзельнікаў «Рэвалюцыйнага дзеяння» [хаця затрымалі шэсць] выйшлі супрацоўнікі ГУБАЗіК МУС падчас аператыўнай працы па крымінальнай справе, заведзенай па факце стварэння злачыннай арганізацыі і ўдзелу ў ёй.

Пачынаючы з 2016 года, у розныя перыяды часу яны рыхтаваліся і ўдзельнічалі ў акцыях правакацыйнага і дэструктыўнага кшталту, уключаючы масавыя беспарадкі мінулага года ў Мінску і Брэсцкай вобласці».

Больш за ўсё артыкулаў інкрымінуецца Аляксею Галаўко — ён абвінавачваецца адразу па чатырох пунктах Крымінальнага кодэкса: ч. 1 арт. 285 (стварэнне і кіраванне злачыннай арганізацыяй), ч. 1 і 3 арт. 361-1 (стварэнне экстрэмісцкага фармавання і ўдзел у ім), арт. 341 Крымінальнага кодэкса — апаганьванне будынкаў і псаванне маёмасці, арт. 342 Крымінальнага кодэкса — арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх.

Вядома, што ў аснову абвінавачвання па арт. 342 Крымінальнага лёг эпізод з перакрыццём дарог ў Брэсце ажно ў 2018 годзе: 5 траўня таго года анархісты блакавалі тры паласы трасы М1, пратэстуючы супраць будаўніцтва завода АКБ. Акрамя гэтага, брастаўчанам інкрымінуецца ўдзел у «Маршы недармаедаў» 5 сакавіка 2017 года.

У палітзняволенага Паўла Шпетнага з Брэста сёння дзень нараджэння — у першы дзень суда яму спаўняецца 25 год.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
4
Абуральна
7