Андрэй Паршын

Андрэй Паршын

Як стала вядома «Нашай Ніве», месяц таму змяніў месца работы Андрэй Паршын — кіраўнік Галоўнага ўпраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй МУС. 

Яго перавялі ў Дэпартамент забеспячэння аператыўна-вышуковай дзейнасці. Гэта генеральская пасада.

У ГУБАЗіКу 48-гадовы Паршын адпрацаваў троху больш за год — з 8 студзеня 2021-га. 

Гэтыя кадравыя перастаноўкі пацвердзіў Bypol у сваім новым відэа.

Запісы перамоваў высокапастаўленых сілавікоў, зробленыя ДЗАВД, сталі здабыткам грамадскасці, іх апублікавалі «Кіберпартызаны», а крыніцамі, імаверна, былі афіцэры-сабатажнікі. Многія чакалі, што ў выніку начальнік ДЗАВД генерал-маёр Максім Міронаў будзе арыштаваны ці прынамсі звольнены з МУС, але яго проста перавялі на менш значную пасаду намесніка кіраўніка Дэпартамента аховы.

Максім Міронаў

Максім Міронаў

Суразмоўцы «Нашай Нівы» звязваюць павышэнне Паршына з яго ацэнкай як «энергічнага работніка» і з жаданнем узмацніць кантроль за сілавікамі, на фоне расійска-ўкраінскай вайны. 

Адна з галоўных сфер дзейнасці ДЗАВД — кантроль і праслухоўванне супрацоўнікаў унутраных органаў.

Паршын пачынаў сваю службу ў ГУБАЗіКу, а пасля нейкі час працаваў начальнікам службы ўнутранай бяспекі МУС. 

ГУБАЗіК з упраўлення па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю ператварыўся ў палітычную паліцыю, якая рэпрэсуе палітычных праціўнікаў рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Андрэй Паршын быў адной з ключавых фігур гэтай трансфармацыі.

Пасля нападу Расіі на Украіну на ГУБАЗіК былі ўскладзеныя задачы задушэння антываенных пратэстаў, спынення сабатажу на чыгунцы і ідэнтыфікацыя грамадзян, якія перасылаюць у незалежныя тэлеграм-каналы інфармацыю аб перасоўваннях расійскіх войскаў. 

Афіцэры структуры запісвалі відэа з затрыманымі па палітычных прычынах, а пасля яго паказвалі на фоне плакатаў з літарай Z.

У звязаных з ГУБАЗіКам каналах пры Паршыне вялася адкрытая прапаганда расійскага імперыялізму і нагняталася нянавісць не толькі да людзей з іншымі поглядамі, але і да беларускай мовы, іншых еўрапейскіх нацый і ўсяго нярускага. 

У цэлым пры Паршыне ГУБАЗіК адыгрываў цэнтральную ролю ў разбурэнні беларускай дзяржаўнасці: з яго ўдзелам былі вынішчаныя палітычныя структуры, незалежныя СМІ, культура, бізнэс, дзясяткі тысяч чалавек пакінулі радзіму. 

Клас
0
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
48