Аўтапарк Ягора. Фота: асабісты архіў

Аўтапарк Ягора. Фота: асабісты архіў

«Не пайшоў зноў у лагістыку, бо ўкладваць у Польшчы трэба было не менш за 50 тысяч еўра»

Ягору Ярмоленка 31 год. У Польшчу канчаткова пераехаў за тыдзень да прэзідэнцкіх выбараў.

У Беларусі ў яго з жонкай была свая кампанія. Яны займаліся міжнароднымі грузаперавозкамі. 

«Аб пераезде задумаліся яшчэ ў 2018-м. Пачалі рыхтавацца да ад'езду. У 2019-м жонка атрымала карту паляка, і ў лютым гэтага ж года мы з'ехалі. Але ўлетку я вярнуўся, бо ў Беларусі заставаўся бізнэс, яго трэба было прадаць. Канчаткова з’ехаў ужо ў 2020-м, за тыдзень на выбараў», — кажа ён.

Адна з асноўных прычын, чаму Ягор вырашыў пераехаць і прадаць кампанію, — цяжкасці з вядзеннем бізнэсу.

«Праблемы з курсам, продажам валютнай выручкі, нестабільная сітуацыя з падатковай, ФСАН і праверкі.

Беларусь у вядзенні бізнэсу адстала ад Польшчы на 20 гадоў. І ў лічбавізацыі, і ў заканадаўстве.

Першы раз яшчэ калі прыязджаў у Познань, падумаў, што можна будзе адкрыць тут таксі. У 2020 годзе ў Польшчы набыў моц закон аб легалізацыі Uber, Bolt. Значна спрасцілі працу. Напрыклад, адмянілі таксометры, прыбралі патрабаванне ведання горада для замежнікаў, увялі простую працэдуру атрымання ліцэнзіі», — апісвае сітуацыю суразмоўца.

На пытанне, чаму не стаў зноў адкрываць лагістычны бізнэс, Ягор адказвае, што ў такую справу ў Польшчы трэба ўкласці буйную суму.

«Выбраў таксі, бо на той момант гэта быў цалкам пусты рынак. Ён перастройваўся, можна сказаць, што яго рабілі з нуля. Адкрыць такі бізнэс было нядорага і проста. Рызыкі мінімальныя, таму што ўкладанні невялікія.

Сама ідэя з таксі прыйшла ў сувязі з тым, што такім бізнэсам у Мінску займаліся мае знаёмыя. Я яшчэ паразмаўляў з кіроўцамі, якія ў Польшчы нелегальна працавалі, і зразумеў, што трэба спрабаваць.

Не пайшоў зноў у лагістыку, бо ўкладваць у Польшчы трэба было не менш за 50 тысяч еўра. Яшчэ адзін момант — аплата за паслугу ў гэтай сферы ў Еўропе складае 60 працоўных дзён. Атрымліваецца, што гэта «доўгія» грошы. А ў таксі ўсё стабільна, атрымліваеш даход хутка ад аператараў.

Абралі Познань, бо гэта вельмі ліберальны горад. Ёсць розніца паміж усходам і захадам у плане менталітэту, якасці жыцця. У Варшаве мне не падабаецца, і гэты бізнэс там прыносіць менш грошай. А Познань лічыцца горадам прадпрымальніцтва», — кажа мужчына. 

«За дзень, калі таксаваў, мог зарабіць 100-150 даляраў»

У пачатку Ягор набыў адзін аўтамабіль. І адразу сеў за руль, каб зразумець, ці працуе яго бізнэс-план. 

«Цяпер у нас 5 машын, — дзеліцца ён. —

Першае маё ўкладанне — 5 тысяч еўра. Гэта проста, каб пачаць. Каля 80% ад гэтай сумы — кошт аднаго аўтамабіля. Мы бралі звычайную старую машыну — без кандыцыянера, з невялікім прабегам і ў нармальным стане.

Тут яшчэ дзейнічае такі момант: трэба ў тэхнічны пашпарт паставіць штамп «таксі». Пасля гэтага машына адразу ж страчвае ў цане. Страхоўка дарагая, мінімум 500 еўра.

За дзень, калі таксаваў, я мог зарабіць 100-150 даляраў.

Само адкрыццё бізнэсу заняло 10 хвілін. Тут ёсць дзве формы: ІП і ААТ. Апошняе адкрываць нявыгадна пры абароце менш за некалькі мільёнаў еўра. Адкрыць ІП тут не ўсе могуць. Патрэбна карта паляка, пастаянны від на жыхарства або пераезд у сувязі з уз'яднаннем сям'і. Паколькі ў мяне ў жонкі ўжо была карта паляка, то я атрымаў пастаянны від на жыхарства ў сувязі з уз'яднаннем сям'і. А зараз у жонкі ўжо польскае грамадзянства».

Фота: асабісты архіў

Фота: асабісты архіў

Падаткі вышэйшыя, але без нечаканасцяў і дадатковых пабораў

У Польшчы ёсць тры віды падаткаабкладання: спрошчаная сістэма, лінейная і агульная. Ягор працуе па першай.

«Вы плаціце падатак ад усяго абароту фірмы, сума паступленняў мінус ПДВ. Падатак складае 8,5%, гэта менавіта стаўка для таксі. Другі варыянт — пастаянная стаўка, якую вы плаціце ад прыбытку фірмы — 19%. У трэцім выпадку першы падатковы парог (калі гадавы прыбытак да $30 тысяч) — 17%, другі — 32%», — кажа ён. 

У Беларусі Ягор плаціў менш — 3% і ПДВ. Але там яму ніхто не даваў гарантыі, што падатковая іспекцыя не выпіша штраф на роўным месцы альбо не абавяжа запісацца на платныя курсы.

«У Беларусі падатковая заўжды можа ўнесці карэкціроўку і ў выніку нешта пералічыць або прыдумаць, за што даць штраф. У Польшчы такое немагчыма.

Калі я адкрываў таксі, у мяне была невялікая спрэчка з падатковай, якую мы вырашылі адным лістом па электроннай пошце. Яны са мной пагадзіліся, папрасілі прабачэння, і пытанне было знята на працягу некалькіх гадзін. У Беларусі гэта нерэальна. Нам увесь час прыходзілі лісты аб семінарах, у якіх трэба было ўдзельнічаць. Гэта свайго роду пабор. Заплаціць грошы за навучанне, якое мне зусім не трэба. Маўляў, мы не выпішам вам штраф, але вы схадзіце на курсы.

Была спрэчка ў Беларусі з ФСАН. Мы з імі звязаліся і спыталі, ці ўсё ў нас аплачана. Яны адказалі, што так, а праз два тыдні з рахунку спісаліся грошы. Нібыта мы нешта не далічылі за супрацоўнікаў.

У Беларусі нават паразмаўляць з падатковым інспектарам цяжка. Тут дастаткова яму напісаць на пошту, і ён дасць адказ.

І калі я як прадпрымальнік раблю памылку, мне дапамагаюць яе выправіць. Гэта нармальная практыка. Ніякіх штрафаў не выпісваюць», — кажа суразмоўца. 

Таксама мужчына цікавіўся, як узяць машыну ў лізінг. Ад гэтай ідэі з часам адмовіўся: тады быў самы разгар пандэміі, і чакаць аўто трэба было каля 6-8 месяцаў. 

«Калі ў вас ІП, то лізінг лепш браць праз паўгода пасля адкрыцця бізнэсу. Як правіла, першы ўнёсак ад 1 да 20%. Хутчэй за ўсё, у вас банк папросіць 10%. На працягу гадзіны вам ўхваляць лізінг, а з патрэбных дакументаў — заява, у якой вы проста паказваеце ваш прыкладны заробак у месяц. Яго не трэба нічым пацвярджаць. Калі не зможаце плаціць, то гэта будуць ужо вашы праблемы», — дзеліцца ён. 

«Другую фірму буду адкрываць з партнёрамі-беларусамі»

Офіс і стаянку для аўто Ягор у арэнду не браў. У гэтым няма неабходнасці.

«Я ўсе дакументы магу глядзець дома. А машыны заўсёды ў працы. На адно аўто ў нас два кіроўцы. Усяго ў нас іх шэсць.

Усе кіроўцы — беларусы, якія прыехалі па гуманітарнай візе. Заробкі — не менш за тысячу даляраў, гэта «чыстымі». Мы дапамагаем беларусам знайсці жытло, разабрацца з легалізацыяй, медыцынскімі даведкамі і іншымі дакументамі». 

У бліжэйшы час Ягор плануе пашыраць бізнэс. Мужчына хоча адкрыць другую фірму.

«​​У мяне будуць два партнёры-беларусы. Гэтая кампанія будзе ўключаць паслугі таксі, будаўнічыя паслугі, эвакуацыю транспарту, арэнду абсталявання. Вядома, вайна паўплывала зараз на бізнэс: падаражэла паліва, запчасткі нятанныя. Не скажу, што крытычна. Знізілася рэнтабельнасць, але мы разумеем, што гэта часова».

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Чытайце таксама: 

«У Мінску ў нас часта снедалі Знак і Калеснікава». Як беларус адкрыў кафэ ў Вільні

«Світары раскупілі за дзень». Беларуская дызайнерка расказала пра бізнэс у Вільні і ўкраінскую калекцыю

Клас
20
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
1