Работнікі могілак выгружаюць целы загінулых мірных жыхароў на могілках у Бучы, 7 красавіка 2022 г. Фота: Rodrigo Abd / AP

Работнікі могілак выгружаюць целы загінулых мірных жыхароў на могілках у Бучы, 7 красавіка 2022 г. Фота: Rodrigo Abd / AP

«Прыкончы яго»

Увечары дзявятага сакавіка 46-гадовая жыхарка вёскі Багданаўка (імя гераіні ў дакладзе не публікуецца) пачула стральбу за акном. У той момант яна знаходзілася дома разам з мужам, 10-гадовай дачкой і 81-гадовай свекрывёй.

Муж і жонка разам з дзіцем спусціліся ў склеп, туды ўвайшлі двое расійскіх вайскоўцаў і штурхнулі іх у кацельню.

«Яны прымусілі нас увайсці і зачынілі дзверы — успамінае жанчына. — Літаральна праз хвіліну зноў яе адкрылі і спыталі мужа, ці ёсць у яго цыгарэты. Ён сказаў, што не курыў пару тыдняў. Адзін стрэліў яму ў правую руку, другі сказаў: «Прыкончы яго», і той стрэліў яму ў галаву».

«Ён памёр не адразу, з 21:30 вечара да 04:00 раніцы ён яшчэ дыхаў, хоць і быў без прытомнасці — працягвае жанчына. — Я маліла яго, казала: калі ты мяне чуеш, паварушылі пальцам. Пальцам ён не паварушыў, я паклала яго руку сабе на калена і сціснула яе».

«Калі ён зрабіў апошні ўздых, я павярнулася да дачкі і сказала: здаецца, тата памёр».

У тую ж ноч жанчына з дзіцем збегла з вёскі. 81-гадовая свякроў з інваліднасцю засталася дома.

«Мой бацька меў шэсць вялікіх дзірак у спіне»

Трэцяга сакавіка 18-гадовая Кацярына Ткачова з пасёлка Ворзель Кіеўскай вобласці была дома разам з бацькамі. Уздоўж вуліцы праехалі некалькі расійскіх танкаў з пазнакай «Z».

Бацькі выскачылі на вуліцу, загадаўшы Кацярыне заставацца дома.

Яна пачула стрэлы.

«Калі танкі зʼехалі, я выбегла на вуліцу і ўзлезла на суседскі плот, — кажа яна. — Я хацела даведацца, ці жывыя яны. Я паглядзела за плот і ўбачыла, што мая мама ляжыць на спіне на адным баку дарогі, Бацька — тварам уніз на другім баку. Я ўбачыла вялікія дзіркі ў яго паліто».

«На наступны дзень я падышла да іх, — працягвае Кацярына. — У майго бацькі было шэсць вялікіх дзірак у спіне, у маёй маці дзірка паменш у грудзях».

Кацярына кажа, што яе бацькі былі апранутыя ў цывільнае і не мелі пры сабе зброі.

Іншыя гісторыі

Жыхарка адной з вёсак на ўсход ад Кіева распавяла, што дзявятага сакавіка расійскія вайскоўцы ўварваліся да яе дадому, застрэлілі яе мужа, затым некалькі разоў згвалтавалі яе пад руляй пісталета, пакуль яе маленькі сын хаваўся непадалёк. Пазней ёй удалося збегчы з вёскі разам з дзіцем.

24-гадовая жыхарка Бучы Мілена, распавяла праваабаронцам, што бачыла каля свайго дома цела жанчыны, якая жыла на яе вуліцы.

Маці гэтай жанчыны сказала Мілене, што яе дачку застрэлілі ў першыя дні ўварвання, калі яна глядзела праз плот на расійскую вайсковую тэхніку.

Крызісная лабараторыя Amnesty International праверыла відэазапіс, які пацвярджае месцазнаходжанне неглыбокай магілы, у якой была пахаваная гэтая жанчына.

«Настоящее время» публікуе аповед жыхаркі Херсона аб згвалтаванні расійскімі вайскоўцамі. Жанчына кажа, што «адзін з мясцовых паказаў на мяне пальцам, сказаў: «Бандэраўка, жонка вайскоўца». Яны зайшлі за мной у кватэру, моўчкі павалілі на ложак, прыціснулі аўтаматам».

Нягледзячы на шматлікія сведчанні, пацверджаныя заходнімі журналістамі і праваабарончымі арганізацыямі, Расія адмаўляе дачыненне сваіх вайскоўцаў да ваенных злачынстваў і забойстваў мірных жыхароў.

У аўторак на пасяджэнні Савета бяспекі ААН пастаянны прадстаўнік Расіі Васіль Нябензя заявіў, што ні адзін мірны жыхар украінскага населенага пункта Буча не пацярпеў за час знаходжання там расійскіх вайскоўцаў.

Яе апазналі па фота рукі з манікюрам, якое бачыў увесь свет. Гісторыя Ірыны Фількінай — адной з загінулых жыхарак Бучы

Фота і відэа з Бучы аналізуе судмедэкспертка. Вось што яна пабачыла на страшных кадрах

Целы са знакамі катаванняў, трупы на вуліцах, брацкія магілы. Расійскія войскі пакінулі на Кіеўшчыне страшныя сляды

Апублікаваны яшчэ адзін важны відэазапіс, які даказвае, што мірных жыхароў у Бучы забілі ў час расійскай акупацыі

«У факце масавага гвалту над мірным насельніцтвам з боку расійскай арміі нічога новага няма». Ваенны эксперт пра паводзіны расійскіх салдат

Клас
0
Панылы сорам
2
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
6
Абуральна
25