Схуднелага сабаку, які замярзаў у полі, знайшлі ў канцы студзеня ў Гродне, паведамляе УУС Гродзенскага аблвыканкама. На ім быў ашыйнік, а шворку затапталі ў снег так, што сабака не мог яе вырваць.

Валанцёры адвезлі сабаку ў ветэрынарную клініку, дзе дыягнаставалі пералом сцягна. Праз інтэрнэт знайшлася суседка гаспадара жывёліны. У далейшым была напісаная заява ў міліцыю…

Суседзі па доме, кватэру ў якім здымаў малады хлопец, часта чулі сабачы брэх. Часам бачылі, як ён выгульваў чорнага сабаку з белай плямай на грудзях. Сабака з'явіўся ў яго восенню, не раз парушаў начны спакой жыхароў брэхам, піскам ды скавытаннем.

Аднойчы, не вытрымаўшы, суседка вырашыла спусціцца і пастукаць у дзверы, высветліць, нарэшце, што там адбываецца. Але ніхто не адчыніў. Неабыякавай жанчыне нічога не заставалася, як звярнуцца ў міліцыю з заявай правесці прафілактычную размову і праверку на прадмет жорсткага абыходжання з сабакам. Нейкі час было ціха. Раніцай 27 студзеня бягучага года ў сацсетках гарадзенка ўбачыла інфармацыю, што ў полі па вуліцы Багушэвіча ў Гродне знойдзены сабака. Яна пазнала яго.

Дзмітрый здымаў кватэру ў Гродне. Аднойчы, прыйшоўшы дадому не ў настроі, убачыў, што сабака перавярнула на кухні стол, магчыма, у пошуках ежы. Раз'юшаны гаспадар з усёй сілы штурхнуў гадаванца нагой. Удар прыйшоўся на заднюю лапу: сабака жаласна заскуголіў. Пазней Дзмітрый заўважыў, што сабака моцна кульгае.

Сваю жорсткасць малады чалавек паспрабуе апраўдаць збегам абставінаў: яго высялялі з кватэры, а тут яшчэ пакалечаны сабака. Куды, з ёй, хто яго возьме? Рашэнне ён знайшоў: вечарам у 14-градусны мароз вывеў у поле, шворку вырашыў прытаптаць у снезе, каб сабака не пайшоў следам за ім. «Я думаў, што яго забяруць іншыя людзі. Я разумеў, што ён можа загінуць. Чаму не здаў у прытулак — не ведаю», — прызнаецца ён.

За жорсткае абыходжанне з сабакам Дзмітрый Г. пакараны. Суд прызначыў яму месяц арышту.

Дзмітрый — індывідуальны прадпрымальнік, раней не прыцягваўся ні да адміністрацыйнай, ні да крымінальнай адказнасці. Змякчальнай акалічнасцю стала яўка з павіннай.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0