У Злучаных Штатах ва ўзросце 87 гадоў памёр былы сенатар ад штата Індыяна Рычард Лугар, вядомы сваімі намаганнямі па барацьбе з распаўсюджваннем зброі масавага паражэння, піша Радыё Свабода.

Рэспубліканец Рычард Лугар прадстаўляў свой штат у Сенаце 36 гадоў — з 1977 па 2013 гады. Ён быў уплывовым спецыялістам у знешняй палітыцы.

Найбольшую вядомасць атрымаў закон, распрацаваны ім сумесна з дэмакратам Сэмам Нанам, згодна з якім Злучаныя Штаты аказвалі дапамогу краінам былога СССР ва ўтылізацыі ядзернай, хімічнай і біялагічнай зброі. З 1991 года ў Расіі, Украіне, Беларусі і Казахстане па гэтай праграме былі дэзактываваныя 7600 ядзерных боегаловак, знішчаныя 2300 ракет і закансерваваныя 24 аб’екты, дзе захоўвалася ядзерная зброя.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч добра ведаў сенатара Лугара.

— Гэта для мяне вельмі сумная навіна. Даўно яго ведаў асабіста, сустракаўся ў Мінску і Вашынгтоне, і па-за межамі ЗША ў Паўднёвай Карэі. Апошні раз падчас Atlantic Council сустракаўся з ім летась. Мы ўспаміналі ўсе дзеянні, накіраваныя на тое, каб Беларусь была мірнай дзяржавай, на яе ядзернае раззбраенне. Лугар вельмі добра да гэтага ставіўся і лічыў, што гэта пэўная гарантыя бяспекі ў Еўропе. Я сумую з гэтай нагоды і спачуваю ягоным блізкім і родным.

Ягоны першы візіт у Мінск быў вельмі цікавым. Для мяне гэта заўсёды ў пэўным сэнсе тлумачэнне, што такое амерыканская дэмакратыя. Я сказаў яму, што ёсць закон Лугара-Нана, згодна з якім краіны, якія не вельмі хочуць выводзіць ядзерную зброю, пераконваюць і дапамагаюць фінансава. А мы самі заявілі, што хочам пазбавіцца ядзернай зброі. Гэта была мая ідэя, і я на гэтым настойваў, бо большай небяспекі для Беларусі, чым ядзерная зброя, нельга было прыдумаць. Я гэта разумеў як фізік найперш, а потым як палітык.

Я яму кажу ў Менску: «Нашы юрысты вывучылі ваш закон і не бачаць, як можна па гэтаму закону Беларусі фінансава дапамагчы, а ў нас вельмі цяжкія затраты. І Лугар сказаў: «Вось тут сядзяць мае юрысты, яны гэты закон прыдумалі». Паглядзеў на гадзіннік: «Цяпер 12 гадзін, заўтра ў 12 гадзін яны дадуць адказ, як вам дапамагчы». Так і адбылося. Мы атрымалі значную фінансавую дапамогу, каб вывесьці ядзерную зброю з нашай тэрыторыі. Першапачаткова гэта было ў межах 4.5-5 мільёнаў даляраў, а пасьля стала ў межах 45-53 мільёнаў даляраў, далей яшчэ болей.

У межах праграмы Нана-Лугара ЗША падпісалі дамовы з Беларуссю пра дэмантаж ядзернай зброі і прадастаўленне дапамогі для абароннай канверсіі, экспартнага кантролю, жылля для звольненага вайсковага персаналу і аднаўлення навакольнага асяроддзя. У адпаведнасьці з Праграмай сумесных работ дзеля зьмяншэння ядзернай пагрозы Міністэрства абароны ЗША перадало Беларусі дапамогі больш як на 123 мільёны даляраў. Тагачасны старшыня Нацбанку Беларусі Станіслаў Багданкевіч: «Трэба браць пад увагу фактычна нулявы ўзровень валютных рэзерваў у краіне. Рэзэрвы трохі з'явіліся толькі ў 1994 годзе, і іх усяго было каля 200 мільёнаў даляраў. З улікам тагачаснай сітуацыі сума 123 мільёны даляраў была істотнай».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?