Мазавецкі аддзел Нацыянальнай пракуратуры Польшчы перадаў у суд матэрыялы справы супраць трох грамадзян краіны, якія на пачатку лютага 2018 года арганізавалі і ўчынілі падпал будынку Саюза венграў у Ужгарадзе, перадае «Еўрапейская праўда» са спасылкай на TVP.info.

Фота: facebook/sergii.knyazev

Падсудных абвінавачваюць ў тэрарызме. Паводле следства, яны атрымалі за падпал па 1000 злотых (больш за $250) ад заказчыка — нямецкага журналіста, які, хутчэй за ўсё, дзейнічаў па заданні спецслужбаў Расіі.

«Гэта была правакацыя, якая павінна была прывесці да пагаршэння ўкраінска-венгерскіх адносін. Гэта было на руку Расіі, якая зацікаўлена ў дэстабілізацыі свайго заходняга суседа, дзе ўжо ідзе гібрыдная вайна на Данбасе», — адзначыў афіцэр польскіх спецслужб, які вёў справу.

Галоўным падазраваным па справе з'яўляецца 28-гадовы Міхал П., які мае вышэйшую адукацыю і з'яўляецца спецыялістам у сферы бяспекі. Ён звязаны з неафашыстскай арганізацыяй Falanga і прарасійскай партыяй Zmiana, лідар якой Марыюш П. ўжо трэці год знаходзіцца ў следчым ізалятары — яго падазраюць у супрацоўніцтве з расійскай і кітайскай выведкамі.

Следчыя лічаць, што Міхал П. завербаваў яшчэ двух палякаў Адрыяна М. і Томаша Ш., даў ім грошы на запальную сумесь, а таксама мабільныя тэлефоны, сім-карты і курткі. Зламыснікі павінны былі запісаць на відэа падпал і пераслаць яму, што азначала б выкананне задання.

Міхал павінен быў прыцягнуць да здзяйснення гэтага злачынства нібыта пяць чалавек. Ён адмовіўся прызнаваць віну. Аднак супрацоўнічаць са следствам пагадзіўся 22-гадовы электрык Адрыян. Ён распавёў, што падчас адной з сустрэч Міхал папрасіў яго намаляваць на фасадзе Таварыства венгерскай культуры Закарпацця у Ужгарадзе свастыку і знак «88», які сімвалізуе лозунг «Heil Hitler». Паводле задумы арганізатараў, гэта павінна было указаць на дзеянні «ўкраінскіх бандэраўцаў».

Перад гэтым Адрыян 13 студзеня перасёк польска-ўкраінскую мяжу, праверыўшы, ці не будзе ў яго праблем на мяжы. Пераканаўшыся, што ўсё прайшло нармальна, Міхал пачаў планаваць аперацыю, завербаваўшы таксама 26-гадовага перакладчыка Томаша, які павінен быў зняць падпал на відэа.

Перад паездкай у Ужгарад ён перадаў змоўшчыкам 500 еўра на выкананне задання, паведаміўшы: «Гэта грошы ад вугорцаў», хоць павінен быў сказаць пра «заказчыка з ЕС», як вынікае з матэрыялу.

Абодва зламыснікі 3 лютага адправіліся ва Украіну праз польска-славацкую мяжу, пакінуўшы свае тэлефоны дома і узяўшы ў Ужгарад тыя, якія атрымалі ад Міхала, гаворыцца ў матэрыяле.

Уначы 4 лютага зламыснікі намалявалі на офісе Саюза венграў «88» і кінулі ў разбітае акно бутэльку з запальнай сумессю, якая аднак не загарэлася. Даслаўшы відэа злачынства, яны атрымалі ад Міхала адказ, што «венгры не задаволеныя, і было б добра лепш закапціць сцяну».

Праз тры гадзіны зламыснікі зноў з'явіліся на месца злачынства і запіхнулі намочаную бензінам куртку аднаго з іх у разбітае акно. Пасля гэтага злачынцы атрымалі на тэлефон адказ «ОК».

У той жа дзень яны выехалі з Украіны ў Польшчу. Як адзначае выданне, зламыснікі выдалілі кампрамат з тэлефонаў.

Аднак у поле зроку ўкраінскіх праваахоўнікаў яны патрапілі дзякуючы камерам назірання, у тым ліку на АЗС, дзе яны куплялі каністру з бензінам, а таксама ў адным з Ужгарадскіх хостэлаў.

Пасля вяртання ў Кракаў яны атрымалі ад Міхала свае асабістыя тэлефоны і грошы за выкананую працу.

Праз некалькі тыдняў, 22 лютага зламыснікаў затрымала польская спецслужба.

Старшыня Закарпацкай дзяржадміністрацыі Генадзь Маскаль раней паведамляў, што падпал офіса Саюза венграў на пачатку лютага мінулага года учынілі двое грамадзян Польшчы: жыхар Кракава Адрыян Марглеўскі і жыхар Быдгошча Томаш Шымкавяк.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0