Гісторыя з атручваннем людзей невядомай спіртазмяшчальнай вадкасцю ў Слуцку не завершаная. Высветлілася, што атруціліся не трое, а пяцёра, піша mlyn.by

У рэанімацыйным аддзяленні Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы раніцай 26 сакавіка памерла 55-гадовая жыхарка горада. Яна вечарам 23 сакавіка са сваімі знаёмымі — мужчынам і жанчынай — паступіла ў бальніцу з атручваннем. Усе трое напярэдадні пілі невядомую спіртазмяшчальную вадкасць, якую знайшлі на палігоне бытавых адкідаў 67-гадовы мужчына і 61-гадовая жанчына памерлі раніцай 24 сакавіка.

Галоўны доктар Слуцкай цэнтральнай раённай бальніцы Аляксандр Лінкевіч распавёў што ў нядзелю, 25 сакавіка, па тэлефоне 101 выклікала хуткую дапамогу яшчэ адна жанчына, жыхарка Слуцка. Яе даставілі ў лякарню з падобнымі сімптомамі атручвання. Гэтая пацыентка памерла ў бальніцы ў дзень звароту.

26 сакавіка хуткую дапамогу выклікаў 42-гадовы мужчына. Ён распавёў, што піў спіртазмяшчальную вадкасць у адной кампаніі з загінулымі.

- Пацыент, які звярнуўся па дапамогу 26 сакавіка, зараз жывы. У цяжкім стане ён знаходзіцца ў рэанімацыйным аддзяленні бальніцы. Свядомасць яго замутнена. У нас ёсць надзея, што ён зможа выжыць, - сказаў Аляксандр Лінкевіч.

Афіцыйны прадстаўнік упраўлення Следчага камітэта па Мінскай вобласці Таццяна Беланог пацвердзіла, што ад атручвання памерлі чатыры чалавекі - мужчына і тры жанчыны, а таксама тое, што яшчэ адзін мужчына знаходзіцца ў рэанімацыі.

- Слуцкі раённы аддзел Следчага камітэта працягвае праверку па гэтым факце. Працягваецца даследаванне вадкасці, якую ўжывалі пацярпелыя. Яе хімічны аналіз яшчэ не гатовы, - сказала Таццяна Беланог.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0