Прынамсі 700 тысяч бразільцаў выйшлі на дэманстрацыі ў 218 гарадах краіны супраць палітыкі ўрада прэзідэнта Дылмы Русэф, паведамляе мясцовае выданне Globo. Па дадзеных саміх пратэстоўцаў, на вуліцы выйшлі паўтара мільёна чалавек.

Акцыі пратэсту прайшлі ў 24 з 26 штатаў краіны, а найбольш шматлікая дэманстрацыя адбылася ў Сан-Паўлу — там на вуліцы выйшлі больш за 270 тысяч чалавек. Дэманстрацыі прайшлі мірна і без сутыкненняў з паліцыяй.

Месяцам раней серыя акцый пратэсту па ўсёй краіне прыцягнула пад свае лозунгі больш як 2,4 млн бразільцаў. Тады ў іх прынялі ўдзел жыхары 252 гарадоў.

Арганізатарам пратэстных выступленняў зноў стаў «Рух за свабодную Бразілію», што вырас з «Руху за бясплатны праезд», які правёў мільённыя дэманстрацыі напярэдадні правядзення Чэмпіянату свету па футболе.

Апазіцыя абвінавачвае Русэф і яе ўрад у правядзенні неэфектыўнай сацыяльна-эканамічнай палітыкі на фоне паўсюднай карупцыі ў шэрагах дзяржаўнай нафтавай кампаніі Petrobras і кіраўніцтве кіроўнай «Партыі працоўных». Многія з актывістаў патрабавалі пачатку працэдуры адстаўкі прэзідэнта, якая пакуль не з'яўляецца фігурантам гучнага расследавання.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?