Мадэратар дыскусіі — дырэктар беларускай «Свабоды» — Аляксандар Лукашук прапанаваў кожнаму адказаць на пытаньне — што разьядноўвае беларускую апазыцыю. Амбіцыі, розныя тактыкі, каштоўнасьці? А можа, гэта прадуманая тактыка?

​​Намесьнік старшыні Руху за Свабоду Алесь Лагвінец казаў, што ў першую чаргу апазыцыя падзеленая на прарасейскую і празаходнюю, аб’яднаньне адбудзецца тады, калі ў грамадзтве насьпее адпаведная патрэба.
Паводле палітыка і палітоляга, беларусы ніколі ня мелі такога ўзроўню дабрабыту, як пры Лукашэнку. Што ў прынцыпе, беларускае грамадзтва не гатовае да пераменаў, апазыцыя слабая, а «радыкалы» выдаюць жаданае за рэальнае.

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня Людміла Гразнова ў цэлым згаджалася з Лагвінцом.

Паводле яе, апазыцыя падзеленая: 1) на тых, хто працуе з грамадзтвам і 2) на тых, хто змагаецца з Лукашэнкам.
Другую групу Гразнова назвала радыкальнай. А маўклівыя акцыі, якія адбыліся ​​ўлетку 2011 году, былі шкодныя, улады выкарысталі іх на сваю карысьць. Паводле яе, байкот падрывае легітымнасьць дзяржаўных інстытутаў і, як і іншыя радыкальныя дзеяньні, грае на руку Расеі. Палітык лічыць, што ўлада цяпер вымушаная ісьці на рэформы, Эўропе трэба больш працаваць з намэнклятурай, а апазыцыя павінна працаваць над мадэрнізацыяй сыстэмы.

Тады Аляксандар Лукашук перапытаўся: «Гэтая мадэрнізацыя павінна адбывацца пры Лукашэнку ці пасьля яго?» Людміла Гразнова: «Ня ведаю».

​​Былы палітвязень Аляксандр Атрошчанкаў з «Эўрапейскай Беларусі» быў катэгарычны ў дачыненьні да ўладаў.

Паводле яго словаў, у сьнежні 2010 году рэжым прайшоў «пункт незвароту», любая імітацыя лібэралізацыі будзе зноў і зноў заканчвацца яшчэ больш жорсткімі рэпрэсіямі.
Прычынай падзелу ў апазыцыі ён бачыць не скіраванасьць на Захад ці Расею, а стаўленьне да рэжыму, наколькі ён рэфармавальны. Паводле Атрошчанкава, улады праводзяць жорсткую лінію рэпрэсіяў, апазыцыі між іншага трэба змагацца за вызваленьне палітвязьняў, і «любая супраца з рэжымам сёньня ёсьць амаральная».

Іншыя ўдзельнікі таксама казалі, што прарасейскай апазыцыі ў Беларусі практычна няма, «за выключэньнем ​​маргінальных групаў», што Лукашэнка страціў падтрымку грамадзтва, а разам з гэтым і легітымнасьць, і любыя заклікі ўмацоўваць яго інстытуты ўлады «ўваходзяць у супярэчнасьць з працэсамі ў грамадзтве».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?