Вольга Захаркава сёння падчас допыту на працэсе Канавалава-Кавалёва заявіла, што яе
«сястру знайшлі ў тры гадзіны начы [12 красавіка]. Апошняй знайшлі. Выбухам яе выкінула на рэйкі. Па ёй цягнік праехаў… Папалам пераехала.
У мяне ёсць прэтэнзіі да метрапалітэна. (…) Машыніст пытаўся, ці ехаць. Дыспетчар даў такую каманду. Навошта ён паехаў?», -- цытуе В.Захаркаву kp.by.
Гэты факт, якія адкрыўся падчас суда, пярэчыць ранейшым заявам аб тым, што ўсе ахвяры тэракту былі вынесеныя з станцыі ў бліжэйшыя пасля выбуху гадзіны.
Не выключаем, што гісторыя з познім вынасам целаў спрычынілася і да блытаніны ў гісторыі Марыны Шубіч.Нагадаем, што СМІ паведамілі, што параненую дзяўчыну знайшлі толькі позна ўвечары, такую інфармацыю распаўсюдзіла сяброўка Марыны. Пазней, аднак, бальніца засведчыла, што дзяўчына паступіла разам з іншымі параненымі.
Пасля выбуху на «Кастрычніцкай» 11 красавіка Аляксандр Лукашэнка быў на месцы трагедыі ўжо праз дзве з паловай гадзіны пасля яе. Прычым у метро ён спусціўся разам са сваім малым сынам Колем.
У красавіку блогеры апублікавалі невядомыя раней здымкі і відэа з эпізоду наведвання метро прэзідэнтам.
На фота відаць, што
Аляксандр Лукашэнка ў суправаджэнні высокіх чыноўнікаў аглядае месца тэракту, калі там яшчэ ляжаць нежывыя людзі.Колю, напэўна, да гэтага месца не падпускалі.
Імаверна, целы нежывых людзей пакінулі на месцы ў інтарэсах следства, аднаўлення карціны падзей.
Мы адрэтушавалі здымак: целы нябожчыкаў размытыя.
Аляксандр Лукашэнка аглядае месца трагедыі. Мы адрэтушавалі здымак: целы нябожчыкаў размытыя.