Я трапіла на суткі ўпершыню ў 2007-м — мяне прэвентыўна затрымалі перад 25 Сакавіка. Суткі — гэта занадта гучна сказана, мяне проста патрымалі ад пятніцы да панядзелка на Акрэсціна, і далі трое сутак постфактум у панядзелак на судзе.

За дзень да гэтага я выправілася ў юрыдычную кансультацыю, каб скласці папярэднюю дамову з адвакатам на выпадак, калі ў дачыненні да мяне будзе нейкі адміністратыўны пераслед. (Адзін сябар з ліку паплечнікаў прымусіў усіх нас гэта зрабіць. Дзякуй за клопат, дарэчы, — бо тады я гэтага так і не сказала).

У кансультацыі я патрапіла на яе — маладую жанчыну-адвакатку. Глянуўшы на мяне ўважліва, яна спытала:

— «Малады Фронт»?

— Так. — Ясна.

Калі мяне ў кампаніі бывалых арыштантаў прывезлі ў суд, яна ўжо прыехала, падбегла да мяне, села побач, абняла, дастала шакаладку з торбачкі, сказала: «Кушай, зайчык». Падышоў мент, гаркнуў на яе: «Гражданочка, отойдіте от задержанной!»

А яна адказала: «Я вам не гражданачка, я яе адвакат!» — і тыцнула яму ў твар сваё пасведчанне.

На судзе яна білася да апошняга. І хоць гэта было няважна, бессэнсоўна, усё вядома загадзя, а ў тым канкрэтным выпадку і нічога трагічнага, мне было істотна адчуваць, што ёй не ўсё адно, што яна побач. І ўразілася я тады вельмі моцна.

Яна падавала скаргі, яна дамагалася адмены прысуду — гэта можа падацца смешным, калі ўлічыць, што прысуд той — трое сутак постфактум. Але я зноўку адчула, што яна побач і што я для яе важная.

Пасля быў суд над Іванам Шылам у Салігорску [у верасні 2007 года — Рэд.], дзе мяне затрымалі зноў. Я правяла ноч у пастарунку, а раніцай судзіць мяне пачалі без адваката і сведкаў. Пасярэдзіне слухання адчыніліся дзверы і ўвайшла яна, змерыла суддзю гнеўным позіркам і сказала:

«Касю? Судзіце? Без адваката?» Страшна стала ўсім. І радасна мне.

Не таму, што я спадзявалася, што ўдзел адваката паўплывае на прысуд, а таму, што ведала — ёй не ўсё адно. І гэта бачылі суддзі, хлуслівыя сведкі, сакратаркі і ўсе-ўсе-ўсе.

Яна абараняла мяне і Кэт пасля затрымання на акцыі на коўзанцы 16 студзеня [2008 года, пасля акцыі прадпрымальнікаў, калі быў жорсткі разгон — Рэд.].

Я дагэтуль памятаю, як яна размазала па сцяне амапаўцаў і мянтоў, што сведчылі супраць нас. Яна выставіла іх папросту ідыётамі. І хаця прысуд нам усё адно быў 15 сутак, мы разумелі — ёй не ўсё адно.

На сутках нам прынеслі скаргі, пададзеныя ёю, каб мы азнаёміліся. Гэта было як вітанне з волі.

Пасля вызвалення мы з Кэт прынеслі ёй у кансультацыю кветкі і пакінулі на яе стале.

Адвакат — гэта не той, хто паўплывае на прысуд. Мы не павінны мець ілюзіяў наконт нашай судовай сістэмы. Сапраўдны Адвакат — гэта той, хто падтрымае ў цяжкі момант, прыйдзе, стане побач, будзе біцца за цябе, нават ведаючы, што сэнсу ў гэтым небагата. Але сэнс ёсць. Дзякуй вялікі, М. Хоць Вы, напэўна, мяне ўжо і не памятаеце, я Вас не забуду.

* * *

 Кася Галіцкая.

Кася Галіцкая.

Кася Галіцкая — актывістка апазіцыі. Працавала перакладчыцай. За кіраўніцтва апазіцыйнай арганізацыяй яе не раз звальнялі з працаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?