4–6 чэрвеня ў Гродна прайшоў рэспубліканскі Фестываль нацыянальных культур. Гэтае свята, якое ладзіцца раз на два гады, горад над Нёманам сустракаў ужо восьмы раз.
Сёлета Фестываль нацыянальных культур быў прысвечаны 65 гадавіне перамогі ў ІІ Сусветнай вайне. Аднак прысвячэнне аказалася збольшага намінальным і адлюстравалася адно ў чыноўніцкіх прамовах, партызанах на цырымоніі адкрыцця ды тэматычным канцэрце.

Насуперак чаканням вялікай часткі гарадзенцаў, сёлетні фестываль мала адрозніваўся ад папярэдніх. Адкрыццё ў першы дзень на стадыёне, на наступны — нацыянальныя падворкі па ўсёй цэнтральнай частцы горада, а на завяршэнне — свята нацыянальнай кухні. Але аб усім па парадку.

Давыд Гарадзенскі і Алег Газманаў

Гонар адкрыць Фестываль выпаў Сямёну Шапіра — новаму кіраўніку Гродзенскай вобласці. Разам з міністрам культуры П.Латушкам, кіраўніком гродзенскага выканкама Барысам Казялковым і іншымі афіцыйнымі асобамі ён ўрачыста адкрыў Фестываль на гродзенскім стадыёне. У афіцыйных прамовах не абышлося без дублявання нядаўняга выказвання А.Лукашэнкі аб адсутнасці ў Беларусі нацыянальных меншасцяў, пасля якіх распачалася тэатралізаваная цырымонія. У ёй рэжысёр У.Сяргейчык здолеў сумясціць несумяшчальнае — Давыда Гарадзенскага на газоне стадыёна замянялі партызаны, савецкія салдаты і вялізная чырвоная зорка, а іх — дзеці ў светлых балахонах. Пасля ўсяго гэтага на стадыёне з’явіўся галоўны нумар праграмы першага дня Фестывалю — Алег Газманаў. Ён не вельмі разумеў, дзе знаходзіцца (блытаўся ў назве свята), але затое спраўна падскокваў, аджымаўся і круціў сальта. Супрацоўнікам гродзенскіх прадпрыемстваў, сярод якіх бясплатна распаўсюджвалі запрашальнікі на цырымонію адкрыцця, канцэрт Газманава і святочны салют, які выбухнуў адразу па ім, спадабаліся.

Тыя жыхары Гродна, што на стадыён не трапілі, задавольваліся канцэртам на Савецкай плошчы ды трансляцыяй са стадыёна. Адмыслова для іх арганізатары фестывалю зладзілі яшчэ адзін феерверк.

«Дзевачкам таксама наліце»

5 чэрвеня на фестывалі было запланавана прадстаўленне нацыянальных падворкаў — менавіта тут прадстаўнікі нацыянальнасцяў, што жывуць у Беларусі, павінны былі дэманстраваць асаблівасці сваіх культур. Сёлета ў Гродна такіх падворкаў паўстала 26 і таму афіцыйная дэлегацыя падзялілася на дзве часткі — адну з іх узначаліў С.Шапіра, а другую — П.Латушка.

Новы кіраўнік гродзенскай вобласці ад самага пачатку прыцягваў вялікую ўвагу журналістаў і наведнікаў фестывалю. Усе памяталі кураж, з якім адзначаў гэтае свята яго папярэднік — Уладзімір Саўчанка. Шапіра пачаў абыход падворкаў з беларускага і напачатку быў стрыманы ў паводзінах, аднак ужо на польскім падворку ён пусціўся ў настальгічныя развагі аб тым, што наведваў сярэднюю школу дзеля пончыкаў, якія яму вельмі падабаліся (акурат пончыкамі пачаставалі С.Шапіру сябры афіцыйнага СПБ. Сябры неафіцыйнага звыкла святкавалі асобна, не чакаючы афіцыйных асобаў). А калі дэлегацыя на чале з кіраўніком вобласці дабралася да украінскага падворка, то новы губернатар пайшоў у народ і пачаў уздымаць чарку з гараджанамі, уладарна загадваючы: «дзевачкам таксама наліце».

Галандская «Sex bomb»

Не адставаў ад спадара Шапіры і П.Латушка. На азербайджанскім падворку ён нават узняў тост за журналістаў. Міністр культуры, што праўда пры гэтым паспяваў рабіць прамовы і ўручаць сімвалічныя ключы ад Беларусі.

Тлумы шараговых грамадзян тым часам ужо святкавалі напоўніцу пераходзячы з падворка на падворак. З іх, гэтых імправізаваных выспаў разнастайных культур, асабліва выдзяляўся галандскі. Хоць галандцы ў Гродна прыехалі не з-пад Гомеля ці Радашковіч, а з Ратэрдама і Амстэрдама, гродзенцам яны запомняцца надоўга. У той час, як большасць нацыянальнасцяў таньчыла пад свае народныя песні, галандцы адрываліся пад «Sex bomb», размахваючы аранжавымі сцягамі ды дэманструючы найлепшыя ўзоры сучаснай гарадской артыстычнай культуры Захаду. Гэткі кавалак Нідэрландаў асабліва спадабаўся моладзі, сабраўшы вакол сябе шчыльны натоўп.

На іншых падворках усё было як звычайна — кітайскія балёнікі і танныя цацкі, расійскае і беларускае піва, шашлыкі ды дзяўчынкі ў стракатых нацыянальных касцюмах. Калі б не шыльды ды нацыянальныя сцягі, адрозніваць падворкі было б складана.

Завяршаўся восьмы рэспубліканскі Фестываль нацыянальных культур святам кухні розных народаў і традыцыйным Горадам майстроў, дзе разнастайныя ўмельцы з усёй Беларусі мелі магчымасць прадаць свае вырабы ды дэманстрацыяй узораў нацыянальнага харэаграфічнага мастацтва.

Відовішчы за кошт хлеба

Тры дні Фестывалю каштавалі каля мільярда рублёў. На прэс-канферэнцыі, якая адбылася перад яго пачаткам, кіраўніцтва Гродна запэўнівала журналістаў, што на 65% Фестываль з уласнай ініцыятывы прафінансавалі прадпрыемствы Гродна і рэгіёна. Верыцца ў такую шчодрасць з цяжкасцю. Тым больш, што вобласць яшчэ чакаюць лідскія дажынкі, на якія таксама прыйдзецца скідвацца.

Гарадзенцы аб фінансаванні свята з уласнай кішэні не думаюць. Фестываль нацыянальных культур для іх ці не адзіная яскравая падзея ў жыцці гэтага заходняга абласнога цэнтра, якая прыцягвае ўвагу ва ўсёй краіне. Таму нават гродзенскія камунальнікі ў фестывальныя дні хадзілі па горадзе ў навюткіх аранжавых камізэльках, павялічваючы тым самым галандскую прысутнасць у Гродне. Ня кажучы ўжо пра бялюткія кашулі міліцыянераў. Што праўда, ня ўсе жыхары Гродна задаволеныя такімі выдаткамі. Аднак для большасці з іх старое рымскае правіла пра хлеб і відовішчы выдатна працуе і сёння. Людзям хочацца свята. А тое, што яно становіцца ўсё больш аднастайным, павялічваючы адно колькасць ўдзельнікаў, не мае вырашальнага значэння.

Глядзіце таксама фотарэпартажы Юліі Дарашкевіч Рэпартаж з адкрыцця Фестывалю нацыянальных культур і Як у Гродне сустракалі новага губернатара.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?