У судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся працэс па справе Вячаслава Касінерава, анархіста, які 12 сакавіка накінуў пятлю на помнік царскаму гарадавому.

Скрыншот з відэа акцыі

Скрыншот з відэа акцыі

Адразу пасля акцыі Касінераў быў затрыманы. Ён быў асуджаны на 15 сутак, але не за акцыю з помнікам, а за ўдзел у «Маршы абураных беларусаў», які прайшоў амаль месяц таму, 17 лютага. Вячаслава прызналі вінаватым у парушэнні закона аб масавых мерапрыемствах.

Акрамя таго падчас суда Касінераву выдалі пастанову аб затрыманні па непасрэдна ўзніклым падазрэнні па артыкуле аб хуліганстве.

Хлопца пакінулі пад вартай пасля адбыцця сутак. Выйшаў ён толькі 21 красавіка, калі мера стрымання была зменена на падпіску аб нявыездзе.

І вось цяпер вырашаецца ці будзе Касінераў пакараны за «апаганьванне» помніка. Максімальнае пакаранне, якое пагражае Вячаславу — да 3 гадоў пазбаўлення волі.

Сам Касінераў перад пасяджэннем сказаў, што віну прызнаваць не збіраецца. 

«Але ж вінаватым мяне прызнаюць, канечне. Што ж тычыцца выраку — не ведаю. Наўрад ці мяне выпускалі, каб пасля ізноў закрыць… Але паглядзім. Я гатовы да любога прысуду», — сказаў хлопец.

На пачатку пасяджэння адвакат Антон Гашынскі папрасіў суддзю далучыць да справы скрыншоты з сайтаў «Наша Ніва» і «Белсат» з навінамі аб учынку Касінерава і каментамі да іх, бо яны «адлюстроўваюць грамадскае меркаванне». Суддзя Аляксандр Петраш хадайніцтва адваката задаволіў.

Пасля Яўген Серакоў, старэйшы памочнік пракурора Маскоўскага раёна Мінска, зачытаў абвінавачванне, згодна з якім Касінераў, «дзейнічаючы з асаблівым цынізмам, супрацьпастаўляючы сябе грамадству, зацягнуў пятлю на шыі скульптуры, пасля чаго нанёс два ўдары рукой па галаве скульптуры».

Касінераў, як і абяцаў, віну ў хуліганстве не прызнаў. Але не стаў адмаўляць, што гэта ён накінуў тую пятлю, і патлумачыў, чаму ён так зрабіў:

«Да гэтага працяглы час праходзілі падзеі, звязаныя з бясчынствамі і празмерным гвалтам з боку супрацоўнікаў органаў. Праходзілі жорсткія затрыманні, у тым ліку і анархістаў, калі людзі проста знікалі і пасля ўжо станавілася зразумела, што яны затрыманыя міліцыяй. Такое я раней бачыў толькі ў фільмах пра бандытаў з 90-х.

Я вырашыў выказаць свой пратэст супраць гвалту і беззаконня».

Увогуле, сам хлопец назваў свае дзеянні «перформансам».

Пракурор пацікавіўся, дзе Вячаслаў набыў вяроўку, як прынёс яе, на якім месцы скульптуры зацягнуў. Пасля спытаў, ці былі нейкія яшчэ дзеянні.

Касінераў паведаміў, што два разы пахлопаў па «твары» скульптуры, каб «замацаваць вобраз».

«Які вобраз вы хацелі надаць і ў чым была неабходнасць пахлопвання?» — спытаў суддзя.

«Я хацеў надаць скульптуры вобраз карніка».

Пракурор паспрабаваў высветліць, як Вячаслаў ставіцца да скульптуры гарадавога.

«Гэта скульптура паліцэйскага часоў Расійскай Імперыі. Гэтая пасада носіць рэпрэсіўны характар у дачыненні да Беларусі», — сказаў Касінераў.

«Але ж агульная мэта ў паліцыі якая?» — спытаў пракурор.

«Спрэчнае пытанне», — адказаў хлопец.

Пасля паказанняў абвінавачванага выслухалі сведкаў. Першым быў Іван Семяненка, салдат тэрміновай службы з унутраных войскаў. Семяненка ахоўвае будынак МУС побач са скульптурай гарадавога.

Ён распавёў, што падчас нясення службы бачыў «перформанс» Касінерава, а пасля і затрымліваў хлопца.

«Скажыце, а хто вам даў заданне прыглядваць за скульптурай гарадавога?» — пацікавіўся адвакат.

«Нам пастаянна ўсе пра гэта кажуць — сачыць!» — адказаў сведка.

Дзмітры Булгак, таксама салдат тэрміновай службы, фактычна паўтарыў паказанні папярэдняга сведкі: незнаёмы падышоў да скульптуры, штосьці зрабіў, нам загадваюць сачыць за скульптурай, таму мы таго чалавека затрымалі.

Сведкі Іван Семяненка і Дзмітры Булгак

Сведкі Іван Семяненка і Дзмітры Булгак

Сам сведка дзеянні Касінерава ацаніў негатыўна.

«А чаму нельга накідваць на скульптуру вяроўку?» — спытаў адвакат Гашынскі.

«Непрыгожа гэта — скульптура з вяроўкай», — падумаўшы адказаў Булгак.

Алена Шамкаловіч, наступная сведка, «ехала дадому на машыне і заўважыла чалавека ў масцы з вяроўкай у руцэ». Жанчына распавяла, што бачыла касінераўскі «перформанс» і затрыманне Вячаслава міліцыяй.

Сама яна ацаніла ўчынак Касінерава «як хуліганства».

Адвакат Гашынскі паспрабаваў пацікавіцца, ці няма ў жанчыны сваякоў у міліцыі, але ж суддзя зняў пытанне.

«А даўно вы тую скульптуру заўважылі?» — спытаў тады адвакат.

«Ну, як мінімум за паўгода да падзей», — адказала Шамкаловіч.

Насамрэч, скульптуру паставілі толькі 2 сакавіка, за 10 дзён да «перформанса».

Увогуле, Касінераў з паказаннямі сведкаў не спрачаўся, за выключэннем аднаго моманту. Усе сведкі сцвярджалі, што нездалёк ад Вячаслава была нейкая дзяўчына. Ён жа запэўніваў, што быў адзін.

Выслухалі таксама і Сяргея Бяспалава, начальніка салдатаў- ахоўнікаў, што затрымалі Вячаслава. Таксама даў паказанні падпалкоўнік міліцыі з Маскоўскага РАУСа, куды прывезлі Касінерава пасля акцыі.

Дала паказанні і Марыя Васільеўна, маці Вячаслава. Яна сказала, што не бачыць ва ўчынку сына чагосьці надзвычай дрэннага.

«У Мінску ёсць скульптуры каней, на іх людзі ўвогуле залазяць», - сказала яна.

«Вы што, не бачыце розніцы паміж канём і скульптурай у форме чалавека?» — абурыў пракурор.

Марына Насенка, дзяўчына — а дакладней ужо нявеста — Вячаслава Касінерава даваць паказанні адмовілася.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?