Глебу Лабадзенку адзін з наведнікаў падарыў яблык

Глебу Лабадзенку адзін з наведнікаў падарыў яблык

Вядоўца курсаў Алеся Літвіноўская

Вядоўца курсаў Алеся Літвіноўская

Курсы пераехалі ў нашмат больш прасторнае памяшканне, у бізнэс-цэнтр «Цівалі», але тут, як звычайна, аншлаг, і крэслаў усё адно ўсім не хапае. Затое падлогі хапае ўсім, хоць танцаваць можна.

Сярод навінак гэтага сезону тое, што ў межах курсаў у бізнэс-цэнтры «Цівалі» цяпер будуць праходзіць выставы. І першы аўтар, чые работы тут ужо можна пабачыць, — славуты астраном і фатограф Віктар Малышчыц. Гэтая выстава пераехала сюды з фестывалю «Камяніца» і бліжэйшыя тры тыдні будзе працаваць у зале «Цівалі».

Пазней тут можна будзе ўбачыць творы Андруся Такінданга, а ў кастрычніку — выцінанкі Вольгі Бабурынай.

Сярод наведнікаў большасць тых, хто ўжо і раней хадзіў на курсы. Але шмат і тых, хто прыйшоў упершыню.

Вольга Платонава раней працавала бібліятэкаркай, таму выставы, канферэнцыі і розныя імпрэзы — звычайнае яе жыццё. На курсы яна ходзіць ужо два гады і кажа, што яны не могуць надакучыць.

«Мову ведаю, але хачу ўдасканаліць, — распавядае спадарыня Вольга. — Тут збіраюцца цікавыя людзі, сюды запрашаюць таленавітыя гурты. Збіраецца шмат моладзі. Можна дазнацца штосьці новае з культуры, гісторыі. Кожныя новыя заняткі не падобныя да папярэдніх. Таму проста трэба прыходзіць. Прытым гэта і размовы, і знаёмствы, і новыя сябры. Вядоўцы выдатныя, з гумарам, добрая атмасфера».

Гісторык культуры Аляксей Шалахоўскі таксама на курсы ходзіць даўно.

«Кожны дзень у горадзе адбываюцца розныя імпрэзы, але ў панядзелак — «Мова Нанова». І гэта самая галоўная імпрэза сярод усіх на тыдні, — мяркуе Аляксей. — Мне цікава паглядзець увечары панядзелка шоу Гігіна, але калі курсы затрымліваюцца, то і я затрымліваюся, бо заняткі на першым месцы. Я закончыў шмат курсаў і, здаецца, можна было б ужо спыніцца, але курсы даюць новае. Адметная для мяне сустрэча была з Зінаідай Бандарэнка. Тут мы пазнаёміліся, абмяняліся нумарамі, цяпер стэлефаноўваемся, размаўляем».

Андрусь Белахвост — юрыст. Упершыню прыйшоў на курсы напрыканцы мінулага сезону. Спадабаўся нетыповы фармат, таму сёлета вырашыў нагнаць тое, што прапусціў.

«Тут, як ні ў якім іншым месцы, можна адчуць сябе беларусам, — кажа Андрусь. — Гэта не лекцыі, тут весела, сюды прыемна прыйсці пасля працы, папрактыкавацца ў мове. Гэта клёвая ініцыятыва, яе трэба падтрымліваць».

А вось упершыню на заняткі прыйшлі ледзьве не цэлай групай студэнты падрыхтоўчага аддзялення медыцынскага ўніверсітэта.

«Прыйшлі, каб мову развіць, каб не саромецца размаўляць. Каб размаўляць свабодна. Ну і мы ж моладзь, за намі будучыня», — гавораць Настасся, Віка, Марына і Аляксандра, дапаўняючы адна адну.

Валянцін Акудовіч

Валянцін Акудовіч

Пасля вітанняў, абвестак, тэорыі, граматычнага і творчага заданняў да мікрафона выйшаў запрошаны госць, беларускі філосаф Валянцін Акудовіч. Гэты тыдзень аб'яўлены Тыднем беларускага мыслення, і першыя заняткі былі прысвечаныя якраз гэтай тэме. 

Сяржук Доўгушаў

Сяржук Доўгушаў

Музычным госцем гэтых заняткаў стаў Сяржук Доўгушаў, «Спеўны сход».

Наступныя заняткі курсаў адбудуцца таксама ў цэнтры «Цівалі» (Прытыцкага, 29) у панядзелак, 26 верасня, а 18.30. Яны будуць прысвечаныя Генадзю Бураўкіну, можна будзе пачуць аповеды даследчыка Сяргея Шапрана і Юліі Бураўкінай, удавы паэта. Музычнага госця анансавалі загадкава — «мегапапулярны спявак, які выпусціў цэлы дыск на вершы Бураўкіна».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?