У лідара партыі «Справядлівы свет» за пяць дзён да заканчэння збору подпісаў было ў актыве 70 тысяч подпісаў. Такую колькасць паказалі падлікі, якія завяршыліся позна ўвечары 17 жніўня, паведаміў Свабодзе кіраўнік ініцыятыўнай групы Калякіна Валер Ухналёў:

«Складанасць сітуацыі ў тым, што тэмпы збору подпісаў падаюць. За апошні тыдзень мы не сабралі нават і дзесяці тысяч. Гэта — дрэнна. Я думаю, нават амаль перакананы, што сто тысяч мы не збяром. На «раптам», канечне, можна спадзявацца. Але будаваць палітыку на гэтым нельга».

У актыве лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі пакуль няма і 70 тысяч подпісаў, распавёў кіраўнік яго выбарчага штабу Леў Марголін:

«Тое, што я казаў мінулым разам, а менавіта, што мы ўжо маем каля 70 тысяч, аказалася вельмі аптымістычным. Гэта ўсё даволі прыблізна. Але, я думаю, пакуль у нас і 70 тысяч не будзе. Калі збіраеш з месцаў інфармацыю праз тэлефон, то хтосці хоча яе крыху падмаляваць. А калі пачынаеш больш падрабязна разбірацца, то бачыш, што гэтага няма.

Аднак усё гэта ў вялікай ступені ўмоўна. У бліжэйшы панядзелак мы плануем правесці прэс-канферэнцыю. І там ужо ўсё будзе раскладзена па палічках. Кожны журналіст зможа пабачыць, што ў нас ёсць насамрэч».

З васьмі патэнцыйных кандыдатаў на прэзідэнта пяць — Аляксандр Лукашэнка, Віктар Цярэшчанка, Сяргей Гайдукевіч, Таццяна Караткевіч і Мікалай Улаховіч — заявілі, што ўжо маюць па 100 тысяч і болей сабраных подпісаў.

Этап збору подпісаў працягваецца да 21 жніўня ўключна.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?