Палярнае ззянне над Беларуссю ў сакавіку 2015 года. Фота: Віктар Малышчыц

Палярнае ззянне над Беларуссю ў сакавіку 2015 года. Фота: Віктар Малышчыц

Зранку 21 чэрвеня назіраліся два моцныя ўсплёскі сонечнай актыўнасці, за імі паследаваў магутны выкід плазмы ўвечары 22 чэрвеня, піша ТАСС. Наступствы зямляне адчувалі з 22 чэрвеня, магнітная бура працягнецца да 25 чэрвеня ўключна.

Моц магнітнай буры спадае. У ноч на 23 чэрвеня яна ацэньвалася ў 9 балаў па 9-бальнай шкале, пад раніцу спала да 7 балаў. Магнітная бура ў ноч на 25 чэрвеня будзе яшчэ слабейшай.

Такая сонечная актыўнасць у чэрвені ацэньваецца як анамальная. Апошняя магнітная бура, параўнальная па моцы з цяперашняй, прайшла ў кастрычніку 2003 года, а апошняя параўнальная па моцы магнітная бура ў летнія месяцы назіралася ў 1991 годзе.

«У ноч на 23 чэрвеня была проста грандыёзная магнітная бура, — распавёў «Нашай Ніве» фатограф і астраном Віктар Малышчыц. — Яшчэ мацнейшая, чым у сакавіку, калі палярныя ззянні былі над усёй Беларуссю».

Але Малышчыц не ўпэўнены, ці давядзецца пабачыць палярныя ззянні на гэты раз: «Бачнасць палярных ззянняў залежыць ад многіх параметраў, і нават пры моцнай буры можа стацца, што ззяння вы не ўбачыце. У нас зараз вельмі светлыя ночы, Сонца глыбока пад гарызонт не апускаецца, таму каб штосьці ўбачыць, трэба каб пыхнула сапраўды фантастычна. Быць можа, больш шанцаў, як ні парадаксальна, будуць мець жыхары поўдня Беларусі, бо там ночы цямнейшыя і даўжэйшыя».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?