Навукоўцы NASA знайшлі сведчанні таго, што акіян на Марсе меў большую плошчу, чым лічылася раней, распавядае The Guardian.

Даследаванні інфрачырвоных здымкаў паказалі, што ў атмасферы Марса ў 6 разоў больш дэйтэрыя (вадароду з адным пратонам і адным нейтронам у ядры), чым у атмасферы Зямлі. У адрозненне ад простай вады, якая ўлятучылася ў космас з цягам часу, цяжкая вада (у склад якой уваходзіць дэйтэрый) цяжэй пакідала планету.

У снезе на паўднёвым полюсе знайшлося багата цяжкой вады — навукоўцы робяць выснову, што і звычайнай вады было больш, чым меркавалася раней.

Каля 87% марсіянскага акіяна выпарылася ў космас, на планеце засталося толькі 13% колішняй вады. А некалі вады на Марсе мусіла хапіць на акіян глыбінёй не менш за 137 метраў.

Меркаваны акіян знаходзіўся ў нізіннай раўніне ў паўночным паўшар’і і займаў 20% паверхні планеты.

Лічыцца, што возерам быў і кратар Гейла, у якім зараз знаходзіцца марсаход Curiosity. Некаторыя тэорыі кажуць, што багата вады на Марсе засталося пад паверхняй.

Пакуль кліматычныя мадэлі старажытнага Марса недасканалыя. Пад пытаннем тое, як ён мог быць дастаткова цёплым у ранні перыяд: цеплыню маглі даць парніковыя газы, але пакуль не знойдзена дастатковых іх слядоў.

Пошукі марсіянскай вады і магчымых слядоў жыцця на Марсе працягнуцца з запускам у 2018 годзе марсаходу Еўрапейскага касмічнага агенцтва.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?